Будзе зручна і камфортна. На вуліцы Някрасава ў Шчучыне ідзе рэканструкцыя дарожнага палатна і абочыны

 

Шырокая пешаходная дарожка, вулічныя ліхтары і нават клумбы ў хуткім часе з’явяцца на вуліцы Някрасава ў Шчучыне, у той яе частцы, што вядзе да мікрараёна прыватнай забудовы і Навасёлак.

 

Цяпер у гэтым месцы рух транспарту спынены, дарога перакрыта сеткай. Удалечыні бачны вялізныя кучы пяску і паддоны з пліткай, перамяшчаецца магутная тэхніка і працуюць людзі – поўным ходам вядзецца рэканструкцыя дарожнага палатна і абочыны.

 

– Усе гэтыя работы прадугледжаны праектам узвядзення новага мікрараёна. Заказчыкам на аб’екце выступае ўпраўленне капітальнага будаўніцтва раёна, а падрадчыкам – МПМК-167, – тлумачыць намеснік старшыні Шчучынскага райвыканкама Ян Майсей. – Спадзяемся, надвор’е дазволіць выканаць увесь той аб’ём работ, на які выдзелены фінансавыя сродкі.

 

 

Як ідуць справы на аб’екце, мы пацікавіліся ў начальніка ўчастка МПМК-167 Дзмітрыя Старасціна.

 

– На сённяшні дзень на аб’екце працуюць 13 работнікаў і тэхніка – два самазвалы, столькі ж экскаватараў і франтальных пагрузчыкаў, – дзеліцца Дзмітрый Валер’евіч. – Пачаліся работы напрыканцы кастрычніка, завяршыць плануем да студзеня. У прыватнасці, цяпер заканчваем устанаўліваць дарожны борт уздоўж праезнай часткі і парковак. Апошніх будзе тры: дзве даўжынёй па 50 метраў і адна – 25 метраў. Вядуцца работы па абуладкаванні асновы праезнай часткі: сюды пачалі ўжо засыпаць пясок. Прыступаем да пракладкі кабельнай лініі вулічнага асвятлення і пешаходнай дарожкі з боку ад магазіна “Санта”. Дарэчы, дарожка будзе досыць камфортная для руху – шырынёй больш за 2 метры. Адначасова завозім і чарназём пад будучыя клумбы.

 

Дарэчы, добраўпарадкаванне плануецца працягваць і ў наступным годзе.

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!