Шчучынскія футбалісты заваявалі “бронзу” на турніры па футболе “Скураны мяч-2019”

У Мінску прайшоў рэспубліканскі турнір па футболе сярод хлопчыкаў і дзяўчынак “Скураны мяч-2019” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У фінал прабіліся самыя дастойныя каманды, якія паспяхова прайшлі абласны адбор.

 

Спаборніцтвы ладзіліся ў трох узроставых групах, і ў кожнай з іх прымалі ўдзел сталічныя футбалісты. Гродзеншчыну на турніры прадстаўлялі дзве шчучынскія каманды.

 

 Нашы футбалісткі ў першым матчы з лікам 3:2 абыгралі саперніц з Магілёва. Аднак у наступных сустрэчах яны саступілі апанентам з Мінска, а таксама Шумілінскага і Маладзечанскага раёнаў і занялі 6 месца.

 

Шчучынскія футбалісты выступалі ў сярэдняй узроставай групе, дзе спаборнічалі хлопчыкі 2007-2008 гадоў нараджэння. Першую сустрэчу з магілеўчанамі нашы рабяты прайгралі, затое ўпэўнена перамаглі спартсменаў з Мінска, а таксама Ліёзненскага і Столінскага раёнаў і занялі 3 месца. Дадому хлопчыкі вярнуліся з кубкамі, медалямі і каштоўнымі падарункамі ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Да ўсяго ігрок шчучынскай зборнай Мацвей Волчак быў прызнаны лепшым галкіперам турніру.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.