1 кастрычніка – Дзень пажылых людзей. Клаўдзія Аляксандраўна Шабунька -- жанчына надзвычай працавітая
Калі наш аўтамабіль спыніўся ля прыгожай сядзібы ў вёсцы Заполле, насустрач выйшла хударлявая невысокая жанчынка. Папрасіла прабачэння за свой выгляд – маўляў, рукі запэцканыя, бо толькі што ад баразны. Здзіўляюся: у такім паважаным узросце, а маёй новай знаёмай хутка стукне 80, і капае бульбу?... “Не магу сядзець без працы!” – запэўнівае мяне Клаўдзія Аляксандраўна.
Сапраўды, Клаўдзія Аляксандраўна Шабунька – жанчына надзвычай працавітая. Менавіта праца, лічы, з маладосці была яе галоўнай спадарожніцай на жыццёвым шляху. Праз гэта і пашану мела: у 1975 годзе перадавая даярка эксперыментальнай базы “Шчучын” (на той час структурнага падраздзялення абласной сельскагаспадарчай доследнай станцыі) Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Цяпер святло былой працоўнай славы – ва ўспамінах і маленькай каробачцы, дзе ляжыць ордэн.
– Я сама родам з вёскі Бобра. Тут пачаўся і лёс мой, і шлях. Скончыла 8 класаў, паступіла ў тэхнікум – хацела заатэхнікам стаць, але не атрымалася, – прыгадвае мінулае Клаўдзія Аляксандраўна. – Пашкадавала матулю. Яна ж нас, траіх дзяцей, сама на ногі ставіла, а яшчэ ў сям’і гадаваўся пляменнік. Тату ў вайну забралі немцы, калі мне было тры гадкі, брату – не нашмат больш, а сястры – толькі два тыдні... Ноччу прыйшлі ў хату... Тады павялі з сабой яшчэ двух мужчын-аднавяскоўцаў. Праўда, адзін з іх вярнуўся – збег з вагона таварняку, у якім людзей везлі ці на Нямеччыну, ці на згубу... А пра нашага бацьку і таго другога чалавека так нічога і невядома.
Калі Клаве прыйшоў выклік ехаць на вучобу ў Сапоцкін, старэйшы брат Валянцін служыў у арміі. Нездаровілася малодшай сястры, а ў мамы якраз рука распухла і балела моцна. Не змагла дзяўчына кінуць яе адну на гаспадарцы. Засталася дома і пайшла на працу ў мясцовы калгас “Шлях да камунізму”. Адукаваную сялянку прызначылі ўчотчыкам.
– Ды толькі зарплата ва ўчотчыка была невысокая, а трэба ж было жыць і прыбрацца хацелася, – успамінае жанчына. – Таму ў 1954 годзе я пайшла на ферму, якая знаходзілася ў Ражанцы. Хадзіць было далекавата, дабіралася на ровары. Тры разы на дзень уручную даіла 15 кароў. Мазалі панаціскала, пальцы папухлі. Гледзячы на мае мукі, брала даёнку ў рукі заатэхнік Марыя Апанасаўна Жвірбля, дапамагала. І цяпер яе добрым словам успамінаю. Мала было падаіць кароў. Бывала, прыйдзе зіма – ваду з калодзежа цягаем, каб жывёлу напаіць. Паабліваем халаты, а яны і абледзянеюць...
Вось такая была работа. Дарэчы, прарабіўшы гадоў восем на ферме ў Ражанцы, Клаўдзія перайшла на ферму ў Заполлі, дзе несла працоўную вахту яшчэ многа зім і вёснаў. Тут ужо малакаправод устанавілі, але і кароў у групе пабольшала – да 25, і ўдой у руках трэба было ў малочную насіць.
– Лічылася перадавой даяркай не толькі ў сваёй базе, але і ў раёне першай чатырохтысячніцай! – ганарыцца жанчына. – Бывала, у водпуск пайду – не адбуду: адклічуць, палохаюць, што падменная даярка групу змарнуе... А ў мяне ж кожная карова павінна была быць здаровай і дагледжанай, своечасова расцяліцца. Тады і малако. Ды што там казаць, хацелася і грошай зарабіць, і пашаны. За свае старанні ордэн атрымала, медаль, граматы. А яшчэ гадзіннік насценны гаспадарка падарыла. Цікае да гэтай пары.
Калі ж ля Заполля пабудавалі новы комплекс, ісці туды, прызнаецца, не захацела. Але і сядзець, склаўшы рукі, не магла сабе дазволіць. Таму да агульнага стажу работы даяркай – 26 гадоў – дабавіліся яшчэ 12 год працы на адкорме жывёлы. Ды і па хатняй гаспадарцы ўсё жыццё завіхалася, сям’ю абшывала – шавецкаму рамяству навучылася сама. “Іншы раз здзіўляюся, як я толькі вытрымала гэта ўсё”, – кажа субяседніца. Канешне, дапамагаў і муж, але і ў яго клопатаў хапала: рабіў на трактары, а потым механізатарам на ферме.
К.А. Шабунька жыве ў дагледжаным дамку, які некалі купіла. Дзякуючы клопату родных тут цяпер ёсць усе выгоды: вада на кухні з крана, санвузел з душам, паравое ацяпленне (устанавілі свой кацёл). А парадак і чысціня ў доме – такіх яшчэ пашукаць! Газ пакуль у балонах, але хутка, кажа гаспадыня, павінны правесці ў іх Заполле прыродны. А яшчэ сядзіба патанае ў кветках. Яны і перад веснічкамі, і на падворку, і ў хаце. Кветкі садзіць дачка Ліда, якая жыве ў Шчучыне і часта сюды наведваецца, а даглядае іх ужо матуля. Другая дачка – Алена – ад’ехалася ад малой радзімы ў Мядзел, бывае не так часта.
– З раніцы іду курэй карміць, потым парасят – трымаю в’етнамскіх, – зноў заводзіць гутарку пра работу субяседніца. – Пакуль ёсць сілы, працую. Дзеці кажуць: “Адпачні, самі прыедзем і зробім”. Ды не магу я сядзець без справы, цягне нешта рабіць і рухацца...
На развітанне жадаю нястомнай сялянцы моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця. “Буду старацца!” – бадзёра запэўнівае Клаўдзія Аляксандраўна. І зноў кіруе на поле, дзе чакае ўраджай. На жыццёвым гадзінніку жанчыны-працаўніцы, лічы, без перамен.
Таццяна ПАЛУБЯТКА.
Фота аўтара.