Энергія святла і... жыцця

Сёлетні год юбілейны для адной з самых важных для рэгіёна службаў – філіяла “Гродзенскія электрычныя сеткі” РУП “Гроднаэнерга”, а значыць, і для яго структурнага падраздзялення – Шчучынскага раёна электрычных сетак. Вось ужо на працягу 60 год гэта арганізацыя гарантуе надзейнае і бесперабойнае забеспячэнне спажыўцоў электраэнергіяй. Гэта знакавая падзея стала нагодай для сустрэчы і гутаркі з начальнікам РЭС Аляксандрам Паўлавічам Асовікам.

– Аляксандр Паўлавіч, зрабіце, калі ласка, невялікі экскурс у гісторыю энергазабеспячэння і электрасетак...
– Па звестках, электрычнасць з’явілася ў Шчучыне яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны. Пазней электразабеспячэнне спажыўцоў адбывалася ад газагенератарных і лакамабільных установак фанернага завода і млына на скрыжаванні вуліц Кірава і Гастэлы. У пачатку 50-х гадоў тут працавалі дызельныя генератары на базе танкавых рухавікоў. А ў красавіку 1956-га ў горадзе ўвялі ў эксплуатацыю ВЛ 35 кВ Ліда-Шчучын працягласцю 61,82 км – першую ў раёне лінію, якая атрымала ток ад Лідскай ЦЭЦ. Тады ж на падстанцыі з’явіўся і першы трансфарматар. З кожным наступным годам энергасетка ўсё больш пакрывала раён... 
– Аляксандр Паўлавіч, ведаю, што ў слаўны летапіс РЭС адметнай старонкай уваходзіць і Ваша працоўная біяграфія.
– Сапраўды, 30 год таму, у красавіку 1987 года, я прыйшоў сюды на працу. Пачынаў з пасады майстра вытворчага ўчастка, працаваў старшым майстрам, дыспетчарам, галоўным інжынерам, а з 2013 года ўзначаліў, без перабольшвання, родную арганізацыю. Быў відавочцам і непасрэдным удзельнікам працэсаў рэарганізацыі, мадэрнізацыі, іншых добрых змен, якія адбываліся тут.
– Несумненна, вытворчы патэнцыял РЭС перыяду мінулага стагоддзя і сённяшні моцна розняцца. Якія змены адбыліся за апошні час?
– Да прыкладу, у 1959 годзе ў Шчучынскім участку электрасетак працавала 12 чалавек, меліся 2 аўтамашыны, на абслугоўванні знаходзілася адна ВЛ 10 кВ, па якой забяспечваўся Шчучын. А цяпер наш калектыў – гэта 134 работнікі. Аб’ём абслугоўвання – звыш 2500 кіламетраў паветраных ліній электраперадач, 178 кіламетраў – кабельных, 754 трансфарматарныя падстанцыі. На базе РЭС працуе адзіная ў Гродзенскіх электрасетках міні-ЦЭЦ. Каб падтрымліваць гэту гаспадарку ў належным стане, пастаянна абнаўляем матэрыяльна-тэхнічную базу. Толькі за апошні час набылі кран, прычэпы для перавозкі апор, дзве свідравальныя ўстаноўкі, экскаватар, дызель-генератары... Ёсць сучасная майстэрня для рамонту тэхнікі і абсталявання. Сёння ў нас прастор і камфорт для работы ўсіх службаў і падраздзяленняў. Вядзецца рэканструкцыя дыспетчарскай з абнаўленнем шчыта, праектуецца мыйка аўтамабіляў і прыбудова да адміністрацыйнага будынка з актавай залай. Вялікую ўвагу ўдзяляем пытанням аховы і бяспекі працы, забеспячэнню работнікаў спецадзеннем.
Развіццё інфраструктуры, удасканаленне гаспадаркі электрасетак – гэта патрабаванне часу. Усе новыя аб’екты на Шчучыншчыне – фермы і комплексы, дамы і жылыя мікрараёны падсілкоўвае электраэнергіяй наш РЭС. Пастаянна працуем над павышэннем надзейнасці энергазабеспячэння. У аграгарадках замянялі голыя правады на ізаляваныя, звычайныя лямпачкі ў вулічных ліхтарах – на энергазберагальныя. Да прыкладу, нядаўна па праграме “Камфортнае жыллё” новая электралінія з’явілася ў вёсцы Кронькі.
Ва ўсе часы нашай галоўнай задачай было надзейнае і бесперабойнае забеспячэнне электраэнергіяй насельніцтва, аб’ектаў народнай гаспадаркі і сацыяльнай сферы. “Прадукт”, які пастаўляем сваім 24 тысячам абанентаў, – гэта, вобразна кажучы, энергія святла і... жыцця. Што сёння значыць застацца без электрычнасці? Любы збой у электрасетцы парушае рабочы працэс, камфорт людзей і псуе настрой. Так што наша служба па сваёй сутнасці жыццядайная. 
– Якое структурнае падраздзяленне галоўнае ў электрасетках?
– Усе нашы службы – шасцерні аднаго механізма, а значыць, усе вельмі важныя ў рабочым працэсе. Своеасаблівы цэнтр кіравання “палётамі” знаходзіцца ў руках аператыўна-дыспетчарскай групы (кіраўнік Г.С. Серахан). Дыспетчар і тры аператыўна-выязныя брыгады дзяжураць кругласутачна: сочаць за патокамі электрычнасці, накіроўваюць іх у патрэбнае рэчышча. Наш дыспетчар, у адрозненне ад калег з іншых арганізацый, не толькі прымае сігналы аб збоях у энергазабеспячэнні, аварыйных сітуацыях, ён яшчэ кіруе ліквідацыяй пашкоджанняў і іншымі работамі. Адсюль падаецца каманда на аператыўнае рэагаванне рамонтным брыгадам. Іх у нас дзевяць. Адна, дарэчы, займаецца рамонтам высакавольтных ліній электраперадач без адключэння напружання. Граматныя дзеянні прафесіяналаў дазваляюць хутка вяртаць спажыўцам святло, цяпло і ўтульнасць. Таксама нашы спецыялісты займаюцца абслугоўваннем і рамонтам паветраных ліній, трансфарматарных падстанцый, вулічнага асвятлення, абслугоўваннем прыбораў уліку. Нясуць вахту і ў будні, і ў святы. 
Зладжанай работай вызначаюцца служба збыту пад кіраўніцтвам Ю.Ю. Сільвановіча, планава-тэхнічная група, якую ўзначальвае М.М. Карповіч, служба механізацыі на чале з І.І. Бадзяком...
– Слаўныя старонкі біяграфіі РЭС напісаны людзьмі...
– І хаця прафесія энергетыка ніколі не была лёгкай, нашых людзей не палохаюць высокая адказнасць, напружаны рэжым працы і рызыка. З гадамі ўтварыўся залаты фонд калектыву, які дапаўняе здольная моладзь. Прафесіяналамі высокага класа РЭС славіўся ва ўсе часы. Пералічыць іх усіх проста немагчыма. Так, амаль тры дзясяткі гадоў кіраваў электрасеткамі Г.А. Зуеў. Узоры самаадданай працы паказвалі і паказваюць Я.А. Жвірбля, А.А. Лукша, В.Г. Лях, Г.П. Кіенка, Д.У. Бондараў, М.М. Гарошка, П.А. Сяўко. М.Р. Шэўчык, А.М. Тарскіх, Л.А. Кахновіч, В.Э. Гайдукевіч, У.У. Сабадаш, Р.У. Мароз і многія, многія іншыя.
Вялікі дзякуй за самаадданую працу, шаноўныя “рэсаўцы”! Упэўнены, уласцівыя вам прафесіяналізм і высокі ўзровень адказнасці дазволяць паспяхова справіцца з пастаўленымі задачамі. Жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, удачы, дабра. А галоўнае – бяспечнай і безаварыйнай работы. А спажыўцоў хачу запэўніць: святла хопіць усім!
Гутарыла Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!