Дзе рукі і ахвота, там вялікая работа. Жыхар вёскі Заполле трымае ў падсобнай гаспадарцы некалькі кароў розных парод

 

На ўвесь Ражанкаўскі сельсавет ва ўласнасці насельніцтва 63 каровы. Чатыры з іх належаць сям’і Івана Пекара з вёскі Заполле.

 

“Зорачка!” – кліча адну з рагуль гаспадар, і карова паслухмяна падсоўвае да яго рукі сваю цёплую пысу. А вось на чужога чалавека, на гэты момант – мяне, спачатку касавурыцца, а потым увогуле кіруе ў іншы бок – да Мілы і Малышкі, што схаваліся ад сонца ў цяньку пад дрэвамі. Чацвёртая кароўка пакуль у хляве – хутка ацеліцца. На гаспадарчым двары Пекараў багата і іншай жыўнасці: бычкі на адкорме, свінні, хатняя птушка…
Варта сказаць, што такая хатняя ферма – не адзіная сфера прыкладання сіл для гэтых вяскоўцаў. Іван Мікалаевіч працуе начальнікам комплексу па адкорме буйной рагатай жывёлы “Каўшова” філіяла “Дубна”, што ўваходзіць у структуру ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”. Да гэтага яго рабочым месцам былі сельгасарганізацыі нашага раёна.

 

– Родам я з Гірдзеўкі. У 1993 годзе скончыў Ражанкаўскую школу, у 1999-ым – Гродзенскі сельгасінстытут, – расказвае гаспадар дома. – Паступаў туды ўсвядомлена, бо падабаецца жывёлагадоўля. Прафесійны шлях у сельскай гаспадарцы пачынаў галоўным заатэхнікам у СВК “Балічы”. На пасадзе заставаўся і пасля таго, як кааператыў увайшоў у склад КСУП “Руткевічы”. Потым былі далучэнне да ААТ “Шчучынаграпрадукт” і работа ў якасці вядучага заатэхніка.

 

Работнік сельскай гаспадаркі і Марына Вацлаваўна Пекар. Яна заатэхнік па ідэнтыфікацыі жывёлы ў “Шчучынаграпрадукце”. Без адрыву ад работы Марына вучыцца на чацвёртым курсе Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта.

 

Іван Мікалаевіч кажа, што прафесія і работа яму падабаюцца. І весці вялікую гаспадарку таксама. Нятлумны, размераны вясковы ўклад жыцця заўсёды быў даспадобы. Бо і ён, і жонка – сялянскія дзеці, змалку прывучаныя да працы, прывыклі разлічваць на свае сілы. А атрыманая спецыяльнасць толькі дабавіла ведаў і вопыту, а таксама жадання гаспадарыць на зямлі сваіх продкаў. Між іншым, дом, дзе цяпер жыве сям’я Пекараў, некалі належаў бабулі Івана па мацярынскай лініі. Не раз Івану Мікалаевічу прапаноўвалі службовае жыллё – і дамы, і катэджы, але, узважыўшы “за” і “супраць”, заставаўся на месцы. А камунальныя выгоды ў старым бабуліным доме мужчына і сам даўно зрабіў.

 

Дарэчы, першая рагуля ў хляве з’явілася, калі мужчына працаваў у “Балічах”. На работу дабіраўся на ўласным транспарце, і па дагаворы гаспадарка павінна была аплаціць кошт бензіну. Але грошай у касе не аказалася, і са спецыялістам разлічыліся… каровай. Да яе набыў яшчэ адну… Статак папаўняўся. А цяпер Пекары ўжо не проста разводзяць буйную рагатую жывёлу, а мэтанакіравана займаюцца племянной жывёлагадоўляй. Адна з кароў – чорна-пярэстай пароды, адна – айршырскай, дзве – джэрсейскай. Іван Мікалаевіч такі выбар тлумачыць так:

 

– У кароў айршырскай пароды больш моцны імунітэт, яны лёгка пераносяць кліматычныя змены. І галоўнае – якасць малака высокая: у ім многа бялку і высокі працэнт тлушчу. У асноўным малако ад гэтых кароў ідзе на вытворчасць дзіцячага харчавання. А каровы джэрсейскай пароды – рэкардсмены па тлустасці малака. Калі стандарт тлустасці ў чорна-пярэстых 3,6 працэнта, то ў гэтых даходзіць да 7 працэнтаў. Догляд і ўтрыманне гэтых рагуль простыя, а прыбытак адчувальны.

 

Малако ад племянных каровак сям’я здае дзяржаве – у дзень да 50 літраў. Ахвотна набываюць яго і мясцовыя жыхары. Удосталь малочных прадуктаў і для сваёй сям’і. На стале заўжды смятанка, беласнежны тваражок і “сонечнае” масла. Для перапрацоўкі малака ў доме ёсць электрычныя сепаратар і маслабойка. А што прыгатаваць з натуральных прадуктаў – для гаспадыні не пытанне: па першай адукацыі Марына повар.

 

 

 

Для таго, каб весці вялікую гаспадарку, патрэбна прастора. Таму Іван Пекар прывёў у парадак не толькі тэрыторыю ля свайго дома, але і старую апусцелую сядзібу па-суседску. Цяпер і трактар ёсць дзе паставіць, і прычэп, і касілку ды варушылку... Усёй гэтай тэхніцы тут знаходзіцца прымяненне. Калі ж у вёсцы згарэў адзін з дамоў, і застаўся пуставаць вялікі кавалак зямлі, Пекар яго апрацаваў і перазалужыў. Вядома ж, папярэдне ўзгадніўшы свой намер са сваякамі людзей, што тут некалі жылі, і з сельсавецкай уладай. Па яго ініцыятыве не зарастаюць бур’яном і іншыя безгаспадарныя пляцы. А яшчэ па заяве руплівага вяскоўца кіраўніцтва мясцовага сельгаспрадпрыемства выдзеліла каля двух гектараў зямлі – пад пашу і сенакос.
У Івана і Марыны Пекараў падрастае памочніца – дачушка Дзіяна. Пакуль бацькі на рабоце, дзяўчынка пад наглядам бабулі Людмілы Уладзіміраўны, якая прыязджае з Гірдзеўкі. Бабуля ўнучку хваліць: паслухмяная, добрая, жывёлу любіць. Пад яе апекай некалькі катоў рознай масці, а таксама жвавы сабачка, шыншылы і рыбкі ў акварыуме. Хапае дзіцяці і забаў: тата зрабіў для дачкі казачны дамок, устанавіў на падворку вялікі батут, а дома – велатрэнажор і грушу. Побач з домам падрыхтавана месца пад штучны вадаём. Плюс чыстае паветра навокал. Любата!

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!