“Смачна есці!“, або Сэрвіс па-дэмбраўску

Менавіта такога прынцыпу ў арганізацыі харчавання для сваіх работнікаў прытрымліваюцца ў ААТ “Дэмбрава”. Прычым абеды мясцовым аграрыям, занятым на палявых работах, гатуюць прафесіянальныя повары ў адноўленай сталовай, якая ўтульна размясцілася на комплексе па адкорме буйной рагатай жывёлы “Стараўшчына”.

– Яшчэ нядаўна гэты будынак пуставаў, – гаворыць загадчык комплексу Раман Станіслававіч Чарняўскі. – Сёлета мы правялі тут капітальны рамонт: зрабілі перапланіроўку памяшканняў, устанавілі новае асвятленне, замянілі электрыку, каналізацыю і водапровад, паклалі ўсюды плітку. Таксама закупілі новае абсталяванне для прыгатавання ежы, мэбліравалі абедзенную залу. Цяпер наша сталовая адпавядае ўсім сучасным стандартам!
Працуюць тут прафесіянальныя повары Юлія Генадзьеўна Бельскіх і Аксана Уладзіміраўна Тарасевіч, якія атрымалі адпаведную адукацыю ў Бераставіцкім дзяржаўным сельскагаспадарчым ліцэі. У ААТ “Дэмбрава” яны перавяліся са Шчучынскай ППРФ пасля рэарганізацыі прадпрыемства.
– Калі ў першы раз убачылі адноўленую сталовую – былі прыемна ўражаны, – прызнаецца повар Юлія Генадзьеўна Бельскіх. – Памятаю, як рабочыя завозілі сюды мэблю і паставілі ў нашым падсобным памяшканні велізарную раздвіжную шафу. Мы думалі, што яны проста памыліліся з дастаўкай. Аказалася, што не: кіраўніцтва гаспадаркі такім чынам паклапацілася пра наш камфорт.
Акінуўшы поглядам кухню, гаспадыні думалі, што магутнасці закупленага абсталявання будзе недастаткова, каб своечасова накарміць 120 чалавек. Аднак варта было прыгатаваць першы абед, як усе сумненні развеяліся.
– Раней, каб закіпяціць 50 літраў халоднай вады, мы разлівалі гэты аб’ём па невялікіх ёмістасцях і грэлі, – успамінае повар Аксана Уладзіміраўна Тарасевіч. – Цяпер жа дзякуючы новай энерганасычанай пліце гэты працэс займае ўсяго паўтары гадзіны. Для здрабнення мяса, а таксама садавіны і гародніны выкарыстоўваем дапаможную тэхніку. Ёсць тут і “цуда-машына”, якая сама варыць, смажыць, тушыць і выпякае. Да прыкладу, ёй дастаткова ўсяго 10 хвілін, каб прыгатаваць 90 (!) катлет. А якія духмяныя булачкі ды піражкі з начынкай пры дапамозе гэтай “духоўкі” можна прыгатаваць – пальчыкі абліжаш! 
Прысмакі, якімі гаспадыні частуюць работнікаў ААТ “Дэмбрава”, можна доўга пералічваць. І ў кожную страву ўкладваюць часцінку сваёй душы. Не дзіва, што хлебаробы “засыпаюць” жанчын кампліментамі і ўплятаюць прыгатаванае імі за абедзве шчакі.


– Пакуль мы забяспечваем гарачымі абедамі 65 чалавек, аднак падчас жніва гэта лічба павялічыцца ўдвая, – зазначае Юлія Генадзьеўна Бельскіх. – Прычым замест сухіх пайкоў вячэра таксама будзе гарачай. Каб вытрымаць такую нагрузку, магчыма, падключым яшчэ аднаго спецыяліста, які ўжо прайшоў адпаведную падрыхтоўку. Мы цесна супрацоўнічаем з Гродзенскім мясакамбінатам, Скідзельскай птушкафабрыкай, Лідскім і Мастоўскім хлебазаводамі, таму прадуктаў у нас заўсёды хапае. Захоўваем іх у адпаведнасці з усімі санітарнымі патрабаваннямі і строга сочым за якасцю. Каб у сталовай заўсёды было чыста – штодзень самі мыем абсталяванне і прыбіраем у памяшканнях.
У гэтую гарачую пару ў сталовую часта наведваецца дырэктар ААТ “Дэмбрава” Аляксандр Віктаравіч Туля і цікавіцца, ці забяспечаны повары ўсім неабходным, каб своечасова прыгатаваць абеды для работнікаў, занятых у полі. Падчас аднаго з такіх візітаў ён заўважыў, што ў памяшканні, дзе працуюць жанчыны, даволі горача. Праз два дні тут быў усталяваны кандыцыянер.
– Такога чулага і неабыякавага кіраўніка яшчэ пашукаць трэба, – выказвае цёплыя словы ў адрас Аляксандра Віктаравіча Аксана Уладзіміраўна Тарасевіч. – А нядаўна ён паабяцаў купіць у сталовую тэлевізар і аўдыясістэму, каб тыя, хто тут харчуюцца, маглі паглядзець апошнія навіны. Ён у нас чалавек слова, таму ўпэўнена, так яно і будзе!
…Гаспадыні ўмела ўвіхаліся ля пліты і ахвотна дзяліліся сваімі кулінарнымі сакрэтамі. Запакоўваючы прыгатаванае ў кантэйнеры і тэрмасы, жанчыны прасілі вадзіцеляў, якія развозяць гарачыя абеды па палетках, перадаць хлебаробам: “Смачна есці!”. 
Аляксандр КАСПЯРЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!