Рэха вайны: вялікі ўчынак маленькага чалавека
Нядаўна да нас у рэдакцыю зайшоў лідчанін. Мужчына шмат гадоў таму быў героем нашай газетнай паласы, аднак і сёння яму ёсць што расказаць. Эдуард Уладзіміравіч Зяновіч – дзіця вайны. І хай сабе афіцыйна такога статуса не існуе, мы разумеем, што гэта не проста словы. За імі – выпрабаванне часам, голадам, холадам і стратамі… Шмат гадоў мінула з той вайны, а ў памяці Эдуарда Уладзіміравіча жыве адзін выпадак, які забыць нельга і немагчыма.
Сям’я Зяновічаў жыла ў Ляшчанцы. Бацька – Уладзімір Міхайлавіч Зяновіч, каб пракарміць сям’ю, пайшоў працаваць садоўнікам і агароднікам да пана Грабоўскага. Вайна ўварвалася ў жыццё без папярэджання. Тым летам 1944 года ўсё і здарылася.
– Як цяпер памятаю кананаду апошняга ў нашых мясцінах боя на скрыжаванні дарог Шчучын – Дэмбрава, пачаў свой расказ мой суразмоўца. – Маці пачула стрэлы і папрасіла бацьку схадзіць у Дамуцеўцы. Там у нас жыў дзед – Карл Пшчалкоўскі. Тата згадзіўся пайсці ў вёску, і я з ім папрасіўся. Перад Дамуцеўцамі нас запыніў немец з аўтаматам, спытаў: куды ідзём і адкуль? Адказалі, што да дзеда. Немец не паверыў, думаў, што мы ад партызанаў вяртаемся, таму абмацаў нас з галавы да ног і абнюхаў, ці партызанскімі кастрамі не пахнем. Думалі, ўсё будзе добра, аднак адпускаць нас немец не спяшаўся, павёў на ўскраек вёскі, дзе было гумно. Не адразу зразумелі, куды нас вядуць… Здалёк адтуль даносіўся лямант і крык. Усю вёску немцы сагналі ў гумно, зачынілі дзверы і паставілі вартаваць аўтаматчыка. У гумне мы сустрэлі дзеда, татавага швагра, сваякоў, суседзяў, знаёмых. Цяжка перадаць словамі, што рабілася ў тым гумне: слёзы, малітвы, крыкі… Пасля людзі трошкі супакоіліся, сталі разглядаць фундамент і цудам зрушылі адзін з камянёў. Дзірка атрымалася зусім невялікая. Дарослыя папрасілі мяне паспрабаваць пралезці. Я, доўга не думаючы, юркнуў туды. Пралез, вылез з другога боку, затым вярнуўся назад. Мужчыны навучылі, куды паўзці і папрасілі перадаць нашым, што ў гумне людзі. Я ўважліва выслухаў усе парады і зноў юркнуў у лаз. Доўга поўз да жыта, затым па раўчаку прабіраўся ў бок лесу, адкуль савецкая армія вяла абстрэл. Там мяне затрымалі двое разведчыкаў. Я расказаў ім, што немцы людзей у гумне трымаюць. Мужчыны пахмурнелі, пабеглі да камандзіра, каб даў загад не страляць па ўскрайку вёскі.
У хуткім часе немцы адступілі. Я разам з нашымі салдатамі пайшоў да гумна. Добра памятаю, як мужчыны адчынялі цяжкія засовы…
Эдуард Уладзіміравіч замаўчаў. На вачах – заблішчалі слёзы, нібы зноў убачыў ён тых гаротных вяскоўцаў, якія цудам засталіся ў жывых.
Мужчына перавёў дух і прадоўжыў свой расказ.
– З гумна са слязамі на вачах выходзілі людзі, абнімалі адзін аднаго, дзякавалі салдатам Чырвонай Арміі за вызваленне. Я радаваўся, што і мае родныя засталіся жыць! Так страшна тады было, што нават успамінаць не хочацца… Хацелася хутчэй адысці ад таго гумна, і мы накіраваліся да дому. Дом быў цэлым, аднак унутры снарадам разбіла сцяну. На падлозе ляжаў малады немец, відаць, яго там і забіла. Мужчыны пахавалі яго за вёскай. Ён прыйшоў пакарыць нашу беларускую зямлю, аднак гэтаму не было наканавана здзейсніцца.
Мы яшчэ доўга размаўлялі з Эдуардам Уладзіміравічам Зяновічам. Ён успамінаў вайну, сваіх аднавяскоўцаў, расказваў пра тое, як цяжка было дзецям. Эдуард Уладзіміравіч час ад часу змахваў слязу, нібы саромеючыся за свае ўспаміны і за тое, што не мог плячо ў плячо ваяваць з дарослымі.
Памятаю, як у дзяцінстве трапіла ў рукі кніга “Ніколі не забудзем”. Я чытала і плакала, бо не верыла, што дзеці маглі перажыць такія пакуты і здзекі... Яны трывалі, як дарослыя, не хаваліся за іх плечы, а дапамагалі, як маглі. А колькі такіх дзяцей вайны жыве побач з намі? Чаму не існуе такога статуса? Няхай сабе яны і не ваявалі, аднак іх лёсы не менш дарослых апаленыя вайной.
Эдуард Уладзіміравіч Зяновіч ніколі не забудзе вайну, а мы, яго землякі, той смелы ўчынак маленькага чалавека дзеля вялікай Перамогі.
Ганна КАСПЕР.
Фота аўтара.