Дарагая «паездка»

Наўрад ці думаў жыхар аднаго з аграгарадкоў раёна, што яго імпульсіўны ўчынак будзе мець такія непрыемныя наступствы. А варта было б... Бо, сеўшы нецвярозым за руль, да таго ж чужога трактара, ён «даехаў» да крымінальнай справы.
Падрабязнасці здарэння паведаміў намеснік начальніка РАСК С.Ч. Пецкель. Аказваецца, у той дзень мужчыну, які знаходзіўся на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення, «застукаў» кіраўнік вытворчага падраздзялення. Зразумела, ад працы яго адхілілі – адправілі дамоў. Аднак, выйшаўшы за вароты, мужчына... «дабавіў» гарэліцы і вярнуўся назад. 
– На тэрыторыі МТК на вочы нецвярозаму работніку трапіў МТЗ-82. Мужчына ўзабраўся ў незачыненую кабіну, павярнуў ключ запальвання, даў задні ход, – расказвае Сяргей Часлававіч. – Праехаць атрымалася каля пяці метраў – на шляху трактара аказаўся паветраны газаправод...
Незвычайнае «раллі» заўважылі іншыя работнікі прадпрыемства. Выклікалі ДАІ. 
Дарэчы, гэты чалавек раней у канфлікт з законам не ўступаў, станоўча характарызаваўся. І вось так бяздумна, праз гарэлку, за некалькі хвілін сапсаваў сабе біяграфію – стаў фігурантам крымінальнай справы, заведзенай па частцы 1 артыкула 214 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. А гэта нішто іншае як угон. Ён прыцягнуты і да адміністрацыйнай адказнасці – за ўчыненне ДТЗ і кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. Парушальнік аштрафаваны на суму 70 базавых велічынь, а гэта 1715 рублёў. Да таго ж пазбаўлены права кіраваць усімі відамі транспартных сродкаў на тры гады і павінен кампенсаваць страты за пашкоджаны газаправод. 
Па словах С.Ч. Пецкеля, раённы аддзел Следчага камітэта ўжо завяршыў расследаванне крымінальнай справы. Цяпер сваё слова скажа суд.
Таццяна ВІТАЛЬЕВА. Фота носіць ілюстрацыйны характар.