Ад магутнай тэхнікі і аддача вялікая

Шчучынскія камунальнікі нядаўна набылі новы драбільны комплекс, аналагаў якому пакуль няма ў вобласці. Цяпер кацельныя раёна будуць цалкам забяспечаны неабходнай колькасцю шчэпак.

Каб убачыць новую тэхніку ў дзеянні, мы завіталі на паліўны склад РУП ЖКГ, дзе агранізавана нарыхтоўка шчэпкі. На вочы адразу трапіў магутны трактар “Беларус-35.22” з прычэпленым стальным маніпулятарам. Пры дапамозе “жалезнай рукі” агрэгат з лёгкасцю падымаў з зямлі таўшчэзныя драўляныя абрэзкі і накіроўваў іх у драбільную машыну, дзе тыя за імгненне ператвараліся ў шчэпкі. Кіраваў гэтым працэсам вопытны механізатар С.І. Мыцко.
– Новая драбілка вельмі магутная, – падкрэслівае Станіслаў Іосіфавіч. – Яна з лёгкасцю здрабняе дрэвы дыяметрам да 80 сантыметраў і дазваляе атрымаць у дзень да 60 кубоў шчэпак. Стальны маніпулятар здольны падняць звыш тоны драўляных абрэзкаў. Кіраваць працэсам камфортна: замест звыклых рычагоў у новейшым айчынным энерганасычаным трактары “Беларус-35.22” усталяваны больш зручныя джойстыкі, якія плаўна рэагуюць на кожны дотык. Кабіна шумаізалявана, унутры прадугледжаны кліматкантроль, таму працаваць – адно задавальненне! 


Драбіць драўляныя абрэзкі С.І. Мыцко дапамагае яго напарнік І.І. Хвайніцкі, які працуе на крыху менш магутным драбільным комплексе. Разам яны цалкам “закрываюць” патрэбы арганізацыі ў паліве ў зімовы перыяд.
– У нашым раёне налічваецца 32 кацельныя, з якіх 7 – змешаныя, а 21 пераведзена на дровы і шчэпкі, – зазначае начальнік службы ацяпляльных кацельных і цепласетак РУП ЖКГ Андрэй Яўгеньевіч Ліпскі. – Для іх бесперабойнай работы мы ўжо нарыхтавалі 10766 метраў кубічных дроў і 4200 “кубоў” шчэпак, і гэтыя лічбы кожны дзень павялічваюцца. Актыўнае выкарыстанне мясцовых відаў паліва дазваляе нам значна паменшыць затраты на цеплазабеспячэнне і тым самым знізіць сабекошт адной гігакалорыі. У гэтым зацікаўлены не толькі мы, але і спажыўцы.
Аляксандр КАСПЯРЧУК. 
Фота аўтара.

Голосов пока нет

Добавить комментарий

CAPTCHA
Этот вопрос задается для того, чтобы выяснить, являетесь ли Вы человеком или представляете из себя автоматическую спам-рассылку.
Введите ответ (Fill in the blank)