Сёння – дзень работнікаў культуры. Намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры і народнай творчасці расказала пра асаблівасці сваёй прафесіі

 

Адданыя свайму прызванню, гледачу і слухачу. Менавіта так можна характарызаваць работнікаў сферы культуры Шчучынскага раёна. У гэтай прафесіі часта прыходзіцца ахвяраваць асабістым часам, аддаваць усе сілы на сцэне, але калі людзі пакідаюць мерапрыемства з усмешкай на твары, то гэта таго каштуе – лічыць намеснік дырэктара раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Настасся Тарас.

 

Здаецца, зусім нядаўна дзяўчына прыехала па размеркаванні працаваць у наш раён, але ўжо з’яўляецца важным чалавекам у культурным жыцці. Настасся нарадзілася на Шчучыншчыне, у Ракавічах. Як адзначае дзяўчына, сёння гэта маленькая вёсачка, але тады, у дзяцінстве, яна здавалася агромністай. Хутка сям’я пераехала ў раённы цэнтр. Настасся вучылася ў СШ № 2, яе любімым прадметам была гісторыя. Паралельна дзяўчына займалася творчасцю, вучылася вакалу ў Палацы творчасці дзяцей і моладзі. Але найбольш на яе культурны светапогляд паўплывала Шчучынская дзіцячая школа мастацтваў і ігра на цымбалах.

 

– Мне падабалася творчая атмасфера ў музычнай школе, там было шмат дзяцей, новых знаёмстваў. У той час адна мая сяброўка добра грала на фартэпіяна, я думала таксама асвоіць яго. Але калі пачула, як гучаць цымбалы, была зачаравана гэтай цудоўнай мелодыяй, таму вырашыла аддаць перавагу менавіта гэтаму інструменту.

 

Можна сказаць, што любоў да музыкі, у прыватнасці да цымбалаў, і прывяла Настассю ў свет культуры і мастацтва. Пасля дзявятага класа дзяўчына паступіла ў Гродзенскі каледж  мастацтваў на выкладчыка вакалу.

 

– Па сутнасці, гэта адбылося выпадкова, нават спантанна. У студзені я нават не думала пра каледж, а ў сакавіку ўжо мела цвёрды намер паступіць туды. У маёй сям’і ўсе працуюць у сферы будаўніцтва, але бабуля па мамінай лініі ў свой час добра спявала. Магчыма, мне нешта перадалося ад яе.

 

Пасля каледжа Настасся вярнулася на малую радзіму. Дзяўчына размеркавалася ў Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці на пасаду вядучага метадыста. Пасля чатырох гадоў сумленнай працы ёй прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па культурна-масавай рабоце.

 

 

– У культуры немагчыма займацца чымсьці адным, – разважае Настасся. – Сёння ты кабінетны работнік, заўтра – выступаеш на сцэне. Мне гэта падабаецца тым, што кожны тыдзень дорыць нешта новае. Увогуле, работнік сферы культуры – гэта ўніверсальны баец.

 

З Настассяй цяжка не пагадзіцца, універсальнасць – адна з найважнейшых якасцяў яе прафесіі. Дзяўчына піша сцэнарыі, вядзе мерапрыемствы, спявае, танчыць. Акрамя таго, займаецца дакументацыяй і справаздачамі, а ў вольны час выкладае вакал у дзіцячым гуртку. Майстар на ўсе рукі.

 

Нягледзячы на вялікі досвед выступленняў, Настасся Тарас адзначае, што перад кожным выхадам на сцэну хвалюецца – нібы робіць гэта першы раз:

 

– І з кожным разам хваляванняў усё больш і больш. Але калі выходжу да гледачоў, то дарогі назад ужо няма, страх адпускае мяне, і я атрымліваю асалоду ад знаходжання на сцэне. Магчыма, перажыванні звязаны з тым, што ў кожным выступленні ты чакаеш ад сябе чагосьці большага ў плане артыстызму. Я лічу, што заўсёды трэба паляпшаць сваё майстэрства і імкнуцца да творчага ідэалу.

 

 

Настасся высока ацэньвае культурны патэнцыял нашага раёна. Сёлета дзяўчына наведала рэспубліканскі семінар у Оршы, па выніках якога адзначыла для сябе, што культурная сфера Шчучыншчыны ні ў чым не саступае нават такім вялікім і развітым раёнам, як Аршанскі:

 

– Канечне, там вялікі горад, у іх больш калектываў, лепшая матэрыяльна-тэхнічная база. Але мы бярэм працавітасцю і адданасцю. Для многіх з нас культура стала ладам жыцця, той аддушынай, без якой ужо не ўяўляеш сябе. Таму вельмі хачу звярнуцца да дарагіх мне калег са Шчучыншчыны. Я віншую вас з гэтым цудоўным нашым прафесійным святам. Ведайце, што вы самыя лепшыя. Я хачу, каб гэта свята зрабіла ваш настрой добрым не толькі ў гэты дзень, але і ў кожны наступны.

 

Алег ШЫШЛОЎСКІ.


 

Шчучынскі райвыканкам і прэзідыум раённага Савета дэпутатаў віншуюць прадстаўнікоў самай творчай прафесіі і паважаных ветэранаў з прафесійным святам – Днём работнікаў культуры. Мы шчыра ўдзячны вам за вашы таленты, крылатыя ідэі і ўменне іх ажыццяўляць, за здольнасць запаліць іскрынку ў кожным сэрцы. Шчасця і дабрабыту вам і вашым сем’ям, поспехаў і новых дасягненняў у прафесійнай сферы.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!