Адзін у адзін. У цэнтры турызму і краязнаўства ў адной зале сабраны амаль усе архітэктурныя жамчужыны Шчучыншчыны і не толькі…

 

Нядаўна ў Шчучынскім раённым цэнтры турызму і краязнаўства адкрыўся міні-музейчык, а дакладней – этнаграфічны пакой.

 

– Паколькі наш цэнтр выступае каардынатарам музейнай педагогікі, аказвае навучальным установам метадычную і кансультацыйную дапамогу, то мы вырашылі паказаць у гэтай справе прыклад, – гаворыць дырэктар РЦТіК Алена Іванаўна Арабчык. – Адно з памяшканняў ператварылі ў сялянскую хату, дзе сабраны рэчы вясковага побыту.

 

Стараннямі загадчыка гаспадарчай часткі І.К. Здановіча і дзякуючы яго майстэрству сцены “хаткі” абабіты сапраўдным брусам, а “гаспадыні” ўпрыгожылі іх, згодна з народнымі традыцыямі, вышыванкамі, аўтэнтычнымі ручнікамі, карцінамі мясцовых мастакоў. Экспанаты збіралі ў вёсках, дый шчучынцы прапаноўвалі старадаўнія рэчы. Многае А.І. Арабчык прывезла са свайго бацькоўскага дома – драўляную самаробную калыску, у якой люлялі немаўлят, тканыя дываны, этажэрку з 60-х і многае іншае. Ёсць у гэтай імправізаванай хаце адмысловы куфар з усім начыннем, дарэчы, знутры аклеены польскімі газетамі 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Маслабойка, калаўрот, плеценыя рэчы, гліняны посуд – ды чаго тут толькі няма? Запэўніваем вас: гэта трэба бачыць на свае вочы!

 

 

І яшчэ ў цэнтры турызму ёсць адна зала, вартая захаплення, – краязнаўчая. Тут, пасля рэалізацыі аднаго з раённых праектаў, сабраны макеты (адзін у адзін!) архітэктурных жамчужын нашага краю, якія выраблялі майстры ўстаноў адукацыі: кожны – свой аб’ект, якім найбольш славіцца малая радзіма. Усе экспазіцыі надзвычай запатрабаваны. Сюды з задавальненнем прыходзяць і дашкаляты, і вучні самых розных узростаў – як з гарадскіх школ, так і з сельскіх.

 

– Мы праводзім для рабят “Краязнаўчыя гасцёўні”, віртуальныя падарожжы, квэст-экскурсіі, – распавядае метадыст Вольга Аляксандраўна Цішко.

 

Як расказалі нам у цэнтры турызму і краязнаўства, тут да ўсяго з задавальненнем займаюцца з дарослымі. Да прыкладу, падрыхтавалі групу экскурсаводаў-аматараў, у якой, між іншым, знайшліся энтузіясты, што маюць намер абараніць статус экскурсавода і атрымаць афіцыйнае пасведчанне.

 

 

– У планах стварыць экспазіцыю, прысвечаную гісторыі турызму на Шчучыншчыне і, канешне, працягваць папаўняць экспанатамі этнаграфічны пакой і краязнаўчую залу, – падзялілася напрыканцы нашай размовы дырэктар РЦТіК Алена Іванаўна Арабчык.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!