Акурат 15 сакавіка – у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь – ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Мікалаевіч Юр’еў адзначыў свой 95-гадовы юбілей

Павіншаваць былога франтавога разведчыка прыйшлі кіраўнік справамі райвыканкама Алена Вайцехаўна Давыдава і старшыня раённага Савета ветэранаў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч, а таксама даўнія сябры і піянеры трэцяй гарадской школы.

-- Дзякуй за Перамогу і магчымасць свабодна жыць пад мірным небам, -- выказала цёплыя словы ў адрас юбіляра А.В. Давыдава. – Вы не скарыліся ворагу і адстаялі нашу незалежнасць. Маладое пакаленне шчучынцаў ніколі не забудзе ваш подзвіг!

Павіншаваў ветэрана з 95-ым Днём нараджэння і Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч і пажадаў надалей заставацца такім жа бадзёрым і аптымістычным.

Сапраўды, нягледзячы на перажытае падчас вайны, М.М. Юр’еў не страціў любові да жыцця і па-ранейшаму з радасцю сустракае кожны новы дзень.

-- Я служыў у франтавой разведцы, таму заўсёды быў на перадавой – у самым пекле баявых дзеянняў, -- гаворыць Мікалай Мікалаевіч. – Каб сабраць свежую мы часта пранікалі да фашыстаў у тыл небяспечнымі: кожны раз разведчыкі рызыкавалі трапіць у засаду і быць забітымі. Здараліся і перастрэлкі, з якіх мы не заўсёды вярталіся без страт. Я і сам быў тройчы паранены і адзін раз кантужаны. Як толькі ўрачам удавалася зноў паставіць мяне на ногі – рваўся на фронт, бо там ваявалі мае сябры, якіх я не мог пакінуць без дапамогі. Да самага канца вайны прачэсваў па-пластунскі варожыя тылы. Перамогу сустрэў пад Кёнігсбергам.

 З асаблівай цікавасцю ветэрана М.М. Юр’ева слухалі піянеры СШ№3 г. Шчучына. Яны далі слова берагчы мір на беларускай зямлі і адстойваць незалежнасць роднай краіны.

Аляксандр КАСПЯРЧУК. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!