Дзе жыве музыка, там заўсёды людна

Сёлета клуб-музей Чэслава Немэна ў Старых Васілішках адзначае свой 10-гадовы юбілей з дня заснавання. За гэты час яго наведалі больш за 20 тысяч турыстаў з розных куточкаў свету, у тым ліку Камеруна, Кітая, Індыі і Шры-Ланкі.

 

– За гады існавання мы сабралі больш за 350 розных каштоўных экспанатаў, якія расказваюць пра жыццё і творчасць нашага знакамітага земляка, – гаворыць загадчык клуба-музея Чэслава Немэна Уладзімір Уладзіміравіч Сянюта. – Сярод іх – малюнкі музыкі, яго школьныя сшыткі, абутак, фамільны крыж, мэбля, якая належала сям’і Выджыцкіх, і многае іншае. І экспазіцыя ўвесь час папаўняецца! Вось і нядаўна да нас у госці прыязджалі фанаты творчасці Чэслава Немэна і падарылі клубу-музею драўляную этажэрку для фруктаў.

 

Дарэчы, дом Выджыцкіх прыцягвае не толькі аматараў музыкі, але і тых, хто цікавіцца этнаграфіяй, бо тут сабрана мноства экспанатаў, якія адлюстроўваюць быт нашых продкаў.

 

– За апошнія некалькі гадоў наш клуб-музей значна пахарашэў: быў заменены дах, добраўпарадкаваны ўнутраны дворык, устаноўлена агароджа, – зазначае Уладзімір Уладзіміравіч Сянюта. – Цяпер былое фамільнае гняздо сям’і Выджыцкіх патанае ў зелені. Сюды пастаянна едуць адпачываць турысты, што вельмі радуе: значыць, людзі цікавяцца сваёй гісторыяй і шануюць памяць аб земляках і іх дасягненнях. Заўтра мы запрашаем усіх жадаючых у Старыя Васілішкі на свята музыкі: у 14.00 у касцёле Святых Пятра і Паўла пройдзе святочная імша. Пасля яе адбудзецца экскурсія ў музей і перад гледачамі выступіць народны хор польскай песні “Промень”. У 17.00 гулянне працягнецца ў аграгарадку Васілішкі, дзе будуць працаваць падвор’і, а песні Чэслава Немэна выканаюць самадзейныя артысты не толькі нашага раёна, але і Лідчыны. Заключным акордам свята стане дыскатэка.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!