Гэты арсенал ужо не прынясе бяды

Як паведаміў рэдакцыі старшы інспектар па дазвольнай рабоце ААПП РАУС Андрэй Жарнасек, праваахоўнікі падвялі вынікі спецыяльнага комплекснага мерапрыемства “Арсенал”, якое праводзілася на працягу мінулага тыдня. 

Многія жыхары раёна паступілі ўзважана і разумна – дабравольна выдалі супрацоўнікам міліцыі гладкаствольныя ружжы, якім па “ўзросце” даўно патрабавалася ўтылізацыя. Менавіта такі алгарытм дзеянняў выбралі для сябе тры жыхары райцэнтра і два вяскоўцы з Нарашоў і Орлі. А жыхар аграгарадка Васілішкі па ўласнай ініцыятыве здаў зарэгістраваны стары газавы пісталет і некалькі патронаў да яго. Між тым, адзін з гараджан паступіць такім чынам не захацеў, таму развітанне з ружжом, тэрмін дазволу на якое даўно сышоў, і патронамі да яго атрымалася не па ўласнай волі. На ўладальніка арсенала складзены адміністрацыйны пратакол.
Прадбачлівы жыхар райцэнтра, натрапіўшы ў лесе паблізу ст. Ражанка на ствол са ствольнай каробкай, пакрыты карозіяй, які, па ўсім відаць, застаўся тут з часоў Вялікай Айчыннай вайны, адразу перадаў незвычайную знаходку супрацоўнікам міліцыі. Арсенал з агнявых саракавых гадоў – два артылерыйскія снарады – адкапаў на сваім агародзе і вясковец з хутара Арлова Гара. Боепрыпасы абясшкодзіла група размініравання.
– Пры дабравольнай здачы зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў, якія незаконна захоўваліся, грамадзяне вызваляюцца ад крымінальнай і адміністрацыйнай адказнасці, – нагадаў Андрэй Жарнасек.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!