“Энергія – гэта рухавік жыцця” – у гэтым перакананы старшы майстар Астрынскага АЭП Мечыслаў Жук, які працуе ў энергетыцы ўжо 35 гадоў

 

Астрынскі апорна-эксплуатацыйны пункт, які ўваходзіць у склад Шчучынскага РЭС, забяспечвае электраэнергіяй амаль палову раёна. А ўзначальвае гэта вытворчае падраздзяленне старшы майстар Мечыслаў Жук, які працуе ў энергетыцы ўжо 35 гадоў.

 

– Я нарадзіўся ў невялічкай вёсцы Рынкаўцы, што ля Новага Двара, – гаворыць Мечыслаў Іванавіч. – Скончыў восем класаў мясцовай школы і паступіў у Жыровіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум на факультэт “электрафікацыя сельскай гаспадаркі”. З чым быў звязаны выбар будучай прафесіі? Будучы школьнікам, назіраў, як праз нашу вёску “цягнулі” паветраную лінію электрасетак на падстанцыю ў Грамках. Мы з сябрамі часта гулялі з энергетыкамі ў футбол, а тыя пускалі нас да сябе ў вагончыкі, дзе было мноства абсталявання. І ўсім нам тады хацелася стаць такімі жа моцнымі і вынослівымі. Менавіта аб гэтым я напісаў традыцыйнае школьнае сачыненне на тэму “Кім хачу стаць”. Як бачыце, мая мара спраўдзілася!
У 1983 годзе пасля атрымання дыплома Мечыслаў Жук быў размеркаваны на працу электрыкам у адну з гаспадарак Воранаўскага раёна. Толкам унікнуць у вытворчасць не паспеў – маладога хлопца забралі ў армію.

 

– Служыць давялося ў ракетных войсках, дзе займаўся абслугоўваннем шахт для ядзерных ракет, – дзеліцца наш субяседнік. – Наша ваенная часць размяшчалася ў лясным масіве на рацэ Волга і ў той час была строга засакрэчана. Жылі мы ў ізаляваным ваенным гарадку са сваёй інфраструктурай. Для мяне, выхадца з вёскі, умовы былі прымальныя, але некаторым не хапала адкрытай прасторы. Што й казаць, я і сам упершыню пакінуў лес і выйшаў у поле толькі на другім годзе службы.

 

Пасля дэмабілізацыі Мечыслаў Жук вярнуўся дадому і некалькі месяцаў працаваў майстрам па энергетычнай частцы ў саўгасе “Навадворскі”. Ужо тады адчуў, што энергетыка – яго прызванне, і ўладкаваўся ў Шчучынскі раён электрасетак на Астрынскі апорна-эксплуатацыйны пункт. Пачынаў электраманцёрам, але кіраўніцтва арганізацыі хутка заўважыла дысцыплінаванага, працавітага і адказнага маладога спецыяліста і ўжо праз некалькі месяцаў павысіла да майстра.

 

 – У энергетыкі ідуць моцныя і вынослівыя людзі, бо працаваць даводзіцца ў любое надвор’е, – зазначае Мечыслаў Іванавіч. – Як толькі здараецца буран, лівень, моцны мароз або снегапад – я ведаю, што клопатаў у нас значна прыбавіцца. Трывожныя выклікі могуць паступіць у любы дзень і нават сярод ночы. Спачатку да такога напружанага графіка было цяжка прывыкнуць. Аб гэтым не па чутках ведае мая жонка Лілія Сельвестраўна. Неяк хутка пасля нашага вяселля мяне ўвечары выклікалі на ліквідацыю аварыі. Мы займаліся рамонтам абрыву электрасетак амаль да самай раніцы. Калі вярнуўся дадому, то ўбачыў, што каханая заснула на кухні, так і не дачакаўшыся мяне. Але яна заўсёды ставілася да гэтага з разуменнем.
Сёння ў Астрынскім АЭП працуюць 12 высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія адказваюць за бесперапынную работу пяці падстанцый – у Грамках, Збражках, Першамайску, Астрыне і ў Васілішках. Акрамя таго, яны абслугоўваюць 820 кіламетраў паветраных ліній 10 кВ і 826 кіламетраў ліній 0,4 кВ.

 

– Штодзень наша рамонтная брыгада працуе згодна з распрацаваным графікам экслуатацыйных работ, – працягвае наш герой. – У бягучым годзе мы замянілі звыш 100 апор ліній электраперадач. Таксама рэгулярна праводзім іх агляд і рамонт: замяняем зношаныя вязкі, ізаляцыю і провад. Аператыўная брыгада знаходзіцца на дзяжурстве і ў выпадку паступлення адпаведнага сігналу з цэнтральнай дыспечарскай адразу выязджае на месца аварыі для яе ліквідацыі. Для якаснага выканання сваіх прафесійных абавязкаў у нас “на ўзбраенні” ёсць увесь неабходны інструментарый, а таксама дзяжурная машына на базе “Газелі”, брыгадная машына “ГАЗ-33088”, пад’ёмнік-вышка на базе трактара МТЗ-82 і трактар з лафетам. Пры неабходнасці бурылкі і краны бяром у Шчучынскім РЭС.

 

– Калектыў у нас даволі малады: сярэдні ўзрост складае прыкладна 35 гадоў, – кажа Мечыслаў Жук. – Мы надаём вялікую ўвагу бяспецы нашых работнікаў: усе яны носяць наручныя гукавыя індыкатары, якія рэагуюць пры набліжэнні да адкрытай крыніцы напружання, а таксама забяспечаны шлемамі, вогнетрывалымі спецкасцюмамі і спецабуткам. Кожны штогод здае экзамен па ахове працы, а раз у тры гады праходзіць атэстацыю па тэхнічнай эксплуатацыі.

 

Тэхналогіі не стаяць на месцы, асабліва ў энергетыцы. Сёння ўжо мноства вытворчых працэсаў аўтаматызаваны. Да прыкладу, калі раней адключыць пэўную секцыю можна было толькі прыбыўшы на месца, то цяпер гэта можна зрабіць пры дапамозе камп’ютара ў цэнтральнай дыспетчарскай. Яшчэ адно новаўвядзенне – замена электралініі 10 кВ на ізаляваны провад: ён вытрымлівае падзенне галін дрэў, з-за чаго парывы здараюцца значна радзей.

 

Летась Астрынскі АЭП і сам значна памаладзеў як звонку, так і ўнутры. Адміністрацыйны будынак быў цалкам адрамантаваны: унутры ўсталявана электрычнае ацяпленне, абуладкаваны санвузел і душавыя кабінкі, прыведзены ў парадак рабочыя кабінеты, ёсць пакой для адпачынку. На прылеглай тэрыторыі для транспарту пабудаваны гаражы і навесы. Уся прылеглая тэрыторыя надзейна абгароджана, а па перыметры ўсталявана 15 відэакамер.

 

– Энергія – гэта рухавік жыцця, – перакананы Мечыслаў Іванавіч. – Ад таго, наколькі якасна мы працуем, залежыць не толькі камфорт людзей, але і бесперабойная работа ўсіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна. А значыць, нам няма калі заспакойвацца! І можаце быць ўпэўнены, мы не падвядзём!

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!