Блізкая ўлада

Сёння “прамую тэлефонную лінію” з жыхарамі раёна правёў старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Іван Юльянавіч Сакалоўскі.

За тры гадзіны было прынята 13 званкоў. Тэматыку зваротаў можна назваць класічнай для гэтай пары года: большая іх частка тычылася стану вуліц і дарог, асвятлення тэрыторый.

У прыватнасці, пад дыктоўку восеньскай непагадзі “нарадзілася” пытанне да прадстаўніка самай блізкай улады ў жыхаркі Аленкаўцаў: жанчына папрасіла падсыпаць асобныя ўчасткі вясковай вуліцы. На нездавальняючы стан вуліц Камуністычная і Фрунзе ў райцэнтры звярнула ўвагу адна з гараджанак. Дыялог аналагічнай тэматыкі адбыўся ў старшыні райсавета дэпутатаў і з жыхаркай Дзятлава: па словах гэтай заяўніцы, ёсць неабходнасць падсыпаць вуліцу ў Цейкаўшчыне, дзе жыве яе бабуля. Яшчэ адзін з патэлефанаваўшых грамадзян небеспадстаўна турбуецца пра дарожны камфорт для жыхароў вуліцы Янкі Купалы.

-- Я разумею занепакоенасць людзей, -- адзначыў Іван Юльянавіч. – Ідуць дажджы -- церпіць гравійнае пакрыццё. Там, дзе летам была невялікая ямка, утвараецца праблемны для праезду ўчастак… Разам з тым варта прыняць да ўвагі, што ў няўстойлівае, “мокрае” надвор’е засыпаць выбоіны – малаэфектыўна. Тым не менш, ніводзін сігнал на “прамую лінію” не застанецца без увагі. Усе звароты будуць адрасаваны ў адпаведныя службы на разгляд і рэагаванне.

 Некалькі жыхароў раёна, якія звярнуліся сёння на “прамую лінію” да І.Ю. Сакалоўскага, жадаюць аблегчыць, а дакладней, цёмным лістападаўскім ранкам і вечарам падсвяціць свой шлях дамоў і з дому. Гэта жыхары асобных вуліц аграгарадкоў Ражанка, Васілішкі і Тапілішкі, вёсак Трудавая і Шастакоўцы. Па словах людзей, дзесьці лямпачкі на слупах  даўно патрабуюць замены, дзесьці патухлі нядаўна…

“На прамую лінію” таксама паступілі просьбы аб зносе дрэў, абуладкаванні поручня пры ўваходзе ў пад’езд дома, уцяпленні жылля. Адсутнасцю цырульніка ў пасёлку занепакоена жыхарка Жалудка.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!