А.В. Садоўскі: “Ёсць неабходнасць больш пільна вывучыць працу нашага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі”

Сельскагаспадарчыя работы, эфектыўнасць работы РУП ЖКГ і добраўпарадкаванне раённага цэнтра - гэтыя пытанні былі разгледжаны на планёрцы, якая пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Аляксея Валянцінавіча Садоўскага прайшла ў аўторак.

 

 

У пачатку планёркі абмеркавалі пытанні развіцця сельскай гаспадаркі. На парадку дня - правядзенне ўборачнай кампаніі. Як праінфармаваў першы намеснік старшыні - начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А.І. Тодрык, усе сельгаспрадпрыемствы раёна прыступілі да ўборкі збожжавых культур. Азімы ячмень убраны на плошчы 475 га, ўраджайнасць складае 61 ц/га. Своечасова ідзе ўборка саломы з палёў. Да ўборкі сельгаспрадпрыемствы стараліся падрыхтавацца на належным узроўні. Збожжаўборачная тэхніка ў большасці сваёй была выстаўлена на лінейку гатоўнасці ва ўстаноўленыя тэрміны. Будуць задзейнічаны 98 зернеўборачных камбайнаў, 27 зернесушыльных комплексаў гатовы прымаць зерне новага ўраджаю.

 

 

-- У раёне працягваецца нарыхтоўка травяных кармоў, убрана 50% траў другога ўкосу. Ужо нарыхтавана 200 тысяч тон сенажу (за аналагічны перыяд мінулага года – 135 тысяч тон). На адну ўмоўную галаву нарыхтавана 12 цэнтнераў кармавых адзінак, -- адзначыў Анатоль Іванавіч.

 

 

Старшыня райвыканкама А.В. Садоўскі заўважыў, што ўраджайнасць збожжавых у гэтым годзе будзе вышэй, чым у мінулым. Збожжа добрай якасці, гэта дае аграрыям раёна надзею, што сельскагаспадарчы год будзе цалкам удалым:У гаспадарках раёна працуюць адказныя людзі, якім неабыякава, што яны робяць. Самае галоўнае - клопат пра людзей, якія будуць задзейнічаны ў перыяд уборкі хлеба. І важна, каб праца кожнага была ацэнена”.

 

 

Далей па ініцыятыве старшыні райвыканкама ўдзельнікі планёркі праехалі па горадзе, каб ацаніць стан добраўпарадкавання раённага цэнтра, забеспячэнне чысціні і парадку на яго тэрыторыі і на месцы вызначылі канкрэтныя меры па ліквідацыі выяўленых недахопаў.

 

 

 

 

 

-- Ёсць неабходнасць больш пільна вывучыць працу нашага прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. У гэтай сферы маецца шэраг сур'ёзных праблемных момантаў. Асабліва ў частцы вырашэння пытанняў, якія не патрабуюць укладання вялікіх грашовых сродкаў, -- адзначыў старшыня райвыканкама.

 

 

У ходзе рэйду адразу кінулася ў вочы неўладкаванасць тратуарнай дарожкі пасля пракладкі камунікацый у скверы каля будынка РАУС. Тым больш, што зусім нядаўна асабовы састаў міліцыі сумесна з камунальнай службай добраўпарадкавалі тэрыторыю сквера. Існуе праблема рамонту лавак на прыпыначных пунктах, замены і ўстаноўкі новай агароджы на цэнтральных вуліцах, захавання графіка вывазу цвёрдых бытавых адходаў. На думку ўдзельнікаў рэйду, пасадку маладых дрэў і азеляненне прыдамавых тэрыторый варта весці больш актыўна. Яшчэ раз даручана вывучыць сітуацыю ў шматкватэрным доме №1б па вуліцы Заводскай на прадмет пераабсталявання кантэйнернай пляцоўкі па зборы ЦБА. Тым больш, што жыхары гэтага дома ўжо звярталіся ў райвыканкам на “прамую тэлефонную лінію”.

 

 

 

 

Былі выяўлены парушэнні правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання прыватных домаўладанняў: недагледжаныя падворкі, паламаныя платы, несвоечасова праводзіцца пакос пустазелля і ўборка прылеглых да дамоў тэрыторый. Па ходзе руху намеснік старшыні райвыканкама Я.Б. Майсей і намеснік дырэктара РУП ЖКГ А.А. Місюк давалі тлумачэнні, адказвалі на пытанні, прымалі да ведама выказаныя заўвагі.

 

 

Асаблівыя нараканні выклікаў стан тэрыторый вытворчых участкаў Шчучынскага РУП ЖКГ. Кучы жвіру, металалому, зараснікі пустазелля ... Па словах кіраўніка раёна А.В. Садоўскага, многія адказныя асобы падыходзяць да вырашэння пытання добраўпарадкавання горада не па-гаспадарску.

 

 

 

-- Хто як не камунальнікі абавязаны ўтрымліваць свае тэрыторыі ў ідэальным парадку, -- падкрэсліў кіраўнік раёна. -- Ёсць прэтэнзіі да своечасовага абкошвання гарадскіх вуліц, нанясення разметкі, стану дарожных знакаў. Па добраўпарадкаванні горада прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі робіцца даволі шмат, але турбуе безгаспадарчасць і фармальны падыход да выканання сваіх абавязкаў. Сёння задача жыллёва-камунальнай сферы - прадастаўляць якасныя паслугі насельніцтву. Гэта ж наш горад, наша зямля, і ў якасным выкананні гэтай працы павінны быць зацікаўлены перш за ўсё мы, шчучынцы, -- рэзюмаваў А.В. Садоўскі.

 

 

Старшыня райвыканкама даў даручэнне ў двухтыднёвы тэрмін выправіць сітуацыю і навесці належны парадак у горадзе.

 

 

 

Сяргей КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 

 

 

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!