Дзе падыход гаспадарскі – там будзе і прыбытак

Аграрыі Шчучыншчыны паспяхова ўбралі ўвесь вырашчаны ўраджай. Самы час падвесці вынікі, парадавацца за дасягнутыя поспехі і зрабіць работу над памылкамі. Аб гэтым і многім іншым мы пагутарылі з начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Г.Б. Хомічам.
– Генадзій Баляслававіч, наколькі эфектыўна сёлета спрацавалі шчучынскія аграрыі?
– Бягучы год выдаўся даволі няпростым. З-за дажджлівага надвор’я жніво ў раёне пачалося значна пазней запланаванага. 95% атрыманага зерня давялося дапрацоўваць на зернесушыльных комплексах. Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, шчучынскія хлебаробы своечасова і без страт убралі хлеб: намалацілі звыш 113 тысяч тон зерня ва ўсіх катэгорыях, што на 124% больш, чым летась. Сярэдняя ўраджайнасць зерневых і зернебабовых культур па раёне склала 43,2 цэнтнера з гектара, што вышэй за сярэднеабласны паказчык. У гэтым плане абсалютным рэкардсменам з’яўляецца СВУ “Пратасаўшчына”, дзе з кожнага гектара хлебнай нівы сёлета атрымалі каля 80 цэнтнераў зерня. Высокіх намалотаў дабіліся таксама ў ААТ “Дэмбрава” і “Васілішкі”, філіяле “Жалудоцкі агракомплекс”. 
Асабліва парадаваў у бягучым сезоне рапс: калі летась ураджайнасць гэтай алейнай культуры была на ўзроўні 15,2 цэнтнера з гектара, то сёлета аналагічны паказчык вырас больш чым удвая і дасягнуў рэкордных 33,5 (!) цэнтнера з гектара. Дзякуючы гэтаму мы атрымалі 15318 тон масланасення. Такое стала магчыма дзякуючы строгаму выкананню ўсіх тэхналогій і ўнясенню ў поўнай меры мінеральных угнаенняў. Ды і вільгаці раслінам хапіла ўдосталь дзякуючы частым дажджам. 
Выдатна ўрадзілі таксама кукуруза, цукровыя буракі і бульба. Да прыкладу, па ўраджайнасці (436 ц/га) і валавым зборы “другога хлеба” (13647 тон) наш раён займае другое месца сярод гаспадарак Гродзеншчыны.
– Якімі тэмпамі ў нашым раёне развіваецца жывёлагадоўля?
– Сёлета нашым жывёлаводам удалося дабіцца значных поспехаў. На 351 галаву павялічылася пагалоўе кароў, і на сённяшні дзень дойны статак налічвае 18639 галоў. За дзесяць месяцаў бягучага года ў раёне мы надаілі прыкладна 96 тысяч тон малака, што на 3,2 тоны больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. На перапрацоўку на Шчучынскі масласырзавод здалі 46% атрыманай сыравіны сортам “экстра”. 
Рэкордных сярэднясутачных надояў удалося дабіцца жывёлаводам СВУ “Пратасаўшчына”: тут ад кожнай рагулі за 10 месяцаў бягучага года атрымалі 5023 літры малака. Адчувальных поспехаў у развіцці малочнай галіны дасягнулі таксама ў ААТ “Дэмбрава” і “АграГЖС”.
Вялікая ўвага ў раёне надаецца і вытворчасці мяса. З пачатку года пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў гаспадарках Шчучыншчыны павялічылася на 103% і дасягнула 62925 галоў. Сярэднясутачная прывага складае 734 грамы. 
Не адстае ў сваім развіцці і свінагадоўля. У сельгаспрадпрыемствах раёна на сённяшні дзень утрымліваецца 128827 свіней, што на 5114 свіней больш, чым летась. За дзесяць месяцаў бягучага года мы атрымалі 18836 тон мяса.
– Як абстаіць справа з нарыхтоўкай кармоў?
– Мы ўжо амаль цалкам “закрылі” патрэбы нашых гаспадарак у якасных кармах: залажылі 138 тысяч тон кормаадзінак травяных кармоў. Каб палепшыць умовы іх захавання, за апошнія два гады пабудавалі 12 сянажных траншэй агульнай умяшчальнасцю 30000 тон. У наступным годзе абавязкова працягнем работу ў гэтым напрамку, бо выкарыстанне траншэй замест буртоў дазваляе паменшыць адходы прыкладна на 20%.
– Ці забяспечаны нашы сельгаспрадпрыемствы высока­кваліфікаванымі кадрамі?
– На працягу апошніх гадоў адток спецыялістаў знізіўся да мінімуму. Толькі ў бягучым годзе працоўныя калектывы гаспадарак раёна папоўнілі 38 маладых спецыялістаў. Упэўнены, многія з іх застануцца працаваць тут і далей. А чаму не? Сярэдняя заработная плата дастойная, ды і магчымасць атрымаць камфортнае жыллё таксама вельмі прываблівае. 
– Генадзій Баляслававіч, раскажыце, калі ласка, аб перспектывах далейшага развіцця аграпрамысловага комплексу Шчучыншчыны? 
– У раёне працягваецца мадэрнізацыя сельскай гаспадаркі: мы закупляем новую энерганасычаную тэхніку і абсталяванне, праводзім мадэрнізацыю сельскагаспадарчых аб’ектаў. Да прыкладу, зараз ідзе рэканструкцыя малочнатаварных ферм “Рыча” (ААТ “Дэмбрава”) і “Скоржыкі” (ААТ “Шчучынаграпрадукт”). У наступным годзе плануем прывесці ў парадак ферму па адкорме буйной рагатай жывёлы “Грамавічы” СВУ “Пратасаўшчына”: пасля завяршэння ўсіх будаўнічых работ пагалоўе быкоў тут павялічыцца амаль у тры разы і дасягне 2000 галоў. Безумоўна, усё гэта патрабуе сур’ёзных фінансавых укладанняў, аднак толькі так можна забяспечыць стабільнае развіццё аграпрамысловага комплексу раёна.
– Што б Вы хацелі пажадаць работнікам сельскай гаспадаркі з нагоды іх прафесійнага свята?
– У аграпрамысловым комплексе раёна працуюць 4220 чалавек, якіх аб’ядноўвае высокі прафесіяналізм і любоў да роднай зямлі. Менавіта гэтыя людзі забяспечваюць нас хлебам, малаком, мясам і іншымі натуральнымі свежымі прадуктамі. Нізкі паклон вам за добрасумленную працу! Няхай вашы рукі ніколі не ведаюць стомы, а вочы заўсёды радуюцца каласуючай хлебнай ніве. Здароўя, удачы і сямейнага дабрабыту!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!