Аўтапрабег “З лампадамі вечнага агню”, 80-годдзе партызанскага атрада “Арлянскі” і рэканструкцыя ваенных падзей з элементамі квэсту…

 

Усё гэта адбылосяў нядзелю 8 мая. Каля трох дзясяткаў машын, упрыгожаных сцягамі, стартавалі апоўдзень з плошчы Свабоды ў Шчучыне. Кіраўнікі раёна і прадстаўнікі аддзелаў райвыканкама, прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх фарміраванняў, ветэраны працы і моладзь дружна рушылі па вызначаным маршруце, каб аддаць даніну памяці тым, хто не шкадаваў свайго жыцця ў барацьбе з фашызмам, змагаючыся за незалежнасць роднай зямлі і мірны сённяшні дзень.

 

У Жалудку многа людзей сабралася на ўрачысты мітынг, прысвечаны 77-годдзю Вялікай Перамогі.Вучні мясцовай школы цікава расказалі аб сваёй пошукавай рабоце, аб кароткім, але такім дастойным жыцці Героя Савецкага Саюза Пятра Батырава, пахаванага ў цэнтры пасёлка побач з брацкай магілай абаронцаў Айчыны. Павіншаваў усіх з Днём Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга старшыня Жалудоцкага сельвыканкама Генадзій Цывінскі, які расказаў і аб тым, што напярэдадні свята Перамогі многае ўдалося зрабіць для добраўпарадкавання памятных мясцін.

 

У гэты дзень тут з жалобай успамінаюць яшчэ адну трагічную дату: 9 мая 1942 года фашысцкія нелюдзі расстралялі дзве тысячы яўрэяў. 80 год прайшло, а памяць аб ахвярах халакосту жыве. Юныя валанцёры шэфствуюць над помнікам, які сёлета рэканструяваны, добраўпарадкавана навакольная тэрыторыя. Ля магілы ахвяр фашызму таксама адбыўся мітынг. Удзельнікі аўтапрабегу ўсклалі кветкі і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць тых, чые жыцці абарвалі нацысты.

 

Наступны прыпынак аўтапрабегу – легендарная партызанская вёска Зачэпічы. Тут ля мемарыяльнага комплексу “Музей. Зямлянка” чакала багата цікавых сустрэч і адкрыццяў. Прысутных, сярод якіх было многа гасцей не толькі з нашага, але і з іншых раёнаў Гродзеншчыны, прывітаў старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі. Ён падкрэсліў, наколькі сімвалічна тое, што мы адзначаем сёлета і Дзень Перамогі, і знакавую для Шчучыншчыны дату – 80-годдзе з дня ўтварэння партызанскага атрада “Арлянскі”, які гераічна дзейнічаў у гэтых мясцінах. Мужна змагаліся народныя мсціўцы, аб’яднаўшыся ў партызанскае злучэнне Шчучынскай зоны (а гэта 4 брыгады агульнай колькасцю 3200 партызан!) пад камандаваннем Сцяпана Шупені.

Былы кіраўнік раёна і Ганаровы грамадзянін горада Шчучына Вінцэнты Казяк з кагорты тых, хто стаяў ля вытокаў стварэння музея-зямлянкі ў 1984 годзе.

 

 -- Гэта было неабходна для увекавечання подзвігу і гераізму нашага народа, для выхавання патрыятызму. Гістарычная памяць – магутны арсенал і магутная зброя, -- перакананы Вінцэнты Іванавіч, які шчыра пажадаў міру і адзінства, стваральнай працы і далейшага эканамічнага развіцця, нягледзячы на ўсе сучасныя выклікі.

 

Прыемна было даведацца, што на ўрачыстасць прыйшлі сын і ўнук партызана атрада “Арлянскі” Аляксандра Аляксеевіча Уладыкіна. Унук, дарэчы, поўны цёзка народнага мсціўца, вельмі цікава расказаў пра свайго гераічнага дзядулю, які пасля вайны закончыў педінстытут і працаваў настаўнікам у Орлеўскай школе, быў арганізатарам музея, выкладаў дзецям гісторыю не толькі па падручніках, а як непасрэдны ўдзельнік баявых аперацый.

З гонарам пра свайго дзеда-партызана Уладзіміра Андрэевіча Грыца, у якога побач з баявымі ўзнагародамі былі заслужаныя ордэны Леніна і “За працоўныя заслугі”, распавёў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Шкіндзераў.

 

А кульмінацыйным момантам ўрачыстасці ля мемарыяльнага комплексу “Музей. Зямлянка” стала ўнясенне адноўленага сцяга партызанскага атрада “Арлянскі”. Гэта стала магчымым дзякуючы скрупулёзнай пошукавай рабоце патрыятычнага клуба “Айчына” і членам БРСМ Орлеўскага д/с – СШ.Дырэктар гэтай установы адукацыі Уладзімір Хелскі выказаў словы падзякі кіраўніцтву раёна і такім арганізацыям, як МПМК-167, лясгас і РУП ЖКГ за дапамогу ў рэканструкцыі партызанскай зямлянкі і праведзенае добраўпарадкаванне на тэрыторыі комплексу.

 

У госці на свята ў Зачэпічызавіталі аматары ваеннай гісторыі з Мінска і іншых гарадоў Беларусі. Яны здымаліся ў дзясятках ваенных фільмаў, прывезлі сваю амуніцыю і ідэі… для сапраўдных лясных прыгод. З іх дапамогай настолькі рэалістычна праходзіла рэканструкцыя ваенных падзей, што здавалася ўсе мы трапілі ў ваеннае ліхалецце. Заяўкі на ўдзел у квэст-гульні “Партызанскімі сцежкамі” падалі восем школ раёна. Аб’яднаўшыся ў чатыры каманды, юныя патрыёты адшукалі сувязь з партызанамі. У зямлянцы сам камандзір штаба залічыў іх у атрад і пачалося выкананне заданняў. Насамрэч грымелі выбухі, прыйшлося увязацца ў бой з фрыцамі, перадаваць шыфроўку па рацыі, разгадваць мудрагелістыя камбінацыі, пераадольваць мінныя палі, трапіць у палявы шпіталь, каб перавязаць раненага таварыша… Сапраўдныя баталіі разгарнуліся на беразе Немана пры захопе маста, а шматлікія гледачы і балельшчыкі імкнуліся ўсё зняць на мабільныя тэлефоны і, кажуць, вельмі перажывалі за сваіх. Вядома ж, нашы перамаглі! Партызаны ўзялі ў палон немцаў, а ўдзельнікі каманд атрымалі за сваю знаходлівасць і ўменне валодаць баявымі навыкамі сертыфікаты, якія ўручыў камандзірам начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Павел Тарчынскі.

 

-- Так вывучаць сваю гісторыю цікава і карысна. Здавалася, што мы сапраўды змагаемся з ворагам у складзе партызанскага атрада “Арлянскі”, -- дзяліліся з намі рабяты сваімі ўражаннямі.

 

Падчас мерапрыемства працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе гучалі песні ваенных гадоў, кружыліся пары ў вальсе Перамогі, палявая кухня частавала самай смачнай салдацкай кашай, а дзятва магла пазаймацца ў лясной школе. Такое не забываецца.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!