Адкуль вы, людцы, будзеце?

У тэлефонным даведніку ёсць прозвішчы жыхароў раёна, сугучныя з геаграфічнымі назвамі. Іх няшмат, і гэта асабліва прываблівае. Смаленскі, Саратаў, Львова, Сланімец, Слуцкая і Лідская... “Няўжо ўсе прыезджыя?», – здзіўляюся. «Адкуль вы, людцы, будзеце?», – задаю пытанне вяскоўцам і гараджанам, якія адказалі на мой званок. Сярод субяседнікаў аказаліся людзі шчырыя, падзяліліся цікавымі аповедамі пра свае карані, радзіну і радзіму.

«Большага шчасця, чым мір, быць не можа»

Жыхарка Шчучына Раіса Андрэеўна Саратава вывела сваю формулу шчасця:

– Больш за ўсё цаню мірнае жыццё. Хачу, каб дзеці і ўнукі жылі спакойна, спакойна развіваліся і працавалі. Каб ніхто з жанчын не спазнаў перажыванняў, якія прыйшліся на маю долю. Муж, вайсковец, двойчы нёс службу ў Афганістане, быў паранены... Памятаю, як чакала ад яго вестачку. Атрымліваючы пісьмо, адразу глядзела на штэмпель: колькі часу прайшло, як адправіў пісьмо, ці хоць жывы?

Да пераезду ў Шчучын ў сям’і было, па словах жанчыны, качавое жыццё. Аляксандр Аляксеевіч служыў у Сярэдняй Азіі, у прыватнасці, доўгі час – на мяжы з Афганістанам, а таксама ва Украіне, Польшчы... Змяняліся гарнізоны, і, як кажа Раіса Андрэеўна, «магла за суткі сабрацца і пераехаць на іншае месца». У тым, што аказаліся ў Беларусі, яна бачыць знак лёсу. Маўляў, на той час сем’і вайскоўцаў мелі магчымасць выбраць, дзе атрымаць жыллё. І калі ў Саратавых, якія раней ніколі не былі ў нашай рэспубліцы, пыталіся, куды б яны хацелі паехаць, яны адказвалі: “У Беларусію”. На здзіўленне ў хуткім часе часць, дзе служыў муж, сапраўды накіравалі ў Шчучын. Было гэта ў 1990 годзе.

– Калі распаўся Саюз, многія сем’і вайскоўцаў ад’язджалі. Нас клікалі ва Украіну, дзе на той час жылі бацькі. Але мы з мужам без сумненняў засталіся ў Шчучыне. І ніколі не пашкадавалі. Вельмі важна, што над намі мірнае неба. Сёння я лічу Беларусь сваёй Радзімай, – запэўнівае мая субяседніца.

За дваццаць восем год жыцця са шчучынскай прапіскай Саратавы сталі сваімі сярод сваіх. «Абраслі» сябрамі і знаёмымі. Раіса Андрэеўна больш за 25 год адпрацавала на заводзе “Аўтапровад”. Яе, былога начальніка юрыдычнага аддзела, працяглы час яшчэ і старшыню назіральнага Савета прадпрыемства, і цяпер успамінаюць там добрым словам. Адказная, сумленная, кампетэнтная – так характарызуюць жанчыну яе нядаўнія калегі. І хаця Раіса Андрэеўна ўжо на заслужаным адпачынку, прызнаецца, што юрыспрудэнцыю не забывае, – стараецца быць у курсе ўсіх змен у заканадаўстве, цікавіцца падзеямі, што адбываюцца ў краіне і свеце.

Між іншым, у тым, што прозвішча Саратавых, як кажуць, загучала, стала сінонімам добрасумленнай працы і прыстойнасці, заслуга і мужа Аляксандра Аляксеевіча. Пасля таго, як вайсковую часць расфарміравалі, ён сумаваў па “крылатай” рабоце і яшчэ некалькі год ездзіў на працу ў Ліду, а потым прыйшоў на завод, дзе з дзясятак год сачыў за якасцю кабельных вырабаў, з’яўляючыся супрацоўнікам службы тэхнічнага кантролю.

– Саратавы – спрадвечна рускае прозвішча, – тлумачыць Раіса Андрэеўна. – Бацька мужа з Пскоўскай вобласці, да вайны жыў у Санкт-Пецярбургу. Ведаем, што ў васьмігадовым узросце ён нават імператара Мікалая 2-га бачыў. А яго мама са знакамітага роду Чарапанавых. Абое ваявалі на фронце. Бацька быў паранены, пасля чаго сям’я пераехала ва Украіну. Тут жыла і мая сям’я. Я ж сама ўкраінка, родам з Кіеўскай вобласці...

У руска-ўкраінскай сям’і шчучынцаў Саратавых лад і спакой. А парушае яго хіба што сямігадовы ўнучак Вадзім, які прыязджае з Гродна з мамай Вікай. Бабуля з дзядулем надзвычай рады дарагім гасцям.

“Мы – шчучынскія Лідскія”

У адной з папулярных телеперадач любяць запрашаць знакамітага чалавека і раскладваць па палічках яго генатып. Госці не хаваюць здзіўлення, даведаўшыся, што іх род «прыйшоў» ажно з якой-небудзь афрыканскай ці азіяцкай краіны... “Вандруюць” па белым свеце і гены ўраджэнцаў Беларусі. Так, унучка 78-гадовай Адэлі Каліксаўны Лідскай Вольга вось ужо 20 год жыве ў Пакістане, выхоўвае трох дачушак-прыгажунь – Аліну, Соф’ю і Майру, якія даводзяцца Адэлі Каліксаўне праўнучкамі.

Вось што расказала Таццяна Адольфаўна Куроўская (у дзявоцтве таксама Лідская) – дачка Каліксаўны і шчучынская бабуля пакістанскіх унучак:

 – Там яны ходзяць у школу, маюць сяброў. Калі-нікалі прыязджаюць да нас у госці, але часцей кантактуем праз скайп. Балазе, сучасныя тэхналогіі дазваляюць і бачыць суразмоўцу, і пагаварыць з ім. Клічуць і да сябе. Пакуль не сабраліся...

Калі, магчыма, пакістанская радня захоча скласці свой радавод, адна з галін на родавым дрэве “дацягнецца” ажно да невялікага хутара ля вёскі Заполле. Тут жылі-пажывалі, дабра і дзяцей нажывалі працавітыя людзі па прозвішчы Лідскія. «Гэта мой дзед па бацькоўскай лініі Іван Іосіфавіч з жонкай Марыяй Віктараўнай, – удакладняе Т.А. Куроўская. – Гаспадар дома быў знакаміты сталяр, майстар на ўсе рукі, а яго палавінка вяла хатнюю гаспадарку і займалася дзецьмі – у сям’і іх было шасцёра. Разляцеліся мае дзядзькі-цёці з родавага гнязда. Адзін з татавых братоў ажно ў Петрапаўлаўску-Камчацкім асеў: служыў у арміі і застаўся. Цяпер і там ёсць Лідскія... Зрэшты, як і ў Валгаградзе, дзе пусціў карані мой брат Валерый. Ён у нас геройскі чалавек – два гады служыў у Афганістане».

А бацька самой Таццяны Адольфаўны асталяваўся ў Шчучыне. Некалі ля іх хутара размяшчалася авіякропка. Вайскоўцы хадзілі, лічы, ля парога. Нагледзеўшыся на людзей у пагонах, Адольф Лідскі стаў прапаршчыкам, 27 год адслужыў авіяцыйным тэхнікам. І адслужыў годна!

– Аднойчы тату як лепшага спецыяліста накіравалі на вялікі злёт у Маскву. Там ён з легендарным лётчыкам Кажадубам сустракаўся, нават сумеснае фота ёсць, – ганарыцца дачка. – Цяпер гэта сямейная рэліквія.

Тата Таццяны Адольфаўны год таму завяршыў свой зямны шлях, а мама радуе дачку сваёй прысутнасцю. Цяпер дапамагае Таццяне прыглядаць за пяцігадовым унукам, сваім праўнукам. Дарэчы, Адэля Каліксаўна дастойна не меншай павагі за руплівую працу на “Аўтапровадзе”, а потым – у дывізіённай аўтарамонтнай майстэрні.

Даўно няма ля Заполля таго хутара, на месцы вялікага саду – поле... Але памяць пра добрых людзей жыве. І будзе жыць, пакуль тыя, у чыіх жылах цячэ кроў сялян Лідскіх са Шчучыншчыны, будуць цікавіцца сваімі продкамі.

«У мяне дзве Радзімы»

Лёсы людскія – цікавая і аб’ёмная кніга, бо яе аўтар – само жыццё. Адметная старонка ў гэтай кнізе належыць і жыхарцы Дэмбрава Вользе Міхайлаўне Слуцкай. Гэта добразычлівая жанчына ахвотна прыгадвае перажытае, дзеліцца думкамі, успамінае сваю сустрэчу з беларусам Яўгенам Слуцкім, ураджэнцам Шчучыншчыны. Лёс закінуў хлопца з вёскі Вайкалы за дзве тысячы кіламетраў ад дома – у пасёлак Самадзед Плісецкага раёна Архангельскай вобласці. Адлегласці не палохалі: на той момант малады чалавек ужо адслужыў на марфлоце на Далёкім Усходзе. Калі вярнуўся дамоў, заставацца ў вёсцы не захацеў: вывучыўся на электралінейшчыка ў Мінску і быў накіраваны ў далёкі паўночны рэгіён – узводзіць высакавольтную лінію электраперадач. “Пасёлак у нас вялікі, на танцах мы з Яўгенам і пазнаёміліся», – прыгадвае суразмоўца.

Пажаніўшыся, расіянка Вольга і беларус Яўген засталіся жыць у пасёлку. Нарадзіліся два сыны і дачка. Усё б нічога, але развалілася вялікая краіна, пусціўшы пад адхон і планы сям’і Слуцкіх. Найгорш, што захварэў і дачасна пайшоў з жыцця муж. На календары быў 1995-ы. Дачцэ Ірыне споўнілася 18, працы для яе ў пасёлку не знайшлося, і Вольга Міхайлаўна вырашыла паехаць на радзіму мужа, дзе жылі на той момант яго матуля і браты. Беларуская радня прыняла гасцінна, дапамагала, чым магла. «Меркавалі, што едзем ненадоўга, а выйшла – затрымаліся», – расказвае жанчына.

Каб жыць, трэба было працаваць. Маці і дачка ўладкаваліся ў мясцовы калгас. Гаспадарка выдзеліла жыллё. Цяпер Вольга Міхайлаўна і Ірына Яўгенаўна жывуць у прасторным доме. Старэйшай гаспадыньцы ўжо за семдзесят, яна даўно на пенсіі, а дачка шчыруе на палетках гаспадаркі. “Лета для паляводаў пара гарачая, Ірына занята на ўборцы сена”, – тлумачыць матуля.

Пакуль дачка на працы, а ўнучка на вучобе (Марыя Слуцкая – першакурсніца Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, будучы біяэколаг), Міхайлаўна падтрымлівае парадак у доме, даглядае агарод, чытае. Вельмі любіць дакументальную гістарычную прозу. Кнігалюб і дачка Ірына, і ўнучка Маша. “Мы часта ходзім у бібліятэку, – гаворыць субяседніца. – А яшчэ я аматарка разгадваць красворды і іншыя “галаваломкі”.

Больш за дзве тысячы кіламетраў аддзяляюць расійскі пасёлак Самадзед ад беларускага аграгарадка Дэмбрава. Але сувязі не абрываюцца. Там жа жывуць сыны Вольгі Міхайлаўны, трое ўнукаў... Усе яны – Слуцкія!

 – Калі маладзейшая была, не так моцна цягнула ў родныя мясціны, а цяпер настальгія большая, – прызнаецца жанчына. – Уважліва сачу за падзеямі ў Расіі. Учора, да прыкладу, з цікавасцю слухала, як Пуцін адказваў на пытанні расіян. Мы ж з дачкой грамадзянства не мянялі, бо перад вачамі быў прыклад землякоў, якія ў адзін з намі час выехалі ў суседнюю краіну, сталі яе грамадзянамі, але не прыжыліся і вымушаны былі вярнуцца назад. Вось і мы пабаяліся... Дарэчы, падчас нядаўніх выбараў Прэзідэнта Расіі Ірына ездзіла ў Гродна, дзе быў адкрыты выбарчы ўчастак, і прагаласавала за Пуціна. Між тым, лічу, у мяне дзве Радзімы – Расія і Беларусь. Калі б можна было, мы з задавальненнем і за Лукашэнку прагаласавалі б...

Калі на выхадныя прыязджае з Гродна Маша, бабуля абавязкова распытвае яе пра вучобу і студэнцкае жыццё, частуе хатнімі прысмакамі. Дарэчы, назвала яна ўнучку ў гонар свае прабабулі. Працавітая і прыстойная была жанчына, 13 дзяцей нарадзіла... А яшчэ Вольга Міхайлаўна расказвае Марыі гісторыю дзвюх галін іх роду. У прыватнасці, пра свайго бацьку, які падчас Вялікай Айчыннай вайны абараняў Ленінград, перанёс шмат жыццёвых выпрабаванняў дзеля таго, каб у яго нашчадкаў над галавой было чыстае неба.

– Я сказала сваёй унучцы: «Пойдзеш замуж – прозвішча Слуцкая не мяняй, ці на крайні выпадак няхай будзе падвоеным», – з усмешкай дадае Вольга Міхайлаўна. – Вельмі яно мне падабаецца, такое мілагучнае і прыгожае...

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!