Галоўны прыз – паездка ў Аўстрыю
45 вучняў 10-11 класаў гімназіі г. Шчучына пад кіраўніцтвам настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Ірыны Станіславаўны Падгурскай, Валянціны Здзіславаўны Рудой і Тамары Мікалаеўны Міцкевіч прымаюць удзел у рэспубліканскім конкурсе праектаў “velkom YOUTH”, які праводзіцца ўнітарным прадпрыемствам “Велком” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
У выніку першага этапа гімназія г. Шчучына стала адной з устаноў Гродзеншчыны, вучні якой падалі найбольшую колькасць заявак. У падарунак ад кампаніі velkom яны атрымалі мультымедыйную ВК-панэль.
У мінулую суботу стартаваў другі этап конкурсу, падчас якога быў арганізаваны інтэрактыўны майстар-клас “Майстэрства прэзентацыі”. Удзельнікі даведаліся, як прэзентаваць сваю ідэю, як пабудаваць выступленне, як зацікавіць аўдыторыю, як дабіцца стройнай і лагічнай структуры прэзентацыі. Старшакласнікі шчучынскай гімназіі таксама далучыліся да прамой трансляцыі – у шосты школьны дзень разам з настаўнікамі яны змаглі паглядзець майстар-клас у прамым эфіры.
Падчас трэцяга этапа конкурсу ўдзельнікам будзе неабходна выканаць індывідуальнае заданне – падрыхтаваць і правесці нефармальнае адукацыйнае мерапрыемства: майстар-клас, дэбаты ці дыскусію па абранай тэме свайго праекта, а таксама стварыць відэаролік працягласцю не больш за пяць мінут і адправіць яго на электронны адрас конкурсу.
Аўтары самых значных, сучасных і арыгінальных праектаў трапяць у лік 10 фіналістаў, наведаюць TEDxMinsk 2019 і пачнуць працаваць над прэзентацыяй сваёй ідэі з найлепшымі ментарамі. Усе 10 фіналістаў атрымаюць прызы – мабільныя тэлефоны iPhone Xs, а трое пераможцаў (па адным у кожным накірунку конкурсу) будуць запрошаныя на мерапрыемства TEDx у Аўстрыю.
Пажадаем удачы нашым гімназістам!
Ганна РУДСКАЯ.
Фота аўтара.