На комплексе стала сваёй. Малады спецыяліст ААТ “Васілішкі” заатэхнік Дзіяна Курута расказала аб сваіх першых месяцах на працоўным месцы

 

Пачатак прафесійнага шляху маладога спецыяліста ААТ “Васілішкі” Дзіяны Курута звязаны з жывёлагадоўляй. Дзяўчына ўжо чатыры месяцы працуе заатэхнікам-селекцыянерам на малочнатаварным комплексе “Галавічполе” і за гэты час сваім старанным падыходам да справы зарэкамендавала сябе як добры спецыяліст. Маладую калегу хваляць старэйшыя работнікі комплексу. І самае цікавае, што пражыўшая ўсё жыццё ў горадзе Дзіяна добра ўпісалася ў калектыў і ўжо стала сваёй на комплексе.

 

Дзіяна родам з Гродна. Як прызнаецца дзяўчына, для сваёй сям’і яна ў нейкім сэнсе стала першапраходцам у сельскай гаспадарцы, бо ніхто да яе з гэтай сферай звязаны не быў.

 

– Звязаць жыццё з сельскай гаспадаркай вырашыла ў адзінаццатым класе, – расказвае Дзіяна Курута. – Паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Выбірала паміж рознымі спецыяльнасцямі, але ўрэшце вырашыла спыніцца на заатэхніі. Мяне прыцягнулі прыярытэты гэтай працы, а таксама патэнцыял кар’ернага росту.

 

 

У абавязкі Дзіяны ўваходзіць правядзенне падбору і адбору жывёлы для паляпшэння пародных паказчыкаў, што ў сваю чаргу павялічвае якасць прадукцыі і эфектыўнасць яе вытворчасці. Такая работа ўключае ў сябе правядзенне разнастайных даследаванняў і вядзенне падрабязнай дакументацыі. На сваёй пасадзе маладая дзяўчына кантралюе работу асемянатара і ветурача-гінеколага. Менавіта ад зладжанай працы іх звяна залежыць якасць пагалоўя на комплексе.

 

Для кожнага маладога спецыяліста, незалежна ад сферы дзейнасці, важна падтрымка ад дасведчаных настаўнікаў. І з гэтым у Дзіяны ўсё добра. Яе работу курыруюць галоўны заатэхнік, кіраўніцтва комплексу, а таксама іншыя калегі. Усе стараюцца дапамагчы засвоіцца на новым месцы.

 

 

– Я акружана добрым і дружным калектывам, – прызнаецца Дзіяна. – Мне тут не толькі камфортна працаваць, але нават утульна. З упэўненасцю магу сказаць, што тут створаны выдатныя ўмовы для развіцця маладога спецыяліста. Веды і навыкі, якія я атрымліваю тут, дапамагаюць расці ў прафесійным плане. Старэйшыя калегі стараюцца накіраваць, падказаць, галоўнае, што ніхто ніколі не пакіне ў бядзе. Я высока цаню свой калектыў за гэта. Да размеркавання, па шчырасці, крыху баялася, што буду ў гаспадарцы як маленькае птушаня, якому прыйдзецца разбірацца з мноствам складанасцяў на першым працоўным месцы. Але мне пашанцавала, бо трапіла ў выдатную гаспадарку, працую на добрым комплексе, таму я задаволена.

 

Па словах Дзіяны, выкладчыкі аграрнага ўніверсітэта высока ацэньваюць поспехі ААТ “Васілішкі”, таму гаспадарка сярод студэнтаў лічыцца адным з лепшых месцаў для паспяховага старту кар’еры.

 

 

– У мяне былі добрыя балы, і я магла сама выбраць месца для размеркавання. Адным з галоўных крытэрыяў для мяне была блізкасць да Гродна. Потым, вядома, старалася выбраць добрыя ўмовы працы. Васілішкі былі ў выпускнікоў “на слыху”. Нашы выкладчыкі расказвалі пра тэхналогіі, якія тут выкарыстоўваюцца, і ўвогуле высока ацэньвалі гаспадарку. Таму размеркавалася менавіта сюды і выбарам задаволена.

 

Зараз дзяўчына жыве ў Васілішках, гаспадарка выдзеліла ёй камфортны пакой у інтэрнаце. Арганізаваны транспарт да месца працы. Па выхадных Дзіяна ездзіць дамоў у Гродна. Як адзначае малады спецыяліст, галоўная мэта для яе зараз – развівацца ў прафесіі.

 

 

– Не буду хлусіць, спачатку хвалявалася, што мне можа не спадабацца праца на комплексе, – кажа Дзіяна Курута. – Многія баяцца, што тут цяжкая праца ў кепскіх умовах. Хаця на самой справе працаваць тут камфортна ды і заробак добры, мне падабаецца. Таму я на сваім уласным жыццёвым досведзе ўпэўнілася, што ў вёсцы і ў сельскай гаспадарцы можна мець добрую працу і камфортна жыць.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!