Дзецям – пра падаткі

цікава і даступна расказалі начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Шчучынскім раёне Д.А. Каспяровіч і яго намеснік Н.А. Здановіч

Сустрэча са школьнікамі адбылася ў гімназіі г. Шчучына. Прызнацца, нават і падумаць не магла, што пяцікласнікаў можа зацікавіць такая дарослая і даволі незразумелая тэма. Аднак, гасцям удалося даволі проста расказаць дзецям што такое падаткі, куды яны пералічваюцца, якімі бываюць і навошта іх увогуле плаціць. А самае галоўнае, дзеці даведаліся, што менавіта падаткі папаўняюць бюджэт нашай дзяржавы, і дзякуючы гэтаму можа развівацца, а людзі атрымліваюць бясплатную адукацыю, медыцынскае абслугоўванне…

– Дык вось адкуль мая мама атрымлівае зарплату! – рэзюмавала адна з дзяўчынак, паслухаўшы расказ Дзмітрыя Алойз'евіча. – Цяпер усё зразумела!

Сапраўдны інтарэс у рабят выклікала і інфармацыя Наталлі Аляксандраўны пра тое, якія падаткі былі ўстаноўлены ў свой час у некаторых краінах. Напрыклад, у СССР некалі быў уведзены падатак на бяздзетнасць. У Англіі мужчыны павінны былі плаціць падатак на капелюшы, а некаторы час там утрымліваўся і падатак на бароды. Даволі незвычайным быў і падатак … на цень, які ў 1993 годзе быў уведзены ў Венецыі. Яго плацілі гаспадары кафэ і магазінаў, якія пры сваіх гандлёвых кропках выстаўлялі на тратуарах парасоны ад сонца і ценем захоплівалі большую тэрыторыю.

З цікавасцю паглядзелі рабяты відэаролік і прынялі ўдзел у віктарыне. Пераможцы віктарыны – 5 "Б" клас – атрымалі грамату, а ўсе пяцікласнікі – зборнік казак "Дзецям – пра падаткі".

– Наша сустрэча з гімназістамі адбылася у рамках акцыі "Дзецям – пра падаткі", – гаворыць Дзмітрый Алойз'евіч. – У нашым раёне яна праходзіць упершыню. Школьнікі павінны ведаць, чаму неабходна своечасова плаціць падаткі і на што яны расходуюцца. Гэтыя веды абавязкова дапамогуць ім у дарослым жыцці.

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.