Аграрыі ААТ “Шчучынаграпрадукт” убралі азімы ячмень і пераключыліся на азімы рапс і трыцікале

Аграрыі ААТ “Шчучынаграпрадукт” ужо ўбралі азімы ячмень: са 100 гектараў намалацілі каля 520 тон зерня. Затым пераключыліся на азімы рапс і трыцікале. Уборку апошняга даверылі вопытным механізатарам Анатолію Іванавічу Бакуну і Сяргею Станіслававічу Валошку.

 

– Гэта ўжо восьмае маё жніво, – зазначае камбайнер Анатолій Іванавіч Бакун. – Летась намалаціў звыш 1600 тон зерня, аднак сёлета планую больш. Дзякуючы цёпламу надвор’ю і частым дажджам хлебная ніва выдатна ўрадзіла. Зараз убіраю азімае трыцікале сорту “Антось”. Вы паглядзіце на гэтыя буйныя каласы: ураджайнасць складае ў сярэднім 50 цэнтнераў з гектара! У дзень намалочваю да 80 тон зерня. Бункер камбайна “Палессе” запаўняецца прыкладна за 15-20 хвілін, і я выгружаю намалочанае ў грузавікі, што дзяжураць побач у полі. Яны адвозяць “залаты груз” на дапрацоўку на зернесушыльныя комплексы, якіх у гаспадарцы пяць.

 

– Як вы вытрымліваеце па 10-12 гадзін напружанай працы ў полі? – цікаўлюся ў нашага суразмоўцы.

 

– Я ведаў, куды ішоў, калі выбіраў прафесію механізатара, – гаворыць Анатолій Іванавіч. – На зямлі працаваць няпроста, але калі рабіць гэта з поўнай аддачай, то і вынік будзе адпаведны. Сам я тутэйшы, з вёскі Барташы. Падчас жніва ўсе хатнія клопаты бярэ на сябе мая жонка Таццяна Іванаўна, якая працуе ў роднай гаспадарцы аператарам машыннага даення на малочнатаварнай ферме “Жылічы”. Ёй дапамагае наш старэйшы сын Артур і яго другая палавінка, якія жывуць разам з намі.

 

Усяго у ААТ “Шчучынаграпрадукт” пад азімае трыцікале адведзена 1330 гектараў, пад рапс – 600 гектараў, на ўборцы якіх будзе задзейнічана 13 зернеўборачных камбайнаў – у тым ліку 2 новыя, набытыя перад пачаткам уборачнай кампаніі.

 

 

– Нам неабходна абмалаціць 3673 гектары зерневых і зернебабовых культур, – дзеліцца галоўны аграном ААТ “Шчучынаграпрадукт” Валяр’ян Янавіч Фядзюк. – У адрозненне ад мінулага года, калі з-за моцнай засухі мы былі вымушаны выйсці ў поле раней, сёлета жніво пачалі ў аптымальны тэрмін. Плануем сабраць звыш 15000 тон зерня, большасць з якога пойдзе на корм буйной рагатай жывёле і свінням, якія ўтрымліваюцца ў гаспадарцы. Калі надвор’е не ўнясе свае карэктывы, завяршым уборачную кампанію за тры тыдні.

 

Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!