Абнаўленне будынка Дома Саветаў працягваецца. Рамонт у межах першай будаўнічай чаргі ідзе поўным ходам

 

У Шчучыне працягваецца капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі і цеплавой рэабілітацыі фасадаў будынка Дома Саветаў. Зараз рэалізуецца першая будаўнічая чарга праекту, якая прадугледжвае абнаўленне пяціпавярховага корпуса будынка.

 

На сёння спецыялісты вытворча-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Смартмен” выканалі працы па ўцяпленні фасада будынка мінплітой, якую пакрылі спецыяльнай вогне- і вільгацетрывалай плёнкай. Адначасова завяршаецца мантаж сістэмы каркаса на фасадзе будынка. Засталося прыблізна 15% гэтых работ.

 

Разам з тым будаўнікі пачынаюць усталёўваць фібра-цэментныя фасадныя пліты, якія пастаўляюцца ў наш раён з Расіі. Пасля пачнецца мантаж керамагранітных панэляў беларускай вытворчасці, імі будуць пакрывацца сцены першага паверха будынка.

 

 

Паводле праекта таксама памяняюць адхоны, іх выканаюць з нержавеючай сталі і афарбуюць. Яшчэ праектам прадугледжана абнаўленне ўваходнай групы з абсталяваннем пандуса. У планах ёсць таксама ўпрыгожванне галоўнага фасада фальшвітражамі з зацемненага шкла, што ў сваю чаргу павінна значна палепшыць архітэктурны выгляд будынка.

 

Пра тэрміны здачы аб’екта і планы на другую будаўнічую чаргу нам расказаў дырэктар ДП “Упраўленне капітальнага будаўніцтва Шчучынскага раёна” Сяргей Барысевіч:

 

– Працы першай чаргі плануецца завяршыць у сакавіку гэтага года. Спадзяваемся, што падрадная арганізацыя паспее ў час, бо раней былі замінкі з пастаўкамі матэрыялаў з-за мяжы, таму тэрміны рамонту прыйшлося працягнуць. У планы таксама ўваходзяць працы другой будаўнічай чаргі. У яе межах будзе ўдасканальвацца фасад трохпавярховага корпуса Дома Саветаў.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!