Амаль тры тысячы турыстаў за паўгода прыняў сёлета клуб-музей Чэслава Немэна
-- Летась у нас пабывала 5 тысяч турыстаў, і папулярнасць Старых Васілішак працягвае расці. Аб гэтым сведчаць і лічбы, і геаграфія краін, адкуль родам нашы госці, -- канстатуе У.У. Сянюта -- нязменны захавальнік духоўных вытокаў славутага земляка Чэслава Немэна -- музыканта і кампазітара з сусветным іменем.
Уладзімір Уладзіміравіч з задавальненнем пералічвае кропкі на карце, адкуль прыязджаюць турысты ў нашу краіну, не абмінаючы пры гэтым сціплую хатку, дзе нарадзіўся таленавіты хлопчык Чэсік Выджыцкі, які праславіў і сваю родную вёску, і Беларусь, і Польшчу, дзе сфарміраваўся як знакаміты на ўвесь свет рок-музыкант са сцэнічным псеўданімам Чэслаў Немэн.
-- Прыкладна 60 працэнтаў іншаземных наведвальнікаў клуба-музея -- з суседняй Польшчы, але бываюць і турысты з Германіі, Францыі, Швецыі, Фінляндыі, Англіі, Канады, ЗША, нават са Шры-Ланкі і Камеруна. Само сабой, нямала расіян, жыхароў краін СНД, -- сцвярджае У.У. Сянюта.
Нам і самім у сядзібе Выджыцкіх удалося пазнаёміцца з замежнымі гасцямі -- прыхільнікамі творчасці Чэслава Немэна. Халіда і Маліка з Алматы, сталіцы Казахстана, прыехалі ў Старыя Васілішкі разам з пані Эляй з польскага Жыхліна. Жанчыны разам адпачываюць у адным з беларускіх санаторыяў і, па іх словах, не маглі не выкарыстаць магчымасць, каб не наведаць клуб-музей славутага музыканта.
А вось Андрэю і Даніілу Канстанцінавым з Пскова не адмовіш у арыгінальнасці. Бацька і сын пераадолелі шэсць соцень кіламетраў на веласіпедах, каб спраўдзіць даўнюю мару Канстанцінава-старэйшага.
-- Па песнях Немэна ў свой час я вучыў польскую мову і з маладосці марыў наведаць яго малую радзіму. І вось гэтым летам, захапіўшы палатку, мы з сынам у Беларусі, у гасцінных Старых Васілішках. Гэта спатканне з духоўнай спадчынай і землякамі любімага музыканта не расчаравала, -- гаворыць Андрэй Канстанцінаў, які ў падарунак музею прывёз свой артыкул пра Чэслава Немэна, апублікаваны ім у пскоўскай газеце яшчэ ў 1997 годзе пад назвай "Удивителен этот мир".
У клубе-музеі могуць расказаць пра супрацоўніцу бібліятэкі з горада Цвер, якая дабралася да Старых Васілішак аўтастопам, пра чорнаскурага фаната-камерунца, што з уласцівай яго народу экспрэсіяй імкліва пераступіў парог дома Выджыцкіх і кінуўся на калені перад партрэтам Чэслава Немэна.
Музей у Старых Васілішках -- адно з самых наведваемых турыстамі месц на Шчучыншчыне. Тут рэгулярна папаўняюцца экспазіцыі, з кожным разам харашэе тэрыторыя сядзібы. Колькі б не прыязджаў у госці "да Чэслава Немэна", цябе чакаюць новыя адкрыцці і незвычайная аўра, што натхняе і дорыць незабыўныя ўражанні.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота аўтара.