Дзядулеў баявы запас знайшла ўнучка, прыбіраючы кватэру

Сапраўдны баявы арсенал – звыш 700 патронаў рознага калібру – шмат год захоўваўся ў адной з кватэр па вуліцы Астроўскага ў Шчучыне. Уласнік жылля, былы вайсковец, даўно скончыў свой зямны шлях. У кватэры пражывала жонка, а пасля яе смерці жыллё ўжо пуставала.

 А нядаўна у Шчучын з мэтай распарадзіцца спадчынай прыехала ўнучка былых гаспадароў. У адзін з дзён жанчына ўзялася наводзіць парадак у пакоях. І якім жа было яе здзіўленне, калі ў у шафе ўбачыла пакунак з патронамі. Наступныя яе дзеянні былі граматныя – аб незвычайнай знаходцы адразу  паведаміла ў міліцыю.

– Патроны з "баявой" кватэры забраны, праводзіцца праверка, – паведаміў намеснік начальніка Шчучынскага РАУС падпалкоўнік міліцыі Д.І. Жынко.

Дарэчы, па словах Дзяніса Іванавіча, у выніку спецыяльнага комплекснага мерапрыемства "Арсенал", якое праводзілася напрыканцы сакавіка, многія жыхары раёна дабравольна выдалі незарэгістраваныя паляўнічыя ружжы ці іх часткі, а таксама іншую агнястрэльную зброю і боепрыпасы. У прыватнасці, так паступіла жыхарка вёскі Зубрава, якая перадала праваахоўнікам ствол паляўнічага ружжа і патроны часоў мінулай вайны, знойдзеныя падчас работ на прысядзібным участку. У асобных грамадзян небяспечныя рэчы былі забраны: у адных "ствалы" увогуле не былі зарэгістраваны, у іншых парушаны тэрміны іх перарэгістрацыі.

А вось на жыхара вёскі Курылаўцы заведзена крымінальная справа. У сваім доме ён незаконна захоўваў звыш паўтары тысячы патронаў рознага калібру. Па заключэнні эксперта, гэты "клад" з'яўляецца боепрыпасамі да ручной стралковай наразной агнястрэльнай зброі. Уладальнік небяспечнага арсенала патлумачыў, што некалькі год таму набыў усё гэта ў невядомай асобы.

Д.І. Жынко нагадвае, што за незаконны абарот зброі, боепрыпасаў, выбуховых прылад і рэчываў ёсць як адміністацыйная, так і крымінальная адказнасць. Яна не прымяняецца да тых, хто дабравольна развітваецца з такім небяспечным арсеналам.

Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота носіць ілюстрацыйны характар.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!