Анатолій Віктаравіч і Валянціна Уладзіміраўна Будрэвічы адзначылі свае юбілеі ў адзін дзень

Днямі заслужаныя работнікі сельскагаспадарчай галіны Анатолій Віктаравіч і Валянціна Уладзіміраўна Будрэвічы з г.п Астрына адзначылі свае 60-гадовыя юбілеі. Муж і жонка нарадзіліся ў адзін дзень і вось ужо 38 гадоў шчасліва жывуць разам.

 

 

Павіншаваць паважаных юбіляраў з Днём нараджэння і ўручыць Ганаровыя граматы і кветкі прыехалі намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Анатолій Іванавіч Тодрык і прафсаюзны лідар аграрыяў Шчучыншчыны Генрых Іосіфавіч Юрэвіч.

 

– Менавіта на такіх прафесіяналах і трымаецца сельская гаспадарка раёна! – зазначыў Анатолій Іванавіч Тодрык. – Дзякуючы выдатным арганізатарскім здольнасцям і мэтанакіраванасці вы заўсёды дабіваецеся поспеху ў любой справе і з задавальненнем дзеліцеся назапашаным працоўным вопытам. Жадаю здароўя, шчасця і сямейнага дабрабыту!

 

Да слоў Анатолія Іванавіча далучыўся старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Генрых Іосіфавіч Юрэвіч і дадаў, што сям’ю Будрэвічаў добра ведаюць у раёне як людзей працавітых, адказных і добрасумленных, таму паважаюць.

 

– Я працую ў сельскагаспадарчай галіне ўжо 38 гадоў, – гаворыць Анатолій Віктаравіч Будрэвіч. – Пачынаў меліяратарам на Віцебшчыне, а потым пераехаў у Астрыну і ўладкаваўся ў Шчучынскае ПМС. У 1998 годзе ўзначаліў калгас “Савецкая Беларусь”, які пасля быў рэарганізаваны ў ААТ “Агра-ГЖС”. У пачатку нулявых эканамічная сітуацыя была няпростай, аднак дзякуючы высокаму прафесіяналізму нашых работнікаў мы выконвалі даведзеныя паказчыкі. Апошнія 12 гадоў кірую ВК “Шчучынскае пчалярства”. У нас налічваецца 1040 сямей пчол. Мы іх разводзім і рэалізуем, а таксама здаём на перапрацоўку мёд – 25 тон у год. Наша прадукцыя паспяхова расходзіцца па ўсёй Беларусі, частку пастаўляем у суседнюю Расію.

 

– Пра любімую справу ён можа гаварыць гадзінамі, – характарызуе мужа Валянціна Уладзіміраўна Будрэвіч. – І без працы сядзець не можа. На яго раўняюся і я, таму нам заўсёды ёсць аб чым пагутарыць і што абмеркаваць.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!