Гэтымі лістападаўскімі днямі Дзмітрый Кірылавіч Рэвера адзначыў 80-годдзе

Гэтымі лістападаўскімі днямі ў доме Дзмітрыя Кірылавіча Рэвера ў Старых Паддубах надзвычай ажыўлена і людна. І для гэтага ёсць прыемная нагода – гаспадару споўнілася 80 год. Павіншаваць юбіляра завіталі таксама старшыня Шчучынскага раённага савета ветэранаў Э.С. Дзікевіч і грамадскі актывіст, ветэран Узброеных Сіл В.М. Анашкін.

 

 

Ужо ля весніцаў госці і гаспадар цёпла і шчыра прывіталіся. Адчувалася: мужчыны даўно знаёмы, сябруюць, аб’яднаны агульнай справай. І гэта сапраўды так. Д.К. Рэвера каля двух дзясяткаў гадоў узначальвае пярвічную ветэранскую арганізацыю ААТ “Першамайск- Агра”. Кажа, прыняў яе яшчэ тады, калі ў сельсавеце пражывала каля 30 ветэранаў вайны. Калі ж гэтыя дастойныя людзі адышлі ў нябыт, сваю ўвагу скіраваў на патрэбы і запыты ветэранаў працы, пажылых і адзінокіх людзей. Актыўная грамадская пазіцыя гэтага чалавека абумоўлена вялікім жаданнем павысіць якасць жыцця сваіх землякоў, працягнуць руку дапамогі таму, хто мае ў гэтым патрэбу. А яшчэ Дзмітрый Кірылавіч – часты і жаданы госць у школьнікаў і моладзі, бо ўсё яго жыццё – яскравы прыклад патрыятызму, любві да Айчыны і дастойнага ёй служэння. Аб гэтым гаварыў і Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч, уручаючы юбіляру граматы Гродзенскага абласнога і раённага саветаў ветэранаў.

 

 

 

– Дзмітрый Кірылавіч Рэвера – чалавек неабыякавы да ўсяго, што адбываецца ў Першамайскім сельсавеце, гэтым самым аддаленым куточку раёна, – заўважыў галоўны ветэранскі апякун.

 

 

Юбілей – падстава азірнуцца на пражытыя гады. Між іншым, у Дзмітрыя Кірылавіча Рэвера досыць цікавы жыццёвы шлях. У свой час ён, ураджэнец Вінніцкай вобласці Украіны, праходзіў тэрміновую службу ў падраздзяленнях пагранічных войск на тэрыторыі Гродзеншчыны. Гэта вызначыла і выбар прафесіі: юнак паступіў у Алмаацінскае пагранічнае вучылішча. Першым месцам службы маладога лейтэнанта стаў горад Чоп у Закарпацці. А потым, як і многіх вайскоўцаў, лёс закідваў яго ў розныя рэгіёны вялікай краіны. У біяграфіі афіцэра былі і Гродзенскі пагранатрад, і Ціхаакіянская ды Камчацкая пагранічныя акругі… "Далёкаўсходніх у мяне ажно дзевяць гадоў", – зазначае Дмітрый Кірылавіч.

 

 

У 1994 годзе маёр-пагранічнік Рэвера стаў цывільным чалавекам. Працаваў у Гродне, потым – у саўгасе "Першамайскі".  Гэтыя мясціны для сям'і не чужыя: у Старых Паддубах радзіма Таццяны Анатольеўны -- жонкі Дзмітрыя Кірылавіча. Дарэчы, побач з хатай яе бацькоў вырас новы дыхтоўны дом, дзе цяпер яны і жывуць. "Гэта ўсё Юрый, а я толькі дапамагаў", – юбіляр паглядвае на сына, які прыехаў з жонкай Ларысай, каб павіншаваць бацьку з юбілеем. Як там ні было, а сядзіба Рэвераў уражвае і прасторам, і камфортам, і стыльнымі дызайнерскімі “разыначкамі” ў інтэр'еры. Побач – вялікі пляц зямлі, пабудовы з жыўнасцю, цяпліцы і нават уласнае азярцо з рыбкай. Рука гаспадара адчуваецца паўсюль.

 

 

Падчас шчырай размовы гаспадар і госці з асабістага перайшлі на грамадскае. Прыгадалі, як даводзілася адстойваць участковую бальніцу ў Першамайску. Быў момант, тут збіраліся пакінуць толькі амбулаторыю. Дзмітрый Кірылавіч па даручэнні землякоў і галоўнаму ўрачу ЦРБ патэлефанаваў, і пісьмо ў сталіцу адправіў, у якім абгрунтаваў, наколькі важна для мясцовых жыхароў лячыцца побач з домам. А падчас ветэранскай канферэнцыі ў Гродне ўлучыў момант, пагутарыў з С.Б. Шапірам, тагачасным губернатарам. "Пасля гэтага хутка і бальніцу пачалі будаваць", – успамінае Д.К. Рэвера. Нераўнадушны Дзмітрый Кірылавіч агучваў і просьбу вяскоўцаў заасфальтаваць дарогу да тае самай бальніцы. Падтрымаў тады яго старшыня райвыканкама С.В. Ложэчнік, сказаў: “Зробім”, і слова стрымаў.

 

 

 

 Што адметна: Д.К. Рэвера адстойвае грамадскія інтарэсы, бо любіць і цэніць людзей, сярод якіх жыве. І падвязе куды трэба, і праінфармуе аб важным, і дапаможа, калі ў каго праблема. Мо таму і абралі яго старастам трох вёсак. "Калі адмоўлю каму – ноччу не сплю", – адкрывае душу. А яшчэ юбіляр уражвае сваёй выпраўкай. " У мяне фізкультура і раніцай, і вечарам. А гэта ж здароўе! – агучвае ён сакрэт сваёй актыўнасці і рухавасці. – А 80 – гэта не ўзрост!". Жонка Таццяна Анатольеўна сцвярджальна ківае галавой ды ласкава паглядае на мужа. Гэтыя двое 58-ы(!) год разам, між імі лад і ўзаемаразуменне. Бацькоўская вернасць – добры прыклад для сыноў Юрыя і Аляксандра, чатырох унукаў і траіх праўнукаў.

 

 

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!