Дзякуй за незалежнасць, салдаты Перамогі

Напярэдадні Дня Незалежнасці старшыня раённага Савета ветэранаў Эдмунд Станіслававіч Дзікевіч і старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Святлана Уладзіміраўна Шанчук сумесна з піянерамі гарадскіх школ наведалі ўдзель­нікаў Вялікай Айчыннай вайны, каб падзякаваць салдатам Перамогі за свабоду і мірнае неба. 

Былы франтавы разведчык Мікалай Мікалаевіч Юр’еў быў рады гасцям. У свае 94 гады ён не разгубіў бадзёрасці і аптымізму, а перажытае ў вогненныя саракавыя памятае, нібы гэта было ўчора.
– У Дзень Незалежнасці я таксама адзначаю свой другі Дзень нараджэння, – прызнаецца Мікалай Мікалаевіч. – Менавіта 3 ліпеня 1944 года мяне ў складзе разведгрупы накіравалі ў тыл да немцаў, якія ў той час былі зажатыя ў “катле” пад Бабруйскам. Мы прабраліся ў стан ворага і сабралі падрабязную інфармацыю аб яго жывой сіле і тэхніцы. Аднак неўзабаве гітлераўцы пачалі адступленне і амаль не раскрылі нас. Я некалькі гадзін праляжаў у канаве ля дарогі, па якой рухалася нямецкая ваенная калона. Пасля лесам прабіваўся да сваіх, а вярнуўшыся ў строй – працягнуў барацьбу з фашыстамі. Перамогу сустрэў пад Кёнігсбергам.


Э.С. Дзікевіч і С.У. Шанчук ад усёй душы пажадалі ветэрану моцнага здароўя і ўручылі яму кветкі і каштоўныя падарункі. 
У той дзень Эдмунд Станіслававіч і Святлана Уладзіміраўна таксама заглянулі ў госці да ўдзельніц Вялікай Айчыннай вайны Кацярыны Аляксандраўна Сямёнавай і Веры Рыгораўны Маславай. 
– Дзякуй, што не забываеце пра нас, падтрымліваеце, дапамагаеце вырашаць бытавыя праблемы, – гаворыць В.Р. Маслава. – Сустрэнемся на святочным мітынгу, прысвечаным Дню Незалежнасці нашай роднай Беларусі!
Аляксандр КАСПЯРЧУК.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!