У Васілішкаўскім доме-інтэрнаце сустрэлі Дзень ведаў

Дзень ведаў у Васілішкаўскім доме-інтэрнаце сустрэлі пазітыўна: усмешкамі і актыўнымі гульнямі. Не абышлося без прыемных падарункаў і салодкіх сюрпрызаў ад гасцей.
На свята прыехалі старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама А.К. Зімнавода, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А.І. Навіцкі, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” і прафсаюзны лідар Шчучыншчыны Ю.Т. Пашук. 
– Хочацца пажадаць выхаванцам, каб успаміны пра лета, якое падаравала ім сонца і радасць, сагравалі і дапамагалі ў будучым, – звярнуўся да дзяцей і дарослых Анатолій Казіміравіч Зімнавода. – Таму, акрамя кошыка цукерак, які асалодзіць святочны стол, у падарунак мы прывезлі ноутбук і спартыўны батут. Няхай навучанне будзе лёгкім і цікавым!
Завіталі на сустрэчу і валанцёры дабрачыннага грамадскага аб’яднання “Мир без границ” Т.В. Герасімава і А.А. Тарасевіч. Для дзетак з асаблівасцямі развіцця вельмі важна наладзіць інтэграцыю з навакольным асяроддзем, таму валанцёры арганізавалі выхаванцам дома-інтэрната сустрэчу з вясёлым клоўнам Моцем. Яго пушыстыя гадаванцы – два маленечкія пудзелі падаравалі шмат радасных хвілін не толькі самім маленькім, але і дарослым. Падчас гульнявой праграмы ў кожнага з іх атрымалася пагуляць з сабакамі, а напрыканцы ўсе паўдзельнічалі ў шоу мыльных пузыроў.


– З Васілішкаўскім домам-інтэрнатам мы супрацоўнічаем вельмі даўно, – расказвае галоўны спецыяліст ДГА “Мир без границ” Таццяна Віктараўна Герасімава. – На сённяшні дзень наша ўзаемадзеянне накіравана на працу з дзецьмі з цяжкімі і шматлікімі парушэннямі развіцця. Усе яны выхоўваюцца ў асобным аддзяленні, але нехта з іх з цягам часу становіцца больш самастойным. Адзін з кампанентаў супрацоўніцтва – навучанне персаналу. Мы запрашаем спецыялістаў не толькі беларускіх, але і замежных, якія вучаць выхавальнікаў правільнаму кармленню такіх дзетак, спецыяльным развіваючым гульням.


І сапраўды, падчас свята выхаванцам давялося паўдзельнічаць у вясёлых і дынамічных гульнях, якія выявілі самага хуткага і самага пільнага. Аздобілі святочную праграму і песні ў выкананні выхаванцаў і настаўнікаў. 
Юлія ЦІМАШЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!