Вячоркі на Піліпаўку ладзіліся ў Куляшоўскай сельскай бібліятэцы-музеі

Вёсачка Куляшы Першамайскага сельсавета вядома не толькі сваімі традыцыямі, але і вельмі добрай музейнай экспазіцыяй. 

У невялічкім памяшканні сабраны рэчы, якімі не кожны музей можа пахваліцца, – саматканыя ручнікі, вопратка, старажытныя прылады працы ды побыту. А якія вячоркі арганізоўвае работнік бібліятэкі Людміла Мікалаеўна Павядайка разам з мясцовымі жыхарамі! Некалькі разоў на год тут ладзяцца сапраўдныя святы з народнымі песнямі, музыкай і абрадамі. 
Вось і ў гэты раз на Піліпаўку ў вясковай бібліятэцы-музеі адбылася вельмі цікавая імпрэза з удзелам жыхарак вёсак Куляшы і Замасцяны. Традыцыйна такія вячоркі ладзіліся напярэдадні доўгага шасцітыднёвага каляднага посту. У музейным пакоі яблыку не было дзе ўпасці – сюды завіталі мясцовыя жыхары і вучні пачатковых класаў Першамайскага дз/с-СШ разам з настаўніцамі. 


Экскурсавод Лідзія Уладзіміраўна Малмыга расказала гасцям пра гісторыю і прызначэнне найбольш цікавых экспанатаў. Вучні даведаліся, як часалі і пралі ў даўніну лён, самі паспрабавалі ткаць на кроснах. Вельмі захапіў дзяўчат працэс! Яны ўважліва назіралі за кожным рухам рук жанчын і старанна паўтаралі ўсе дзеянні, каб вывесці на палатне кветку ці лісточак. Апрацоўка сабранага лёну, прадзенне, ткацтва традыцыйна выконваліся на Піліпаўку, каб уся сям’я была апранута, а хата ўпрыгожана тканымі і вышыванымі ручнікамі, абрусамі і сурвэткамі. 


Каб праца ішла спраўней, жанчыны спявалі розныя песні. Пачулі госці і цікавыя байкі пра герояў беларускага фальклору. Школьнікам прапанавалі адгадаць загадкі, працягнуць беларускія прымаўкі і прыказкі. За правільныя адказы чакалі салодкія прызы з кошыка. 


Дакрануцца да народных традыцый таксама дапамаглі Тамара Сяргееўна Фіруновіч, Людміла Вікенцьеўна Сідлярэвіч, Рыма Аркадзьеўна Бубнова, Святлана Мікалаеўна Фядкевіч, Марыя Мікалаеўна Бялоцкая, Ефрасіння Цыпрыянаўна Сідлярэвіч і Ніна Сцяпанаўна Павядайка. Пасля заканчэння вячорак госці яшчэ доўга дзякавалі жанчынам за такое цудоўнае свята. 
Юлія ЦІМАШЧУК.
Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Яндекс.Дзен, Telegram и Viber!