Гэты інклюзіўны "круглы стол". Ужо на працягу года ў Беларусі рэалізуецца праект "Павестка 50"
Яго асноўная мэта -- укараніць у краіне прынцыпы Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю. Пілотнымі пляцоўкамі арганізатары абралі пяць гарадоў -- Лепель, Бабруйск, Валожын, Столін і наш Шчучын. Папярэдне Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі правёў даследаванні ў некалькіх дзясятках гарадоў, аднак выбраў для распрацоўкі "Павесткі 50" найбольш падрыхтаваныя да такой работы, дзе на належным узроўні грамадская актыўнасць, а таксама гатоўнасць у абмеркаванне праблем уключацца самім людзям з інваліднасцю.
Тое, што Шчучын менавіта з такой кагорты, адчувалася ўжо ў самой атмасферы "круглага стала", за якім сабраліся прадстаўнікі органаў улады, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, іншыя зацікаўленыя бакі па пытаннях сацыяльнай інтэграцыі. Прысутных віталі намеснік дырэктара Офіса па правах людзей з інваліднасцю ў г. Мінску Міхаіл Мацкевіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Андрэй Навіцкі, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Амшэй.
Прысутныя выказалі свае меркаванні аб тым, як у раёне рэалізуецца дзяржаўная праграма "Аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады".
-- Мне цікава выслухаць вашы заўвагі з прафесійнага пункту гледжання, бо ўзнятую тэму таго ж безбар'ернага асяроддзя, як і іншыя, лічу вельмі актуальнымі, -- падкрэсліла падчас абмеркавання начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Марына Рудая. -- У нас ёсць вялікае жаданне зрабіць горад зручным для ўсіх без выключэння, а таму вельмі каштоўныя канкрэтныя прапановы саміх людзей з інваліднасцю, імкненне распрацаваць стратэгію "Павесткі 50".
Цікава расказала аб праекце "Актыўная супольнасць" яго каардынатар Інэса Ларыёнава, адзначыўшы, што шчучынцы з энтузіязмам уключыліся ў праектную дзейнасць і ўжо вылучыліся такія лідары гурта "Узаемадапамога", як Вольга Сцефановіч, Дзмітрый Салей і іншыя.
Эксперт Алена Паўлянковіч пастаралася накіроўваць дэбаты за "круглым сталом" так, каб усе без выключэння мелі магчымасць абмяняцца сваімі ідэямі: і прадстаўнікі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, і грамадскіх аб'яднанняў БелТІ і БелТІЗ. Вынікі калектыўнага "мазгавога штурму" па распрацоўцы "Павесткі 50" падвяла Анжаліна Шпакоўская, загадчыца аддзялення ТЦСАН. Сярод праблем, якія ўздымалі прысутныя, -- пашырэнне на Шчучыншчыне прасторы безбар'ернага асяроддзя, працаўладкаванне людзей з інваліднасцю і многія іншыя. Сапраўды, "Павестка 50" у Шчучыне становіцца інтэрактыўнай пляцоўкай для канструктыўнага дыялога і ўзаемаразумення.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ. Фота аўтара.