“Будзем разам рабіць дабро!” – паабяцала на канферэнцыі новы старшыня раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа

 

На ХХVІІ справаздачна-выбарную канферэнцыю РА БТЧК з усіх куточкаў Шчучыншчыны прыбылі ў райцэнтр амаль паўсотні дэлегатаў. Старшыня арганізацыі Галіна Мацюк выступіла са справаздачным дакладам, падрабязна расказала, як вырасла і ўзмацнілася раённая арганізацыя за справаздачны перыяд – з 2015 па 2020 год.

 

 

 

-- У нашым раёне дзейнічаюць 57 пярвічных арганізацый РА БТЧК, 19 з якіх створаны ў справаздачны перыяд, пры гэтым шэрагі таварыства папоўнілі 1000 чалавек, -- падкрэсліла Г.С. Мацюк. -- Абарона інтарэсаў сацыяльна ўразлівай катэгорыі насельніцтва, рэальная дапамога тым, хто ў гэтым мае вострую патрэбу, міласэрнасць, медыцынская і сацыяльная падтрымка на даму – гэтыя і іншыя накірункі работы заўжды ў цэнтры ўвагі актывістаў Чырвонага Крыжа.

 

 

Акцыі, гутаркі ў калектывах, майстар-класы па аказанні першай медыцынскай дапамогі, прафілактычная работа па папярэджанні інфекцыйных захворванняў, удзел у міжнародных праектах, валанцёрская дзейнасць – вельмі многімі карыснымі справамі былі напоўнены будні “чырвонакрыжаўцаў”. Работа раённай арганізацыі БТЧК была ацэнена дэлегатамі як станоўчая. Удзельнікі канферэнцыі абралі новы састаў членаў прэзідыума Шчучынскай раённай арганізацыі БТЧК, а старшынёй прэзідыума – Алену Пасюту.

 

 

 

У якасці новага лідара РА Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа была прапанавана кандыдатура Юліі Варонінай. За яе і прагаласавалі прысутныя. Юлія Канстанцінаўна выказала словы ўдзячнасці за аказаны давер і запэўніла:

 

 

 

-- Будзем разам рабіць дабро. Усю сваю энергію гатова прыкласці, каб наша арганізацыя была на вышыні.

 

 

Бадай, самай прыемнай часткай канферэнцыі былі ўзнагароды. Наталля Талкачова, старшыня Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, ад душы падзякавала за партнёрства і плённае супрацоўніцтва, а таксама ўручыла ўзнагароды старшыні раённага Савета дэпутатаў Ганне Хвядзюк і члену абласнога валанцёрскага савета, настаўніцы СШ №1 г. Шчучына Алене Крэчка. Падрыхтавала ўзнагароды актывістам “чырвонакрыжаўскага” руху на Шчучыншчыне і Г.С. Мацюк.

 

 

 

 

Прысутныя абралі дэлегатаў на ХХVІІ абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю.

 

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!