Гадавы справаздачны канцэрт педагогаў і выхаванцаў Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі выліўся ў грандыёзнае свята для ўсяго горада

І толькі шкада, што глядзельная зала раённага цэнтра культуры і народнай творчасці можа прыняць усяго каля паўтысячы чалавек.

Не асобныя лепшыя знакавыя нумары, а прафесійна скампанаваная праграма прадэманстравала, чаго можна дасягнуць у рэчышчы мастацкай творчасці, калі рухацца да вялікай сцэны штодзённа, мэтанакіравана і з душой.

 Атрымаўшы яркія святочныя ўражанні, ниякавата называць імёны педагогаў у нейкай штучнай паслядоўнасці, каб кагосьці не пакрыўдзіць, бо ўсе яны ў цэлым і паасобку таленавітыя і на працягу многіх гадоў здзіўляюць сваімі здольнасцямі і поспехамі сваіх выхаванцаў. Таму… Таму напачатку традыцыйна засведчым спрадвечную ісціну, што асноўнай прадумовай у творчым працэсе было і ёсць яго вялікасць натхненне.

Натхненне

Пачаўся канцэрт грацыёзным вальсам, а бадзёрая, жыццярадасная, гарэзная Надзея Санько з сучаснай  стылізацыяй беларускай народнай песні «Мельніца» канчаткова ўсталявала святочную атмасферу ў зале. Падтрымала сяброўку яшчэ адна спявачка – Паліна Каравайская – таксама з беларускай песняй.  Абедзьве – салісткі папулярнай студыі эстраднай песні «Апрель», якой шмат год кіруе Святлана Іванаўна Аляксеева. Каля пятнацаці вёснаў студыя заслужана носіць званне ўзорнай,  і пра ўзровень выканання яе удзельнікаў ганаровае званне гаворыць найлепш.

Літаральна адразу пасля веснавога жаночага свята на ІІІ Міжнародным конкурсе-фестывалі мастацтваў «Музыки свет» дуэт у складзе Валерыі Кос і Паліны Бекіш атрымаў дыплом першай ступені ў намінацыі «Эстрадны вакал». Дома, на шчучынскай сцэне, іх даўно прымаюць за прафесіяналаў. «Божанька яе пацалаваў», – толькі і сказала пра Паліну кіраўнік студыі. Сапраўднай прымай на справаздачным канцэрце са сваёй складанай для выканання песняй свяцілася на сцэне Валерыя Кос. Музычны вобраз, створаны юнай спявачкай, запамінальны і яскравы, як прыгожы сонечны дзень. Нездарма нашаму дуэту дыплом ўручаў вядомы беларускі спявак Пётр Ялхімаў, які працуе зараз у Маскве. Зусім нядаўна выхаванкі Святланы Іванаўны сталі лаўрэатамі І ступені на Міжнародным дыстанцыйным фестывалі «Калейдаскоп талентаў. Зіма 2018» у Рэспубліцы Польшча і атрымалі падарункавы сертыфікат на ўдзел у вочным летнім фестывалі.

Арцёму Гайдуку варта апладзіраваць ужо толькі за мужнасць і смеласць: хлопцаў на сцэне, акрамя двух вядучых і ансамбля гітарыстаў, больш і не засвяцілася. Чамусьці лічыцца, што сёння мужчыны павінны займацца ці спортам, ці тэхнічным мадэліраваннем. А Арцём сваім чыстым лірычным высокім голасам сцвердзіў адваротнае. Яго «Мама» выклікала шмат эмоцый і запомніцца надоўга.

Найбольш цаню мэтанакіраванасць і ганаруся дыпломамі сваіх выхаванцаў, бо там і іх, і мая праца адначасова, – развівае думку Святлана Іванаўна. І гэта стыль яе жыцця, і нездарма адной вясной атрымала педагог віншаванне з жаночым святам ад Прэзідэнта краіны. І якой бы да педантычнасці патрабавальнай яна ні была пры пошуку талентаў, пры адборы, а потым у штодзённай працы, дзеці разам з бацькамі шукаюць шляхоў, каб трапіць ва ўзорную студыю «Апрель».

 У розных месцах краіны працуюць выпускнікі Святланы Аляксеевай. Антон Грыневіч, да прыкладу, вучыцца вакалу у Кракаўскай кансерваторыі. Многія выпускнікі прыязджаюць, каб наведаць студыю, дзе ўсе сцены ў граматах і дыпломах. Пад вокнамі  ў перапынку паміж заняткамі змаўкае фартэпіяна, тут жа – сучасная апаратура, мікрафоны. Вось-вось зойдзе заўсёды ўдумлівая і засяроджаная Святлана Іванаўна са сваім акампаніятарам, і жыццё, насычанае пошукам і настоенае на перамогах, прадоўжыцца.

Элегія душы

  • А чаму «Элегія»? – пытаюся ў Ірыны Анатольеўны Краўчук, кіраўніка студыі эстраднага вакала палаца.

Усё, аказваецца, вельмі проста: яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце яна на дзяржаўным экзамене па спецыяльнасці выконвала твор Бабаджаняна пад такой назвай, і музыка запала ў душу на ўсё жыццё. А выхаванцы педагога падтрымалі крыху сумнаватую, але ўдумлівую класічную назву для сваёй студыі.

Рэпертуар жа ў юных артыстаў вельмі разнастайны, як і галасавыя здольнасці, унутраны свет выканаўцаў, пра што сведчаць самыя  «свежыя» дыпломы ўдзельнікаў студыі. Так, на І Адкрытым рэспубліканскім творчым конкурсе «Паруса мечты» Соф’я Хільмановіч атрымала найвышэйшую ацэнку ў намінацыі «Эстрадны вакал», а Анастасія Жагунь і Яна Мікула былі трэцімі ў намінацыі «Вакальны дуэт». Салістка студыі Анастасія Жагунь не раз дэманстравала на роднай сцэне зайздросную артыстычнасць, у яе запамінальны голас шырокага дыяпазону з адметным тэмбрам. У справаздачным выступленні дзяўчына вельмі эфектна з дапамогай мадуляцыі ўзвысіла песню ў фінале, надала ёй другое дыханне.

Шмат апладысментаў на канцэрце атрымала яшчэ адна салістка студыі, Паліна Цыбульская з яе унікальным інтанаваннем мелодыі, па-сталаму драматычным сапрана. На нядаўнім творчым конкурсе «Радасць мая», які стаў працягам рэспубліканскага фестывалю сучаснай хрысціянскай культуры, Паліна ўдастоена дыплома «За вялікі ўклад ў зберажэнне і развіццё традыцыйнай нацыянальнай культуры і духоўна-маральнага выхавання гледачоў». А Лізавета Хіцеева ўразіла адметнай тэмбравай афарбоўкай голасу пры выкананні як лірычных народных твораў, так і сучасных эстрадных.

Пра кіраўніка студыі намеснік дырэктара ўстановы Анжэла Станіславаўна Турэвіч адазвалася як пра ініцыятыўнага, энергічнага, камунікабельнага педагога. Яна і актрыса на ўсіх святочных мерапрыемствах, яна і кіраўнік на грамадскіх пачатках квартэта «Новы раманс» у складзе работнікаў палаца і раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Сама стварае сучасныя аранжыроўкі да песень, сама з сябрамі іх спявае. У канцэрце квартэт, як і належыць прафесіяналам, прагучаў пераканаўча, па-сапраўднаму прафесійна, на адным дыханні, што і стала адным з своеасаблівых эпіцэнтраў праграмы ў той дзень. Як, зрэшты, і выступленне групы юных музыкантаў-інструменталістаў з салісткай Лізаветай Хіцеевай пад кіраўніцтвам яшчэ аднаго педагога палаца, Леаніда Францавіча Бортніка.

Кантрасты

Штодня апошняй, апроч адміністрацыі, пакідае палац кіраўнік танцавальнага калектыву «Кантрасты» Таццяна Дзмітрыеўна Дзякевіч. Шэсць танцавальных груп у яе калектыве, удзельнікі якіх – ад  шасцігодак  да выпускнікоў школ. І кожная група юных грацый падарыла гледачам свой эфектны нумар ў справаздачны дзень. Танец наогул прыносіць душы эмацыянальны настрой, а «Кантрасты» – асабліва, бо яны кантрасныя, чуллівыя да розных рытмаў і элементаў іх выражэння. Дзеці самі часта ўносяць прапановы ў змест танца, карыстаючыся і сваімі ўяўленнямі, і інтэрнэтам.

  • Люблю танец, люблю сваіх дзяцей,  падабаецца разам з імі прыдумляць элементы танца, асабліва гумарыстычныя, – коратка характарызуе педагог сваю дзейнасць.

А які клопат з касцюмамі: што ні танец – то новая калекцыя. Касцюмерная калектыву – і фантазія свая, і выкананне сваё. Таму бацькі танцораў заслугоўваюць асаблівай пашаны і падзякі за падтрымку. І ім, канечне, было прыемна падчас канцэрта бачыць на сцэне сваіх крывінак прыгожымі і жыццярадаснымі.

«Кантрастам» часта апладзіруюць у самой сталіцы, напрыклад, толькі апошнім часам за 2-ое месца на конкурсах «Беларускія таленты» і «Калядная зорка-2018». У лютым танцоры  аб’яднання былі ў ліку толькі двух запрошаных з Гродзенскай вобласці калектываў на міжнародны фестываль-конкурс сучаснага харэаграфічнага мастацтва «Zа гранью», дзе сярод больш як пяцісот удзельнікаў па суме балаў сталі дыпламантамі І ступені. Між іншым, на апошнім конкурсе нашы танцоры атрымалі сертыфікат на паездку ў Балгарыю. Як і шчучынскі «Апрель».

Як сімвалічна гучалі гітары…

Задушэўна і задуменна заўсёды жывуць гітары. А калі на сцэне іх, як ў той дзень, адзінаццаць, ды ў руках дзяўчат, ды з песняй «Па небе плывуць аблокі», то хочацца пачаць верш радком: як сімвалічна гучалі гітары… Гэта аб’яднанне па інтарэсах «Акорд», у якім акрамя звычайнага складу аб’яднання  некалькі адгалінаванняў: дзявочае «Экстрым» і хлапечае «Black and whit». Кіруе аб’яднаннем педагог Святлана Віктараўна Ткачук, займацца ў якой, як і ў яе калег, імкнуцца многія падлеткі. Салісты Цімур Планоў і Алена Чарняк. Некалькі ўзроставых груп. Творы беларускіх і замежных кампазітараў. А ў маі справаздачны канцэрт гітарыстаў для бацькоў зноў збярэ поўную залу.

Гледачы, як гэта бывае ў хвіліны найбольшага ўзрушэння і ўдзячнасці, віталі ў фінале артыстаў стоячы. І толькі Ірына Пятроўна Дзегцярова, дырэктар палаца творчасці, апладзіравала адпаведна стану сваёй душы прыцішана, стрымана, у роздуме: яна найлепш за ўсіх прысутных ведала, колькі душэўных і фізічных сіл укладзена ў яркае выступленне выхаванцамі і педагогамі палаца, і не толькі тымі, хто быў на сцэне і за кулісамі.. Проста благаслаўляла ў гэтыя хвіліны іх на будучае, бо заваяваны творчы ўзровень установы  трэба ўтрымаць і развіць. А гэта ой як няпроста і ганарова адначасова!

Рычард БЯЛЯЧЫЦ.

Фота Людмілы НЕМНЫ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!