"У мяне заўсёды было жаданне дапамагчы людзям"

Сёння адзначае 70-годдзе з дня нараджэння жыхар Астрыны Міхаіл Сцяпанавіч Цагельнік. Тэлефон юбіляра разрываецца ад званкоў: віншуюць прадстаўнікі ўлады, былыя калегі, жыхары пасёлка, радня і знаёмыя. З прыемнай нагоды ўшанавалі яго і работнікі Астрынскага сельвыканкама -- ў кабінеце,  дзе ў свой час працаваў і сам Міхаіл Сцяпанавіч. Павіншаваць заслужанага чалавека прыехала і старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.С. Хвядзюк.

 Цэлы "букет" добрых слоў і пажаданняў адрасавала Ганна Станіславаўна імянінніку. Былі сярод іх і такія:

-- Вы, Міхаіл Сцяпанавіч, умелі рашаць тыя задачы, якія ставіў перад вамі час, і гэтым самым набылі аўтарытэт і павагу ў калектывах, дзе працавалі, у жыхароў пасёлка. У 2003 годзе пры поўнай падтрымцы астрынчан, дэпутацкага корпуса былі абраны старшынёй Астрынскага пасялковага Савета і два скліканні добрасумленна, крэатыўна і з пачуццём высокай адказнасці выконвалі абавязкі.

Ганна Станіславаўна высока ацаніла такія якасці М.С. Цагельніка як камунікабельнасць, адкрытаць, уменне ладзіць з людзьмі і весці за сабой, гаспадарскі падыход да справы.

Словы "дарагі" і "паважаны" гучалі і ў звароце да юбіляра старшыні Астрынскага сельвыканкама Н.І. Лебядзевіч. Наталля Іванаўна прызналася, што яна вельмі даражыць мудрымі парадамі вопытнага Міхаіла Сцяпанавіча.

Міхаіл Сцяпанавіч Цагельнік – даўно свой чалавек у пасёлку. Між тым яго малая радзіма ў вёсцы Чырвоная Слабада на Гомельшчыне. Хлопец скончыў ПТВ з адзнакай, больш за год працаваў электраслесарам на адной з шахт на Луганшчыне, а потым стаў студэнтам Беларускай сельгасакадэміі. Менавіта адсюль жыццёвая дарога прывяла гідрамеліяратара Цагельніка ў Астрыну. У кастрычніку 1975 года пасля заканчэння ВНУ ён прыехаў у гэты пасёлак і прыступіў да выканання абавязкаў галоўнага інжынера ПМК-20 спецтрэста "Сельгасводбуд". А праз чатыры гады энергічнаму і стараннаму спецыялісту даручылі прыняць на сябе адказнасць за работу вялікага калектыву: год ён выконваў абавязкі начальніка, а з 1980-га заняў крэсла кіраўніка. Ажно на дзесяць год. А ўсяго працы ў ПМК-20 аддадзена каля трох дзясяткаў гадоў.

Былыя часы Міхаіл Сцяпанавіч называе стваральнымі і плённымі. Калектыў ПМК-20 быў сярод лідараў у вобласці, налічваў каля 600 работнікаў, выконваў вялікія аб'ёмы работ, дастойна спраўляўся з вытворчымі заданнямі па арашэнні і меліярацыі зямель, будаўніцве розных меліярацыйных аб'ектаў, і не толькі ў раёне. "Ажно да Астраўца даходзілі", -- успамінае былы кіраўнік. І, што важна, сіламі іх прадпрыемства пасёлак мяняў знешні выгляд. Па словах юбіляра, пачыналі з каналізацыйных сістэм, потым будавалі шматкватэрныя дамы, асфальтавалі дарогі, узводзілі сацыяльныя аб'екты.

Міхаіл Сцяпанавіч глядзіць праз акно на заліты сонцам пасёлак і прыгадвае яшчэ адзін этап сваёй працоўнай дзейнасці – старшынёўства ў мясцовым органе ўлады пярвічнага ўзроўню. Кажа, працавалася ў пассавеце добра. Займаліся добраўпарадкаваннем Астрыны, навядзеннем парадку на сяле, вырашэннем дарожных пытанняў, -- усім, што датычыць жыццезабеспячэння насельніцтва. "У мяне заўжды прысутнічала жаданне дапамагчы людзям", -- дзеліцца ён цяпер.

Міхаіл Сцяпанавіч – выдатны сем'янін. З жонкай Тамарай Іосіфаўнай яны далі дарогу ў жыццё дачцы Наталлі і двум сынам – Аляксандру і Міхаілу, цяпер адорваюць пяшчотай 6 унукаў. Родныя з'едуцца сёння ва ўтульны дом: пакаштуюць мядку з вулляў, што сабраў іх бацька і дзядуля, прытуляць да сэрца дарагога чалавека і пажадаюць яму здаровага даўгалецця.

Таццяна ПАЛУБЯТКА.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!