Благаславёныя Музай. Удзельнікі “Паэтычнага салона” выпусцілі новы зборнік “Пад аркай неба”

Новы паэтычны зборнік “Пад аркай неба” выпусцілі ўдзельнікі “Паэтычнага салона”, які дзейнічае пры Шчучынскім палацы творчасці дзяцей і моладзі. Узначальвае творчае аб’яднанне паэт Рычард Бялячыц.

 

– Пайшоў трэці год, як плённа дзейнічае наш салон. І вось ужо нарадзілася трэцяя кніга. Нагадаю, што дзве папярэднія носяць назвы “Па зямлі і па аблоках” і “На крылах сустрэч”, – дзеліцца Рычард Станіслававіч. – Нашы гурткоўцы – удзельнікі творчых сустрэч, што ладзяцца ў палацы і на ўрачыстасцях у бібліятэках, гарадскім скверы, у школах, на паэтычных святах.

 

У новай кніжцы “Пад аркай неба” аўтары паэтычных і празаічных твораў на беларускай і рускай мовах адкрываюць чытачу свае патаемныя думкі і сэрцы, дзеляцца ўражаннямі ад дзён сённяшніх і падзей сівой даўніны, прызнаюцца ў любві да роднай старонкі, сваіх блізкіх і родных людзей. Падкупляюць шчырасць і непасрэднасць мясцовых паэтаў, іх жаданне данесці да чытача свой светапогляд, асэнсаванне гістарычнага мінулага, падзяліцца пазітывам.

 

– Самае прыемнае, што да нас цягнецца творчы люд і пастаянна пашыраецца кола гурткоўцаў, – распавядае Р.С. Бялячыц. – Нас знайшлі паэткі з Навагрудка і Віцебска, для якіх Шчучыншчына – малая радзіма. Дасылае свае вершы былая настаўніца з Хадзілоняў Алена Букатовіч. Нямала радасці ў пошуках прыгожага атрымліваюць Марына Радзівон і Марына Арлова – людзі актыўнай жыццёвай пазіцыі, якая адчуваецца ў іх паэтычных радках. Святлана Кірылава і Вадзім Цыбульскі таксама заўсёды маюць што сказаць на занятках і на паперы. Вадзім да ўсяго – кандыдат сельскагаспадарчых навук, шмат увагі ўдзяляе вывучэнню тапанімікі роднага краю, пра што сведчаць і публікацыі ў новай кніжцы. Чытачу прыйдуцца даспадобы лірычныя і натхнёныя, пранікнутыя настальгіяй вершы Наталлі Мінкявічэне, Наталлі Цвірко, Святланы Абдулаевай, Вольгі Русілкі і іншых аўтараў.

 

Удзельнікі “Паэтычнага салона” трывала валодаюць асновамі вершаскладання, цудоўна разумеюць, што патрабуецца ад аўтара, каб твор атрымаўся вобразны, эмацыянальна насычаны, па-мастацку дасканалы.
 Выпушчаныя паэтычным аб’яднаннем зборнікі можна пабачыць у школьных бібліятэках і раённай бібліятэцы імя Цёткі, у музеях гімназіі і палаца.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!