Як бібліятэка ў аддаленай вёсачцы стала асяродкам нацыянальнай культуры

Куляшоўская сельская бібліятэка-музей сялянскага побыту – установа ўнікальная. Сюды прыходзяць, каб узяць добрую кнігу і абмеркаваць прачытанае, пагутарыць па душах і саспяваць народную песню, акунуцца ў сівую мінуўшчыну, седзячы за калаўротам або падбіраючы ўзор малой радзімы на прабабуліных кроснах.

 

У кампактным будынку бібліятэкі-музея акрамя кніг знайшлося месца больш за сотню экспанатам, сабраных у тутэйшых мясцінах. У мінулым годзе толькі падчас экскурсій музей наведалі 158 чалавек, хоць знаходзіцца ён у аддаленай кропцы раёна.

 

Разам з тым у нібыта сялянскім дамку – хуткасны інтэрнэт, усемагчымыя паслугі – не горшыя, чым у гарадской бібліятэцы, даступная прававая і адукацыйная інфармацыя. Скажаце, нейкі парадокс? Ды не, калі за справу бярэцца такі прафесіянал, як Людміла Мікалаеўна Павядайка!

 

– Наш край самабытны, а ў кола абслугоўвання бібліятэкі ўваходзяць 14 вёсак і вёсачак, кожная з якіх сапраўдная этнаграфічная жамчужына, і грэх тое не выкарыстаць у нашай рабоце, – па-добраму ўсміхаецца загадчыца бібліятэкі-музея Л.М. Павядайка, якая працуе ў сферы культуры ўжо на працягу 36 гадоў.
Творчы падыход да ўсяго, што робіць Людміла Мікалаеўна, дае свой плён. На арганізаваных бібліятэкай мерапрыемствах заўжды мнагалюдна і валадарыць непадробны інтарэс. Ну дзе яшчэ, як ні ў Куляшах, можна паўдзельнічаць у гульні-квэсце “Купальскія цуды”, адправіцца на тэматычныя экскурсіі, разлічаныя і на дзяцей, і на дарослых, паўдзельнічаць у майстар-класах народных умельцаў?!

 

Людміла Мікалаеўна стварыла краязнаўчы клуб “Вытокі”, арганізавала гурт “Куляшоўскія сяброўкі”, удзельнікі якога так хораша спяваюць аўтэнтычныя песні і перадаюць моладзі майстэрства народнага побытавага танца. Году малой радзімы тут прысвяцілі праект “Радавод”, у межах якога дзеці наведваюць старажылаў мясцовасці і запісваюць іх успаміны, збіраюць матэрыялы па гісторыі свайго роду, прыносяць для экспазіцыі, якая пастаянна абнаўляецца, сямейныя рэліквіі і цікавыя фотаздымкі.

 

А яшчэ намаганнямі жыхароў вёсак Куляшы і Замасцяны ў бібліятэцы-музеі адрадзілі абрад “Піліпаўскія вячоркі”, што спакон веку ладзіліся напярэдадні шасцітыднёвага посту. Доўгімі самотнымі вечарамі вяскоўцы збіраюцца разам, каб успамінаць рамёствы сваіх продкаў: ткаць, вышываць, вязаць, кошыкі плесці і абавязкова пры гэтым дзяліцца з іншымі досведам, а яшчэ – расказваць байкі і розныя гісторыі. Тады час ляціць хутка, а зробленае на Піліпаўку, як і калісь, служыць ўпрыгожаннем дома на святы.

 

Энтузіясты, аб’яднаныя бібліятэкай-музеем, вельмі мабільныя. Усе разам выязджаюць у суседнія вёсачкі не толькі, каб даставіць для аматараў чытання цікавыя кнігі, але і парадаваць землякоў чарговым канцэртам.
Самае галоўнае, што ў музейнай справы ёсць юныя паслядоўнікі. Аб’яўлены конкурс для школьнікаў на лепшую старажытную знаходку “Адметнасці гісторыі” парадаваў чарговым эксклюзівам: самабытнымі посцілкамі ручной работы, вышыванкамі, калаўротам-лежаком, іншымі рарытэтамі.

 

– На такіх адданых сваёй справе людзях, як Людміла Мікалаеўна Павядайка, і трымаецца наша культура, – пераканана дырэктар Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Аляксандра Мікалаеўна Янкоўская. – Гэта надзвычай гарманічны чалавек – добры і душэўны, выдатны прафесіянал, цудоўны арганізатар.
Па выніках 2019 года Куляшоўская бібліятэка-музей сялянскага побыту выйшла пераможцай у раённым спаборніцтве як лепшая ўстанова культуры на Шчучыншчыне.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.
Фота Ганны КАСПЕР.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!