Таварняк да Ражанкі, 40 год настаўніцтва і шчасце мірных дзён. Усё гэта было ў жыцці жыхаркі Каменкі Галіны Елісеевай
“Па лёсе маім вайна прайшла з вялікай сілай”. Гэта радкі з верша, аўтарам якіх з’яўляецца Галіна Іосіфаўна Елісеева з аграгарадка Каменка. Шчырыя, кранальныя, напісаныя сэрцам. Пра тое, што перажыла падчас ваеннага ліхалецця, сведкай чаго стала ў дзяцінстве. Гэтая жанчына “са стрыжнем”, як кажуць пра яе людзі, усё жыццё свята захоўвае гісторыю сваёй сям’і і нядаўна вырашыла падзяліцца ёй з іншымі. Каб помнілі.
З Вялікіх Лукаў у невялікі Шчучын
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сям’я Сямёнавых жыла ў Вялікіх Луках. Бацька Галіны Іосіф Рыгоравіч – настаўнік, камуніст і патрыёт, быў мабілізаваны ў армію. У першых баях яго цяжка параніла.
– Горад моцна бамбілі. Мама пасадзіла нас у падвале, а сама, рызыкуючы жыццём, пабегла да яго ў шпіталь. “Лена, я не жылец на гэтым свеце, – толькі і прамовіў тата. – Беражы дзяцей!”. А ў хуткім часе яго разам з іншымі параненымі адправілі ў тыл. Доўгі час наш салдат лічыўся без вестак загінулым. Толькі нядаўна даведаліся: ён памёр у шпіталі ў Растове -на -Доне, – дзеліцца Галіна Іосіфаўна.
Надзвычай складана было Алене Іванаўне Сямёнавай выканаць наказ мужа. На руках трое дзяцей: шасцігадовая Галіна, пяцігадовая Маргарыта і двухгадовы Віктар. Вайна, голад, гітлераўцы на вуліцах горада. Аднойчы суседка папярэдзіла: “Цябе ноччу прыедуць забіраць – павязуць у Германію, так што падумай, што возьмеш у дарогу”. Мудрая Алена Іванаўна ўвязала ў клунак пярыну, каб мякчэй было дзеткам, і… швейную машынку “Зінгер”. І зрабіла правільна. Гэта машынка потым карміла ўсю сям’ю.
– Нас ноччу загналі ў таварняк і пад узмоцненай аховай павезлі на Захад. Казалі – у Германію, – успамінае Галіна Іосіфаўна. – Але нешта прымусіла гітлераўцаў памяняць планы. І высадзілі нас на станцыі Ражанка. Мама мне часта расказвала, як яе ўразіла… зялёная трава і лісце на дрэвах. Там, адкуль нас везлі, быў страшны голад – людзі ўсе пупышкі аб’елі…
Людзей з таварняка прывезлі ў Шчучын і размясцілі ў будынку, які знаходзіўся на месцы доследнай станцыі (цяпер інстытут раслінаводства). Тэрыторыя была абнесена калючым дротам і круглыя суткі ахоўвалася, сцвярджае Галіна Іосіфаўна. “Я памятаю смак баланды з фашысцкіх рук”, – напісала жанчына ў сваім вершы. Дарэчы, да гэтага часу ў сямейным архіве засталося яе пасведчанне аб нараджэнні, а на ім штамп на нямецкай мове – своеасаблівы “талон” на тую баланду. Праўда, яна малечы ў рот не лезла: у Галі гнаілася нага, а брацік Віця апух ад голаду. Дарослых ганялі на работу.
Пазней рэжым крыху аслабеў. Нявольнікаў сталі выпускаць у горад, каб карміліся самі. Між тым вайна штодзень зазірала ў вочы. Галіна Іосіфаўна памятае, як аднойчы па вуліцы ў бок лесу правялі калону яўрэяў. У апошні шлях. У іх кватэры потым перасялілі прывезеныя з Расіі сем’і. Пагроза гібелі мінула, і яны гатовы былі на любую працу. Так, Алена Іванаўна Сямёнава пайшла ў работніцы да ўладальніцы магазіна. І яшчэ адзін вузельчык на памяці: калі фашысцкія захопнікі адступалі, маці і дзеці хаваліся на ўскрайку Шчучына ў старым хляве, а мясцовыя ім ежу прыносілі.
“Я стала настаўніцай у памяць пра бацьку”
Ці варта казаць, з якой радасцю і надзеяй А.І. Сямёнава і яе трое дзяцей сустрэлі Дзень Перамогі. Надзеі былі самыя светлыя і яны спраўдзіліся, запэўнівае Галіна Іосіфаўна. “Калі нашы прыйшлі, я ўпершыню паспрабавала трафейную фасолю ў таматным соусе. Смак памятаю і сёння”, – прызнаецца жанчына. Для шчасця не хапала толькі бацькі. Калі стала зразумелым, што ён не вернецца, маці, маладая яшчэ жанчына, выйшла замуж. “Ураджэнец Тульскай вобласці, франтавік, узнагароджаны медалём “За вызваленне Масквы” Аляксандр Фёдаравіч Гурушкін, светлая яму памяць, стаў для мяне другім татам, – з пяшчотай у голасе кажа субяседніца. – Ён любіў нас, адорваў падарункамі, выхаваў, не аддзяляў ад нашай сястры Лідзіі, народжанай у іх шлюбе з мамай. Шкада, мала пражыў – памёр у 1956 годзе. А вось у мамы век доўгі – 99 год. Абое пахаваны на могілках у Шчучыне”.
Рускія Сямёнавы з Вялікіх Лукаў так і засталіся жыць у гарадку, які прыняў іх падчас вайны і дапамог выжыць. Так вырашылі, калі з’ездзілі на бацькаўшчыну.” Не было куды вяртацца, – са смуткам заўважае Галіна Іосіфаўна. – А тут у нас усё склалася добра: мелі жыллё, трымалі гаспадарку. Нават карова была, я яе ля возера пасвіла. Наша працавітая мама дзень і ноч шыла на той самай машынцы “Зінгер”, вязала прыгожыя рэчы і прадавала на рынку. Людзі бралі ахвотна. Пра нас, дзяцей вайны, клапацілася і дзяржава. Я скончыла ў Шчучыне школу. Гляньце на фота! Прыгажуня са стыльнай прычоскай у акружэнні вучняў – мая першая настаўніца, удзельніца вайны Ціна Платонаўна, на жаль, прозвішча не памятаю. А побач – я. З гэтага гераічнага пакалення былі і іншыя настаўнікі – Іван Ціханавіч Осіпаў, Надзея Дзмітрыеўна Станкевіч, Іда Самуілаўна Сукрысцік…
– Па прыкладзе гэтых дастойных людзей Вы і сталі настаўніцай? – цікаўлюся ў субяседніцы з перакананнем, што так і было.
– Я стала настаўніцай толькі ў памяць пра бацьку! – усхвалявана прамаўляе яна. – Яго светлы вобраз скіроўваў мае планы. Скончыла Гродзенскае педвучылішча і ў 1955 годзе прыехала ў Каменку. Пачынала старшай піянерважатай, потым дзесяць год працавала настаўніцай пачатковых класаў. Вучыла дзяцей – вучылася завочна сама. Столькі ж выкладала рускую мову і літаратуру, а трэцяя працоўная дзясятка – на пасадзе завуча. 41 год у адной школе! Ад прапановы перайсці інспектарам у райана адмовілася. На той час была замужам за Георгіем Харытонавічам Елісеевым, саўгас даў сям’і кватэру. Мой муж у вайну таксама быў вывезены са Смаленска, а потым працаваў у школе фізруком. Дастойны чалавек і выдатны настаўнік. У нас нарадзіліся дачка і сын. На жаль, сына Юры ўжо няма. Сум і боль не адпускаюць сэрца… Пра свае беды забываю, калі іду ў школу. Ведаеце, я так люблю сваю прафесію і сваю школу! Для мяне там усё дарагое. І па вуліцах аграгарадка хаджу з радасцю, бо насустрач абавязкова ідзе хтосьці з былых вучняў. Адчуваю іх увагу і цеплыню.
Бацька ганарыўся б!
Галіна Іосіфаўна – чалавек сціплы, пра сябе – толькі штрыхамі. Прызнацца, я выпадкова даведалася, што яна першай сярод настаўнікаў Каменскай СШ атрымала вышэйшую катэгорыю, што ў 1978 годзе была ўдастоена ордэна “Знак Пашаны”, нагрудных знакаў “Выдатнік народнай асветы БССР” і “Отличник народного просвещения СССР”. “Ганаруся, што мая праца была так высока ацэнена”, – кажа на гэта сапраўдная Настаўніца. Ганарыўся б дачкой і бацька, калі б не забрала яго ненажэрная вайна.
Дарэчы, прадоўжыла сямейную настаўніцкую дынастыю дачка Галіны Іосіфаўны Людміла. У школе, толькі медсястрой, усё жыццё працавала і сястра Маргарыта. А той самы брацік Віця, які ў вайну ледзь не памёр ад голаду, стаў навукоўцам, кандыдатам сельскагаспадарчых навук і супрацоўнікам… доследнай станцыі. Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара і з сямейнага архіва.