Раённы фестываль патрыятычнай песні “Мінулае ў сучасным. Перамозе – 75” вызначыў пераможцаў

У Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь на сцэне РЦКіНТ разгарнуўся раённы фестываль патрыятычнай песні “Мінулае ў сучасным. Перамозе – 75!”

 

Каля 30 яго ўдзельнікаў з’ехаліся з усіх куточкаў Шчучыншчыны, каб прадэманстраваць не толькі сваё спеўнае майстэрства, але яшчэ раз сэрцам дакрануцца да слаўнай гісторыі нашага народа, у песенных баладах расказаць, што перажылі і што адчувалі іх равеснікі, абараняючы Радзіму падчас Вялікай Айчыннай вайны, як маладое пакаленне (а конкурс праходзіў пад эгідай РК БРСМ) працягвае гераічныя традыцыі сёння.

 

 

Назвы абраных канкурсантамі кампазіцый красамоўна гавораць самі за сябе: “Я люблю Беларусь”, “Твой дом”, “Маленькая радзіма”, як і песні “Салдаты”, “Вальс франтавой сястры”, “Письмо, пришедшее с войны” або незабыўна-кранаючы шэдэўр Булата Акуджавы “До свидания, мальчики”. Гэтыя і іншыя творы выканаўцы ператварылі ў маленькія спектаклі, напоўненыя падзеямі, трывогай за лёс герояў, шчырымі пачуццямі. Уражанні ўзмацняла тое, што ў гэты час на экране дэманстраваліся дакументальныя кадры ваенных падзей, і глядач цалкам пагружаўся ў атмасферу перажытага нашым народам падчас векапомных дзён.

 

 

Сярод канкурсантаў – школьнікі і навучэнцы ліцэя, выхаванцы Палаца творчасці дзяцей і моладзі, працуючыя юнакі і дзяўчаты. У чарговы раз было прыемна ўсведамляць, наколькі багаты наш край талентамі, якіх патрыётаў узрасціла наша старонка!

 

 

 – Фестываль “Мінулае ў сучасным. Перамозе –75!” вызначаецца высокім арганізацыйным узроўнем, добрай падрыхтоўкай удзельнікаў, за што асобы дзякуй іх мастацкім кіраўнікам, – падкрэсліла старшыня журы, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Таццяна Васільеўна Ганчарук. Яна павіншавала ўсіх прысутных у зале са святам і датай, да якой усе мы рыхтуемся.

 

 

І вось наступае самы інтрыгуючы момант фестывалю: гучаць імёны яго пераможцаў. Сярод вакальных груп, трыа і дуэтаў лепшым прызнаны гурт “Блэк энд уайт” аб’яднання па інтарэсах “Акорд” з песней “Літвіны”. А першае месца сярод юных вакалістаў заняла Анастасія Жагунь з неверагодна мілагучнай кампазіцыяй “Рэха жураўлінае”. Анастасія Голец, якая надзвычай душэўна і артыстычна выканала “Баладу аб маці”, выйшла пераможцай у намінацыі самадзейных выканаўцаў “Саліст-вакаліст ад 19 да 31 года”. Юлія Ганчарук пакарыла сэрцы журы кампазіцыяй “Жураўлі” ў саперніцтве з прафесійнымі вакалістамі.

 

 

Пры гэтым Гран-пры фестывалю атрымаў квінтэт “Апрель” аднайменнай узорнай студыі ПТДіМ, а прыз сімпатый гледачоў дастаўся абаяльнай Марыі Варонік. Спецыяльнага прыза БРСМ удастоілася вакалістка з прыгожым голасам Паліна Бекіш. Прызы і ганаровыя граматы пераможцам, а да іх ліку адносяцца і тыя, хто заняў не толькі першае, але другое ды трэцяе конкурсныя месцы, уручыла намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Жана Іванаўна Мецько.

 

 

 – Мне было прыемна ўдзельнічаць у гэтым мерапрыемстве, – падзялілася сваімі ўражаннямі юрысконсульт Шчучынскага філіяла ААТ “Молочный Мир” Анастасія Голец. – Даўно захапляюся музыкай, у свой рэпертуар уключаю толькі тое, што сапраўды падабаецца, а “Балада пра маці” на словы Андрэя Дзяменцьева і музыку Яўгена Мартынава проста перавярнула душу. Вельмі патрэбны падобныя фестывалі, дзякуючы якім мы ўспамінаем такія цудоўныя песні, задумваемся аб жыцці, выхоўваем пачуццё патрыятызму.

 

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.

Фота аўтара.

 
Подписывайтесь на нас в Telegram и Viber!