Газ даставяць у любое надвор’е

У нашым раёне налічваецца больш за 12 тысяч абанентаў звадкаванага газу. А ў брыгадзе Шчучынскага раёна газазабеспячэння, якая непасрэдна займаецца дастаўкай балонаў насельніцтву, – толькі чацвёра работнікаў. Нагрузка на мужчын каласальная. Таму перад іх працавітасцю, вынослівасцю і, калі хочаце, самаахвярнасцю хочацца паважліва схіліць галаву.

У апошні час колькасць абанентаў скарацілася. “Прарэдзілі” іх рады дэмаграфічны фактар і працэс газіфікацыі прыродным газам, тлумачыць начальнік Шчучынскага раёна газазабеспячэння М.В. Карповіч. І дадае: за многія гады выканання гэтай сацыяльна значнай функцыі газаўшчыкі набылі вялікі вопыт. У адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўных дакументаў аптымальны тэрмін дастаўкі газу – не радзей аднаго разу на два тыдні. Між тым, падкрэслівае Мікалай Вікенцьевіч, у населеных пунктах нашага раёна машыны з балонамі з’яўляюцца адзін раз на тыдзень, а ў аграгарадках і пасёлках гарадскога тыпу – двойчы на тыдзень. Гэта зроблена “з мэтай дасягнення максімальнай зручнасці для спажыўцоў”. У графік дастаўкі ўваходзіць і субота – як адзіны для многіх людзей дзень, калі яны свабодныя, каб атрымаць паслугу. 


Участак па дастаўцы звадкаванага газу аснашчаны новай тэхнікай – спецыяльна абсталяванымі аўтамабілямі ГАЗ-53, на борце кожнага – 58 балонаў. Раніцой на лінію выязджаюць дзве “клеткі”, пры павелічэнні заказаў – тры. За дзень “накручваюць” на колы да 300 кіламетраў. “Ніколі перашкодай для дастаўкі балонаў не служылі дрэнныя ўмовы надвор’я. Не было такога, каб машыны не выехалі ў рэйс ці вярнуліся на базу, не давёзшы газ спажыўцу”, – запэўнівае Мікалай Вікенцьевіч. Часта працэс дастаўкі зацягваецца да позняга вечара. Работа патрабуе сілы і вынослівасці (не проста штодзень 58 балонаў загрузіць-разгрузіць і потым пустыя ёмістасці здаць на склад), да таго ж – павышанай адказнасці. Два вадзіцелі-экспедытары і два слесары-заменшчыкі працуюць плячо да пляча.
– Яны не проста тэхнічную работу выконваюць, а абслугоўваюць насельніцтва, забяспечваюць запыты людзей, – акцэнтуе ўвагу дырэктар. – І робяць гэта хлопцы з усёй адказнасцю, з павагай да спажыўцоў. Візітная картка калектыву – абавязковасць: да самай аддаленай вёсачкі і адзінокага хутара і ў разводдзе, і ў снегапад даставяць газ. За час маёй работы не было выпадку невыканання брыгадай абавязацельстваў перад абанентамі. Строгі нумарны ўлік ёмістасцей з газам, адноўлены ў нашай арганізацыі 20 год назад, не дапускае несанкцыянаванай замены балонаў, крадзяжу газу. Падключыўшы балон, нашы абавязкова ацэняць тэхнічны стан газавага абсталявання, пліты. Да таго ж могуць замяніць гібкі шланг, рэдуктар, адрэгулююць гарэнне канфорак.
Больш за 20 гадоў у гэтай службе Валерый Іосіфавіч Налівайка. Мае выдатныя навыкі кіравання аўтамабілем, што вельмі важна пры перавозцы небяспечных грузаў. “Паважлівы, спакойны, канкрэтны ў дзеяннях. Ніколі не меў нараканняў ад людзей, не падвёў ні мяне як кіраўніка, ні нашу арганізацыю”, – ганарыцца падначаленым Мікалай Вікенцьевіч Карповіч. Такой жа “закваскі” і вадзіцель другога экіпажа – Віталій Самсонавіч Крупіца. Работу ведае дасканала, яго аўтамабіль заўсёды ў спраўным стане – пры неабходнасці і ноччу адрамантуе... Прынцыповы, калі справа датычыцца выканання абанентам тэхнічных патрабаванняў. Салідны стаж працы і ў слесара Аляксандра Сяргеевіча Іванчыка. Па словах дырэктара, гэта самы адказны работнік у частцы захавання тэхнічных патрабаванняў пры карыстанні газавым абсталяваннем. Пры замене балонаў яго зоркае вока абавязкова заўважыць, а залатыя рукі ліквідуюць любыя няспраўнасці. Балоны з праблемамі нізавошта не дапусціць да ўстаноўкі, а ад гаспадара дома настойліва патрабуе замены няспраўнага рэдуктара ці пліты. Канешне, не ўсім яго цвёрдая пазіцыя падабаецца, між тым гэта дазволіла не раз папярэдзіць бяду. “Хацелася б, каб спажыўцы выконвалі нашы патрабаванні. І зразумелі, што ўсё гэта дзеля іх жа бяспекі”, – аднадушныя ў сваім меркаванні члены брыгады.


 Хваліць кіраўнік і самага маладога па гадах працы члена гэтай дружнай каманды. Валяр’ян Іванавіч Лісай – паважлівы ў зносінах з людзьмі, акуратны ў рабоце. Добрыя словы гучаць і ў адрас падменнага вадзіцеля Войцеха Іванавіча Гайдукевіча, і кладаўшчыка Аляксея Віктаравіча Царэвіча.
Вось ужо два гады кіруе шыракаплечымі мужчынамі маладая жанчына – майстар Г.Г. Шырокая. Абавязкі ў яе сур’ёзныя: вядзе ўлік і рэгістрацыю газабалонных установак, заключае дагаворы на дастаўку газу, робіць аналіз якасці абслугоўвання... Работай экіпажаў задаволена. Сама ж Галіна Гендрыхаўна заслужыла павагу сваёй чалавечнасцю і адказнымі адносінамі да справы. Майстар – юрыст па адукацыі, што вельмі дарэчы, калі ўзнікаюць пытанні прававога характару.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. 
Фота аўтара.

Средняя: 5 (2 оценки)

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)