“Другі хлеб” аб’ядноўвае пакаленні: Свята бульбы адзначылі ў дзіцячым садку

У дзяржаўнай установе адукацыі “Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці аграгарадка Васілішкі” адбылося сапраўднае вяртанне да вытокаў – свята, прысвечанае адной з галоўных крыніц харчавання беларусаў, сімвалу працы і дабрабыту – бульбе.
Фальклорна-творчы праект “Свята бульбы” для выхаванцаў старэйшай групы перарос у шчырую, цёплую сустрэчу з беларускімі традыцыямі.
Як адзначае загадчык установы Ірэна Барысевіч, такія мерапрыемствы – гэта не проста забаўка для дзяцей: “Наша галоўная задача – з малых гадоў прывіваць дзецям павагу да роднай культуры, мовы і працы чалавека на зямлі. Бульба для Беларусі – гэта не проста гародніна, а гістарычная каштоўнасць. Праз гульню, песні і стварэнне адмысловай атмасферы мы даносім да дзяцей важную думку: трэба ведаць і шанаваць тое, што дае нам сілы і з’яўляецца асновай нашага жыцця”.

Падрыхтоўка да свята доўжылася цэлы тыдзень. У рамках пазнавальных заняткаў дзеці даведаліся пра вясковы ўклад жыцця, пра цяжкі, але годны працоўны шлях бульбіны ад пасадкі да стала. Выхавальнікі расказалі, якія стравы гатуюць з бульбы, і навочна паказалі, чаму яе з даўніх часоў завуць “другім хлебам”.
Само свята стала яркай кульмінацыяй гэтай працы. Музычная зала ператварылася ў цудоўны астравок беларускай культуры. Дзеці ў прыгожых беларускіх строях з захапленнем выконвалі народныя песні “Бульба” і “Ураджайны карагод”. Іх выступленне паказала, што беларуская мова і мелодыі блізкія і зразумелыя падрастаючаму пакаленню, калі падыходзіць да іх з душой.
“Мне вельмі спадабалася спяваць, – дзеліцца ўражаннямі выхаванка старэйшай групы Ганна. – А яшчэ мы гулялі ў гульню, дзе трэба было злавіць каларадскага жука. Гэта было так смешна!”

“У наш век глабалізацыі вельмі важна не страціць сваё аблічча, – лічыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Алена Ляпеша. – Праводзячы такое свята, мы паказваем дзецям, што нашы традыцыі – гэта не нешта састарэлае і нуднае, а жывое, яскравае і вельмі цікавае. Яны бачаць, што іх продкі жылі мудра, шануючы зямлю і яе дары. Гэта – аснова патрыятычнага выхавання”.
Свята бульбы ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці аграгарадка Васілішкі яшчэ раз даказала, што захаванне нацыянальнай культуры пачынаецца з малога. З простых рэчаў – з павагі да бульбіны, з гучання роднай песні, з вясёлых гульняў, якія аб’ядноўваюць. І менавіта так, праз эмоцыі і ўдзел, у дзяцей фарміруецца тое самае пачуццё, якое завецца лубоўю да Радзімы.
Аляксандра ВІЛЬКЕВІЧ, музычны кіраўнік.
Фота аўтара.
