Анжэла Юшкевіч: “Я жыву музыкай!”

Анжэла Веніямінаўна Юшкевіч – выкладчыца Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў па класе фартэпіяна, амаль трыццаць год вучыць сваіх выхаванцаў разумець і любіць музыку.

Заўсёды, калі даводзіцца бываць у гэтым храме мастацтваў, – а інакш Шчучынскую дзіцячую школу мастацтваў я назваць проста не магу – прыемна адчуваць асаблівую творчую атмасферу, якая там пануе. Амаль з кожнага кабінета льюцца гукі музыкі – так і хочацца спыніцца і паслухаць. А нараджаюцца яны ў выніку доўгай, карпатлівай працы вучня і педагога, шматгадзінных заняткаў, маленькіх і вялікіх поспехаў і перамог… 
Увесь гэты працэс добра вядомы і Анжэле Веніямінаўне. Яна, можна сказаць, з дзяцінства расла ў свеце музыкі і прыгажосці. Яе мама працавала ў Шчучынскай музычнай школе сакратаром вучэбнай часткі, цёця была завучам. І як толькі дазволіў узрост, Анжэла Веніямінаўна таксама пачала вучыцца іграць на фартэпіяна. Пасля заканчэння школы паступіла ў Гродзенскае музычнае вучылішча. Атрымала спецыяльнасць, вярнулася ў родны горад і выкладала ў музычнай школе ў Шчучыне, а таксама ў яе філіялах у Дэмбраве і Ражанцы. Завочна закончыла Беларускі ўніверсітэт культуры. 
Мы сустрэліся з Анжэлай Веніямінаўнай якраз у той дзень, калі на Шчучыншчыне ўшаноўвалі перадавікоў вытворчасці. Як лепшая па прафесіі яна таксама атрымала ўзнагароду. А вось парадавацца сваім поспехам у яе не вельмі атрымлівалася: Анжэла Веніямінаўна хвалявалася за свайго вучня Міхаіла Рэзчыкава, які прымаў удзел у X абласным конкурсе юных піяністаў у Гродне. Толькі ўсе хваляванні былі дарэмнымі: Міхаіл у чарговы раз выступіў выдатна і прыпаднёс свайму педагогу выдатны падарунак – заняў першае месца. 
– Ведаеце, я пастаянна жыву музыкай, інакш у мяне не атрымліваецца, – расказвае мая суразмоўца. – І дома, і ў школе думаю аб тым, якія музычныя творы лепш падабраць для сваіх вучняў, каб юныя музыкі змаглі цалкам раскрыцца, праявіць сябе. Шмат часу мы займаемся з Міхаілам. Ён для мяне – падарунак лёсу, сапраўдны талент. Здараецца, і дома іграю для сваіх блізкіх, для сяброў. Дарэчы, у мяне ўся сям’я музычная. Муж Дзмітрый, які працуе будаўніком, добра спявае. У свой час ён займаўся ва ўзорным танцавальным калектыве. Дачка Вікторыя таксама наведвае дзіцячую школу мастацтваў і выдатна іграе на фартэпіяна. 
Музыцы Анжэла Веніямінаўна аддае практычна ўвесь час. Аднак любіць чытаць, умее вязаць і вышываць крыжыкам. Пакуль для гэтых захапленняў не так проста знайсці вольную хвілінку. А яшчэ яе ўвагі патрабуюць і хатнія гадаванцы – кошка і сабачка шпіц. 
– Калісьці мне вельмі хацелася працаваць у музычнай школе, вучыць музыцы дзяцей, – гаворыць Анжэла Веніямінаўна. – Я вельмі рада, што не памылілася з выбарам. І сёння ў мяне ёсць любімая работа і любімая сям’я. Я лічу сябе абсалютна шчаслівым чалавекам. А мілым жанчынам напярэдадні свята 8 Сакавіка хачу пажадаць здароўя, сямейнага шчасця і дабрабыту, міру і любві. І абавязкова – вясновага настрою!
Ганна РУДСКАЯ. Фота аўтара. 

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!