“Ні разу не пашкадавала, што выбрала творчую прафесію”. Напярэдадні Дня работнікаў культуры рэжысёр Ганна Собаль падзялілася думкамі пра свой шлях да самарэалізацыі, расказала аб тым, што застаецца “за кадрам”

 

27 год у любімай прафесіі і адной установе – раённым цэнтры культуры і народнай творчасці, чацвёра дзяцей, якія з маленства спазналі сцэну і сакрэты закулісся, заўсёдная гатоўнасць станчыць, саспяваць, пераапрануцца (а галоўнае – пераўвасобіцца!) у вясёлага клоўна ці абаяльнага Барбоскіна – словам, падарыць людзям свята! Усё гэта пра Ганну Собаль – рэжысёра аддзела па рабоце з дзецьмі і моладдзю Шчучынскага РЦКіНТ. 

 

– Дарэчы, наш аддзел узначальвае мая дачка – Віталіна Панімаш, з якой мы ў чымсьці аднадумцы, у чымсьці апаненты, калі спрачаемся падчас творчага працэсу, але ў рэшце рэшт заўсёды робім выбар на карысць самага крэатыўнага варыянта, – расказвае Ганна Баляславаўна і шчыра прызнаецца, што першапачаткова хацела бачыць сваю Віталінку ў больш “прыземленай” і, чаго граху таіць, грашавітай прафесіі, чым работнік культуры, але настойлівае імкненне дачкі пайсці па мацярынскіх слядах узяло верх. Дзяўчына паспяхова працуе ды завочна вучыцца ў сталічным універсітэце культуры.

 

– Насамрэч я ганаруся дачкой і лічу яе прафесіяналам, – кажа мая суразмоўца. – Каштоўна тое, што ва ўніверсітэце яна навучаецца і менеджменту, і дзейнасці ўпраўленца. Сёння работніку культуры важна ісці ў нагу з часам, адчуваць запатрабаванні грамадства, быць мабільным і сучасным, каб зацікавіць сваім творчым прадуктам і ў Цік-ток, і ў Інстаграм. З гэтым Віталіна цудоўна спраўляецца…

 

Варта адзначыць, што і сама Ганна Баляславаўна чалавек мабільны і лёгкі на пад’ём ва ўсіх адносінах. На работу шторанак імчыць на электрасамакаце, кожны тыдзень сустракаецца з моладдзю ў той ці іншай гарадской школе, з задавальненнем можа правесці майстар-клас у дзіцячым садку, збірае хлопчыкаў і дзяўчынак на рэпетыцыі ў РЦКіНТ, каб юныя артысты ўпэўнена адчувалі сябе на  галоўнай сцэне раёна падчас чарговага мерапрыемства. Яно ж зразумела, у любога свята – ці то маштабнага фестывалю, ці то вясёлага ранішніка для маленькіх – ёсць рэжысёр, чалавек, які часцей за ўсё застаецца за кадрам. Але менавіта ён у адказе, каб усё дзейства на сцэне ішло гладка і адладжана: інтрыгаваў пачатак, трымала ў эмацыянальным напружанні развіццё сюжэту, здзіўляў сваёй нечаканасцю яркі фінал.

 

– Асабліва вялікая праца стаіць за конкурсамі накшталт “Папялушка” або “Міс Шчучыншчына”, – дзеліцца Ганна Баляславаўна. – Як харэограф па дыпломе, я вучу дзяўчат прыгожа рухацца, танцаваць, грацыёзна насіць убранні, паглыбляцца ў сцэнічны вобраз. Нямногія ведаюць, колькі ўсё гэта патрабуе часу, сіл і творчай энергіі. Я нават ніводзін са сваіх дэкрэтных водпускаў цалкам не правяла дома: месяц-другі і выходзіла на работу – хоць на паўстаўкі, бо трэба было рыхтаваць конкурсную праграму і саміх канкурсантак. Але пры гэтым мае дзеці ніколі не былі пазбаўлены ўвагі і мацярынскай пяшчоты, раслі і растуць творчымі людзьмі. Пра дачку ўжо расказала. А старэйшы з сыноў – Даніла – служыць у пагранічных войсках, Ягор вучыцца ў каледжы, а трэцякласнік Арцём – у гімназіі. Лічу, што сцэна навучыла іх быць больш упэўненымі ў сабе. Дый увогуле літаральна па ўсіх выхаванцах бачу, як дзякуючы нашай сумеснай творчай рабоце рабяты мяняюцца на вачах, развіваюцца. Яшчэ ўчора былі заціснутымі, саромеліся, размаўлялі ціхенька і невыразна… А праз пэўны час іх бацькі, бабулі, настаўнікі і аднакласнікі, седзячы ў зале цэнтра культуры, дзіву даюцца, адкуль узяліся гэткія смеласць ды артыстычнасць? І радасць у бацькоў за сваё дзіця неймаверная, і гонар! Вельмі прыемна такое назіраць.

 

Адзін з прыярытэтных напрамкаў у рабоце з моладдзю для Ганны Собаль – патрыятычнае выхаванне, імкненне закласці ў юныя сэрцы любоў да сваёй Радзімы, веды пра родны горад, яго славутасці і гісторыю.

 

– У гэтым здорава дапамагаюць інтэлектуальныя гульні, флэшмобы, квэсты, усялякага роду акцыі. Вельмі цеснае супрацоўніцтва ў нас наладжана з БРСМ, – Ганна Баляславаўна расказвае, як дзякуючы такім гульням юныя шчучынцы даведваюцца, да прыкладу, у гонар якой даты ў нас названа вуліца 12 ліпеня. – Я жыву на гэтай вуліцы і бачу: не ўсе нават дарослыя шчучынцы ў курсе, што менавіта ў гэты дзень у 1944 годзе быў вызвалены наш горад ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Лічу сваім прафесійным абавязкам данесці падобныя веды і многае іншае да нашых дзяцей, каб гістарычная памяць была саткана з такіх вось канкрэтных і “блізкіх” фактаў.

 

Багаты прафесійны вопыт Ганна Собаль перадае маладым спецыялістам. Высока ацэньвае творчыя здольнасці сваёй калегі Лізы Лёліс, якая ўжо другі год працуе ў Шчучынскім цэнтры культуры, вядзе гурток эстрадных спеваў і зацікаўлена ўдзельнічае ў многіх творчых праектах.

 

– Добра праяўляюць сябе нашы маладыя спецыялісты Дзіяна Сушко, Артур Бялоцкі. Будзе каму перадаць прафесійную эстафету, – усміхаецца Ганна. – Увогуле мы з калегамі працуем у адной дружнай камандзе, падтрымліваючы ідэі адзін аднаго. Поспех таго ці іншага мерапрыемства залежыць і ад гукарэжысёра Яўгена Івашкі, і ад сцэнічных касцюмаў, якія ўмела падбірае Алена Фомка, і ад дызайнерскага таленту Таццяны Сосна. Вельмі часта дапамагаюць паспяхова рэалізаваць творчую задумку нашы “залатыя галасы” – Яўген Майсей, Анастасія Тарас, Валянціна Маркевіч, Алёна Касатава, Дзмітрый Паварго. І як жа прыемна, калі ў фінале мерапрыемства ўся зала, нібы па камандзе ўласных сэрцаў, устае, горача апладзіруе. Гэта самыя цудоўныя моманты ў жыцці работніка культуры. Ты яскрава адчуваеш, што працаваў не дарэмна.

 

Як прызналася Ганна Собаль, ёй заўжды ў радасць, калі дзеці падходзяць да яе на вуліцах горада з рэплікамі накшталт: “А мы Вас пазналі! Вы прыязджалі да нас у лагер у ролі клоўна!” Увогуле жанчына як нельга лепш умее знаходзіць агульную мову з хлопчыкамі і дзяўчынкамі: яны ёй давяраюць, раскрываюцца як асобы, самі прапаноўваюць, якое з мерапрыемстваў іх найбольш зацікавіць.

 

І яшчэ ёсць у Ганны Баляславаўны любімы напрамак дзейнасці. Гэта клуб “Здаровае жыццё”, заняткі якога яна вядзе ўжо каля двух дзясяткаў год .

 

– Скажу шчыра, гэта хоць і работа, але падчас такіх сустрэч я проста адпачываю душой. Мы займаемся дыхальнай гімнастыкай, аэробікай, дзелімся азамі здаровага ладу жыцця, іншы раз уключаем у праграму сапраўдныя “чайныя цырымоніі”. Але самае галоўнае, што мы нібы парадніліся ўжо – аднадумцы, сябры, энтузіясты! Уяўляеце, колькі ў Шчучыне зараз адкрылася трэнажорных залаў, спартыўных пляцовак, але наша фарміраванне ў РЦКіНТ па ранейшаму запатрабавана, бо ў ім жыве душа, -- па праве лічыць кіраўніца клуба “Здаровае жыццё”.

 

Мабыць, стаўленне менавіта з душой да сваёй работы, пастаянны творчы пошук, жаданне падарыць людзям радасць і ёсць складальнікі прафесійнага поспеху рэжысёра Ганны Собаль.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.


 

Шчучынскі райвыканкам і прэзідыум раённага Савета дэпутатаў віншуюць усіх работнікаў культуры і паважаных ветэранаў з прафесійным святам. Дазвольце выказаць вам словы падзякі за вашу творчую працу, ваш талент і ўменне дарыць людзям святы, зберагаць і развіваць лепшыя народныя абрады і традыцыі, прымнажаць нашу культурную спадчыну. Шчасця і здароўя вам і вашым блізкім, мірнага неба, дабрабыту, новых крэатыўных ідэй і праектаў!

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!