Чаму б не адпачыць у “Рэспубліцы дзяцінства”?!

 

Па ўсім відаць, у гэтай дзіцячай краіне вельмі цікава і весела. Спартыўныя і творчыя конкурсы, спаборніцтвы, паездкі, экскурсіі, самыя розныя мерапрыемствы – як кажуць самі рабяты, у іх ніводнай свабоднай хвіліны. Таму і сумаваць няма часу. За дзень трэба паспець падрыхтавацца да новага мерапрыемства.

 

– Мы стараемся зрабіць адпачынак дзяцей і падлеткаў разнастайным, – расказвае выхавацель Надзея Міхайлаўна Богдан. – Для гэтага падзялілі нашу рэспубліку на некалькі раёнаў і кожны дзень накіроўваемся ў новы: раён Навукі, Успамінаў, Сімпатый, Адкрыццяў, Пазітыву, Добрых спраў… За той час, пакуль школьнікі і ліцэісты адпачываюць у лагеры, яны павінны наведаць усе раёны. У лагеры дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах. Паколькі змена прававая, асноўны ўхіл зроблены на тое, каб расказаць рабятам, наколькі важна сябраваць з Законам і выконваць усе яго патрабаванні. Напрыклад, у “Правільнай і абавязковай акадэміі” рабяты разам з педагогам складаюць кодэкс правоў і абавязкаў, з цікавасцю наведваюць насельнікі лагера і пасяджэнні “Прававога эрудыта”. А таго, каму даспадобы штосьці майстраваць сваімі рукамі, заўсёды чакаюць у творчай майстэрні “Ажур”.

 

У той дзень, калі мы наведалі “Касмадром”, жыхары рэспублікі дзяцінства гасцявалі ў раёне Беларускай мовы. Яны пісалі пісьмо ветэрану, праяўлялі сваю фантазію ў конкурсе малюнкаў “Гродзеншчына вачыма дзяцей” і стараліся размаўляць па-беларуску. 

 

– Нашы рабяты вельмі актыўныя і з энтузіязмам удзельнічаюць ва ўсіх мерапрыемствах, – працягвае Надзея Міхайлаўна. – Выдатна прайшло адкрыццё змены. Дзеці дэманстравалі свае візіткі, раскрывалі свае таленты ў конкурсе песні “Права на мару”, нават выконвалі песні ўласнага сачынення. Вельмі спадабаўся рабятам лазертак. Наперадзе не менш цікавыя мерапрыемствы: “Дзень Нептуна”, “Містар і міс лагер”, конкурс “Казкі на новы лад” і многія іншыя. Акрамя гэтага, нашы выхаванцы накіруюцца на экскурсію ў Зачэпічы, пабываюць у музеі Алаізы Пашкевіч (Цёткі) у Астрынскай СШ. З нецярпеннем яны чакаюць таго дня, калі трапяць у раён Важатых, дзе канцэртную праграму для жыхароў рэспублікі дзяцінства будуць рыхтаваць дарослыя. Дарэчы, за свае выдатныя выступленні і перамогу ў конкурсах рабяты атрымліваюць прызы і падарункі. 

Паколькі змена прававая, пастаянныя госці ў лагеры – праваахоўнікі. Цікавая гутарка атрымалася ў рабят з участковым інспектарам па справах непаўналетніх Дзмітрыем Пружачнікавым. Падрабязныя адказы на ўсе свае пытанні атрымалі хлопчыкі і дзяўчынкі падчас сустрэчы са старшым інспектарам ДАІ Андрэем Антановічам. Андрэй Аляксандравіч нагадаў рабятам правілы паводзін на дарогах, патлумачыў, калі і каму можна кіраваць матацыклам і асабліва засяродзіў увагу на тым, наколькі важна выкарыстоўваць святлоадбівальныя элементы. 

– Адпачываць у лагеры вельмі цікава, – нават не раздумваючы, сцвярджае Дзіяна Невядомская з Астрыны. – Прыехала ў “Касмадром” я ўжо не першы раз і мне тут усё падабаецца. З задавальненнем удзельнічаю і ў творчых, і ў спартыўных мерапрыемствах. 

 

 Іван Рэгін з Астрыны таксама адпачывае ў лагеры не ўпершыню. Ён тут сустрэўся са сваімі сябрамі, знайшоў новых. Хлопцы захапляюцца спортам і з задавальненнем гуляюць у футбол.

– А яшчэ тут кормяць выдатна! – дадае Іван. – Усё вельмі смачна!

 

З гэтым салідарныя не толькі дзеці, але і дарослыя. Усе сыходзяцца ў меркаванні, што повары і ўсе кухонныя работнікі ў гэтай змене працуюць з душой. 

 

Дзіяна Маісей прыехала ў “Касмадром” з Жалудка. 

 

– Нам вельмі пашанцавала, што ў лагеры такія важатыя, – гаворыць Дзіяна. – Яны вельмі творчыя і заўсёды стараюцца прыдумаць для нас штосьці крэатыўнае. Асабліва я люблю спяваць. Вось і сёння мы рыхтуемся да конкурсу патрыятычнай песні. 

 

…Ужо ад’язджаючы, звярнула ўвагу на тое, што ў “Касмадроме” і сапраўды жыццё б’е ключом: хтосьці рэпетыруе на танцполі, хтосьці гуляе ў шахматы, хтосьці малюе… Меншыя хлопчыкі, не зважаючы ні на каго, узводзілі з канструктара “Лега” ваенную базу. Са стадыёна таксама даносіліся дзіцячыя галасы. Вось ужо сапраўды, кожны можа знайсці для сябе занятак па душы. Канікулы – час адпачынку!

 

Ганна РУДСКАЯ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!