Адметны след на шчучынскай зямлі

Днямі свой 80-гадовы юбілей адзначыў Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь, Ганаровы грамадзянін Шчучына Анатоль Паўлавіч Майстровіч. Так склалася жыццё, што зараз гэты паважаны чалавек жыве ў абласным цэнтры. Але за той адметны след, які ён пакінуў падчас працы на Шчучыншчыне, яго прозвішча і цяпер гучыць тут па-асабліваму. Анатоля Паўлавіча памятаюць і паважаюць былыя калегі, узгадваюць добрым словам пацыенты, проста знаёмыя з доктарам людзі. 

Кіраўніцтва раёна, многія шчучынцы не абышлі ўвагай дастойны юбілей А.П. Майстровіча, успрынялі яго як добрую нагоду павіншаваць імянінніка, ад шчырага сэрца пажадаць, каб у здароўі і радасці доўжыўся яго жыццёвы шлях. З такой жа мэтай пераступілі парог гродзенскай кватэры Анатоля Паўлавіча і галоўны ўрач УАЗ «Шчучынская ЦРБ» С.Г. Амбрушкевіч, яго намеснік А.А. Жамойціна, галоўны бухгалтар А.В. Шота, старшыня прафкама А.С. Падзялінская.


 Анатоль Паўлавіч сустрэў гасцей са Шчучына ў добрым настроі, бадзёрым, поўны жыццёвых сіл. Былі абдымкі, успаміны... У прыватнасці, пра тое, як некалі хлопец з Гомельшчыны здзейсніў сваю мару пра медыцыну. Скончыўшы медвучылішча ў Мазыры, у 1957 годзе малады фельчар прыехаў на сваё першае месца працы – у Васілішкаўскую ўчастковую бальніцу. Потым папаўняў прафесійныя веды ў аўдыторыях Гродзенскага медыцынскага інстытута. Спецыялістам з дыпломам ВНУ на некалькі месяцаў з’ехаў на працу у адзін з раёнаў вобласці, але хутка вярнуўся ў Васілішкі і ўзначаліў калектыў мясцовай бальніцы. Праз пэўны час А.П. Майстровіч ужо загадваў тэрапеўтычным аддзяленнем Шчучынскай ЦРБ. А ў поўнай меры свой прафесіяналізм і арганізатарскія здольнасці праявіў на пасадзе галоўнага ўрача гэтай установы аховы здароўя. Толькі падумаць, 32 гады ён стаяў ля руля ЦРБ і ўсёй медыцыны раёна! Ахвотна перадаваў свой каштоўны досвед моладзі, шмат увагі ўдзяляў умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы аховы здароўя. У гады яго кіраўніцтва былі пабудаваны адміністрацыйны корпус райбальніцы, дзіцячая кансультацыя і стаматалагічнае аддзяленне, пяціпавярховы лячэбны корпус, наваселле справілі адміністрацыя, работнікі «хуткай дапамогі» і профільныя спецыялісты паліклінікі...
– Шмат сіл, энергіі, свой арганізатарскі талент ён аддаў любімай рабоце. Галоўнага ўрача Майстровіча вызначалі мэта­накі­раванасць, нас­той­лі­васць, уменне думаць на перспектыву, гаспа­­дарлівасць. Разам з тым Анатоль Паўлавіч заўжды заставаўся урачом-прафесіяналам, апантана дапамагаў людзям вяртаць здароўе, – падкрэслівае яго пераемнік на пасадзе кіраўніка ЦРБ Станіслаў Георгіевіч Амбрушкевіч. – Рознымі былі яго колеры жыцця, але гэты моцны духам чалавек выстаяў і служыў прыкладам для многіх. Таму яго след на шчучынскай зямлі такі адметны.
З юбілеем, шаноўны Анатоль Паўлавіч! Ад удзячных пацыентаў і ўсіх шчучынцаў, якія ведаюць Вас, – здароўя на доўгія гады і ўсіх зямных даброт.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Fill in the blank.