Дапамагаць людзям. У гэтым бачыць свой дэпутацкі абавязак С.І. Астаповіч

Станіслаў Іванавіч Астаповіч – намеснік дырэктара ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Да прызначэння на гэту пасаду доўгі час працаваў  загадчыкам участка, мае багаты прафесійны і жыццёвы вопыт. Павышэнне па службе не зрабіла гэтага чалавека менш даступным для людзей, зазначаюць яго землякі. Пацвярджае гэта і старшыня Шчучынскага сельвыканкама С.Я. Возны. “Станіслаў Іванавіч – дэпутат нашага сельскага Савета па Барташоўскай выбарчай акрузе. Ён адклікаецца на любую просьбу, падтрымлівае добрыя ініцыятывы. Многія пытанні жыццядзейнасці насельніцтва вырашаюцца пры яго непасрэдным удзеле і з яго дапамогай”, – падкрэслівае кіраўнік органа ўлады пярвічнага ўзроўню.

Работа на зямлі – стыхія Станіслава Іванавіча Астаповіча. Нарадзіўся і вырас ён у вёсцы Лагады. І прафесію выбраў што ні на ёсць зямную – агранома. Скончыў тэхнікум у Навагрудку, пазней без адрыву ад вытворчасці – Гродзенскі аграрны ўніверсітэт. Па волі лёсу ўся працоўная дзейнасць Станіслава Іванавіча, а гэта звыш 20 год, звязана са “Шчучынаграпрадуктам”. Ён шчыра палюбіў гэту старонку, зрадніўся і з арганізацыяй, і з людзьмі. 
Жыве сям’я Астаповічаў у Барташах. Дарэчы, у гэтых прыгожых мясцінах аселі яны 17 год таму. Не дзіва, што жыхары вёскі, з якімі Станіслаў Іванавіч ходзіць па адной вуліцы і якім штораніцы жадае добрага дня,  лічаць дэпутата “сваім чалавекам” і... прадстаўніком уласных інтарэсаў у ААТ “Шчучынаграпрадукт”. Зрэшты, у такім “статусе” успрымаюць яго і жыхары іншых вёсак, якія некалькі скліканняў называлі гэтага чалавека народным абраннікам, ацаніўшы яго адкрытасць і спагадлівасць, кампетэнтнасць і дзелавітасць. 
Адрасоў прыкладання сіл многа. Гэта і знос старых дамоў у населеных пунктах і на хутарах, і дастаўка дроў адзінокім і адзінока пражываючым вяскоўцам, людзям з інваліднасцю. Па словах старшыні сельвыканкама С.Я. Вознага, аднаго звароту да Станіслава Іванавіча дастаткова, каб была летам “выгладжана”, а зімой расчышчана ад снегу дарога да аддаленай сядзібы-хутара. А па восені стартуе традыцыйная бульбяная акцыя: гаспадарка выдзяляе бясплатна па дзвесце кілаграмаў бульбы людзям, якія жывуць адны і не маюць прысядзібнага ўчастка ці сіл для вырошчвання гэтай культуры. Менавіта Астаповіч уважліва курыруе гэты працэс. А таксама трымае ў полі зроку пытанні пасадкі бульбы на “сотках”, забеспячэння кармамі жывёлы, якая ўтрымліваецца на падворках мясцовых жыхароў. Сена і салома дастаўляюцца бясплатна і, што называецца, акурат да хлява. У гэтым і ёсць жывы кантакт з людзьмі, якія цябе абралі дэпутатам, лічыць Станіслаў Іванавіч.
Чалавек жыве не толькі матэрыяльнымі дабротамі. Вось і жыхары Барташоў адчувалі патрэбу прывесці ў належны выгляд, дастойны памяці іх продкаў, мясцовыя могілкі. Сабралі грошы, падключыўшы да гэтага землякоў, якія цяпер жывуць далёка ад бацькаўшчыны. У выніку былі праведзены работы па ачыстцы месца спачыну, вывезены рэшткі расліннасці, частка тэрыторыі агароджана. А цяпер работнікі ААТ “Шчучынаграпрадукт” завяршаюць тут устаноўку жалезабетоннай агароджы.
– Чым можам, тым дапамагаем, – гаворыць Станіслаў Іванавіч пра пазіцыю акцыянернага таварыства і сваю асабістую ў адносінах да праблем і клопатаў людзей. Жаданне зрабіць жыццё землякоў яшчэ лепшым заўжды прысутнічае ў сэрцы гэтага незаспакоенага і неабыякавага чалавека, дастойнага дэпутатам звацца.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

Голосов пока нет

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)