Дом паляўнічага – сапраўдны рай для гасцей

У гэтым перакананы ўсе, каму пашчасціла тут адпачываць. Яно і зразумела! Шыкоўны двухпавярховы драўляны дом размешчаны ў маляўнічым сасновым бары ля вёскі Зачэпічы, у знакамітых партызанскіх мясцінах.

– Тут могуць адначасова размясціцца дзесяць чалавек, для камфортнага пражывання якіх прадугледжаны пяць мэбляваных спальных пакояў з усталяваным спадарожнікавым тэлебачаннем, – гаворыць інжынер па паляўнічай гаспадарцы Шчучынскага лясгаса А.Т. Барысевіч. – На першым паверсе ёсць прасторная гасцёўня з камінам, більярдны пакой, сучасная кухня, а таксама аружэйная, дзе захоўваюцца тры адзінкі зброі: два гладкаствольных і адно наразное ружжо. Пры наяўнасці неабходных дакументаў іх можна без перашкод узяць напракат на паляванне. 


Як высветлілася, дом паляўнічага здаецца як цалкам, так і па частках. Госці могуць арандаваць тут банкетную залу, кухню, більярдную і лазню, а могуць проста забраніраваць пакой, каб пераначаваць. Дзякуючы гэтаму кожны можа спланаваць адпачынак па сваёй кішэні.
– Каб зрабіць адпачынак дзяцей больш вясёлым, сёлета мы пабудавалі спецыяльную пляцоўку з горкамі, лесвіцамі і баскетбольным кальцом. А паколькі тэрыторыя вакол дома цалкам агароджана, бацькі могуць не турбавацца аб бяспецы сваіх кравінак, – зазначае Аляксандр Тадэвушавіч.

У доме паляўнічага часта святкуюць юбілеі, шлюбы, дні народзінаў і іншыя ўрачыстасці. Але часцей за ўсё тут збіраюцца паляўнічыя, якія ні дня не могуць пражыць без адрэналіну і прыгод.
– Тэрыторыя нашай паляўнічай гаспадаркі займае 41 тысячу гектараў, з якіх 15,4 тысячы – гэта лясныя масівы, 23,5 тысячы – палявыя ўгоддзі, а 2,1 тысячы – балоты, – расказвае А.Т. Барысевіч. – Тут можна папаляваць на дзікага кабана, казулю, лася, качку, зайца. І рэдка хто вяртаецца дадому без трафеяў!


Разам з тым работнікі Шчучынскага лясгаса пільна сочаць за папуляцыяй розных відаў жывёл і клапоцяцца аб іх пастаянстве.
– Штогод мы вядзём своеасаблівы перапіс “насельніцтва”, – працягвае наш суразмоўца. – Для гэтага дэталёва абследуем усе 15 маршрутаў, якія праходзяць па нашай гаспадарцы. Уважліва вывучаем сляды жывёл, напрамкі руху і месцы перасячэнняў. Гэтая інфармацыя дапамагае падлічыць іх колькасць. Да прыкладу, на сённяшні дзень у нашых абшарах налічваецца каля 350 казуль і звыш 40 ласёў. Мы не адстрэльваем іх без разбору, а робім гэта, улічваючы ўзрост і пол жывёл. Дазволеная лічба для выбыцця строга рэгламентуецца. 
Работнікі Шчучынскага лясгаса дапамагаюць жывёлам перажыць цяжкія часы. Вясной яны засяваюць кармавыя палеткі рапсам, каб касулі маглі ім паласавацца, а зімой будуюць саланцы і кармушкі, накладваюць у іх соль, кукурузу, зерне. 
– Акрамя палявання, аматарам актыўнага адпачынку мы можам прапанаваць аўта і велапрагулкі па экалагічнай трапе даўжынёй 11,8 кіламетра, якая праходзіць па старыцах Нёмана і вядзе ў дубовы гай, дзе растуць векавыя дрэвы, – зазначае Аляксандр Тадэвушавіч. – У нас можна арганізаваць рыбалку на беразе Нёмана, сплавіцца па рацэ на байдарках і нават заняцца фотапаляваннем на спецыяльна абсталяваных вышках, з якіх зручна назіраць за паводзінамі жывёл у іх звыклым асяродку. Таксама мы распрацавалі пяць цікавых культурных маршрутаў па гістарычных мясцінах Шчучыншчыны.
Дзякуючы шырокаму спектру аказваемых паслуг дом паляўнічага ў вёсцы Зачэпічы не пустуе. Толькі з пачатку года яго наведалі 205 чалавек. А ў бліжэйшы час сюды збіраюцца прыехаць паляўнічыя з Германіі і Аўстрыі, якіх цікавяць беларускія лясы і балоты, так багатыя жыўнасцю. Упэўнены, яны надоўга запомняць гэты візіт!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.