Цаглінка да цаглінкі – будзе храм

Кожны чалавек можа стаць удзельнікам будаўніцтва храма Богаяўлення ў Шчучыне

“Гэта – на цагліну для храма”, – прамовіла маладая асоба, падаўшы грошы царкоўнаму касіру Алене Міхайлаўне Рымко. Заўважыўшы мой зацікаўлены позірк, апошняя патлумачыла: “Кожны чалавек можа паўдзельнічаць у будаўніцтве нашага храма, купіўшы імянную цагліну”.

Як вядома, будаўніцтва новай праваслаўнай царквы па вуліцы Пушкіна было распачата ў 2008 годзе. У кастрычніку 2014-га архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій асвяціў ніжнюю частку храма, дзе цяпер і праходзяць богаслужэнні, а таксама заняткі ў нядзельнай школе. З Божай дапамогай і пры падтрымцы нераўнадушных людзей атрымалася сабраць сродкі на набыццё чарговай партыі будаўнічых матэрыялаў, і нядаўна добрая справа знайшла працяг. Над цокальным паверхам ужо з’явілася “свежая” сцяна. 
– Унесці пасільны ўклад ва ўзвядзенне храма Богаяўлення можа кожны жадаючы, ахвяраваўшы на імянную цагліну невялікую суму, – расказвае Благачынны Шчучынскай акругі іерэй Аляксандр Пасцерняк. – Пры гэтым прыхаджанін ці любы жыхар нашага горада, раёна, увогуле прыезджы, называе канкрэтнае імя – сваё, свайго роднага ці блізкага чалавека, і яно заносіцца ў царкоўную кнігу, а таксама ў спецыяльнае пасведчанне, якое перадаецца таму, хто ахвяруе грошы. Пазней гэта імя будзе напісана на цагліне, укладзенай у сцяну храма. Можна ўказваць і імя чалавека, які ўжо завяршыў свой зямны шлях, бо ў Бога ўсе жывыя, а наша малітва для спачылых мае асаблівую каштоўнасць. 
Хочацца напомніць мудрыя словы Іаанна Кранштацкага: “Калі на вашу долю выпаў гонар будаваць Дом Божы, прыміце гэта як вялікі дар Творцы, бо дзясніца Гасподняя закранае таго, хто будуе храмы, і многія грахі даруе таму Гасподзь”.
Дарэчы, зрабіць ахвяраванні на добрую справу могуць не толькі праваслаўныя вернікі.
Таццяна ПАЛУБЯТКА. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!