Дыплом III ступені ў Ягора Розмысла!

Адзінаццацікласнік Каменскага дзіцячага сада – сярэдняй школы Ягор Розмысл стаў пераможцам заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі і быў узнагароджаны дыпломам III ступені.

 

Ужо другі год запар Ягор вяртаецца з узнагародай з рэспубліканскай алімпіяды. Гісторыя – гэта яго сапраўднае захапленне, якому ён прысвячае практычна ўвесь свой свабодны час. Шмат займаецца самастойна, у чымсьці яму дапамагае настаўніца гісторыі Алена Віктараўна Хвайніцкая.

 

– Ягор – паспяховы і настойлівы вучань, – гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Жанна Мікалаеўна Варонік. – Ён выдатна займаецца – cярэдні бал вышэй за 9,5 – у класе з паглыбленым вывучэннем матэматыкі і хіміі. І са спортам сябруе. Прымае актыўны ўдзел у розных конкурсах.
Ганарацца сваім сынам і яго бацькі: Віктар Леанідавіч і Наталля Аляксандраўна.

 

– Я ва ўсім адчуваю іх падтрымку, – гаворыць Ягор. – А гэта – выдатны стымул для вучобы. Да алімпіяды я рыхтаваўся з усёй адказнасцю. У заключным этапе прымалі ўдзел каля трыццаці чалавек з усёй рэспублікі. На гэты раз заданні былі не вельмі складанымі, але сама алімпіяда праходзіла па новай сістэме, што было не вельмі зручна. Аднак, у цэлым сваім вынікам я задаволены.

 

Літаральна праз некалькі тыдняў Ягору прыйдзецца вызначыцца з тым, якую вышэйшую навучальную ўстанову выбраць для паступлення.

 

– Сярод вырыянтаў, якія я разглядаю, ёсць і гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, – гаворыць Ягор. – Але канчаткова з будучай прафесіяй я пакуль не вызначыўся.

 

Якое б рашэнне не прыняў Ягор разам са сваімі бацькамі, вельмі хочацца пажадаць яму поспехаў. Няхай яго мары абавязкова спраўдзяцца!

Ганна РУДСКАЯ.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!